Ніва № 23 (2456), 8 чэрвеня 2003 г.

Наступ на незалежныя СМІ

У Беларусі працягваецца праследаванне назалежных сродкаў масавай інфармацыі. Апошнім часам гэтая бяда спасцігла „Белорусскую деловую газету” — незалежнае выданне заснаванае ў 1992 г. У канцы мая Міністэрства інфармацыі, на падставе рэкамендацыі Генеральнай пракуратуры, прыпыніла на тры месяцы выхад самой газеты і штомесячнага дадатку „БДГ. Для служебного пользования”, спасылаючыся на парушэнне Закону аб друку. За апублікаванне апальных артыкулаў рэдакцыя атрымала тры папярэджанні, чаго дастаткова для прыняцця такой меры.

Першае папярэджанне было вынесенае за артыкул „Барский имидж” (18.04.2003 г.), у якім было апублікавана бліц-апытанне на тэму „ці мае права Аляксандр Лукашэнка адвольна распараджацца самалётам кіраўніка краіны?” Гэтае пытанне выклікала інтэрв’ю міс Расіі Святланы Каралёвай у расійскай газеце „Мегаполис-экспресс”, у якім яна распавяла пра сваё знаёмства з Аляксандрам Лукашэнкам. Прыгажуня Расіі наведала Беларусь і прызналася, што Аляксандр Лукашэнка не адпусціў яе дадому на цягніку, толькі адправіў на прэзідэнцкім самалёце. У артыкуле прадстаўлены былі асабістыя меркаванні рэспандэнтаў. Міністэрства інфармацыі палічыла, што публікацыя ўводзіць чытачоў у зман і ганьбуе гонар і годнасць прэзідэнта. Другое папярэджанне „БДГ” атрымала за рэпартаж „Где леоновские миллионы?” (29.04.2003 г.) з адкрытага судовага пасяджэння па справе дырэктара Мінскага трактарнага завода Міхаіла Лявонава. І хаця аўтар рэпартажу мае афіцыйную акрэдытацыю пры Вярхоўным судзе, Міністэрства інфармацыі абвінаваціла яго ў апублікаванні матэрыялаў крымінальнай справы без згоды суда. Трэцяй апальнай публікацыяй аказаўся матэрыял „Магический кристалл” у дадатку БДГ аб фінале спіртавога скандалу, які закончыўся пазбаўленнем волі кіраўніка прадпрыемства „Белхарчпрам” Віктара Казекі і яго сына Андрэя. Міністэрства лічыць, што ў публікацыі распаўсюджваюцца неверагодныя весткі, але не называе ніводнай з іх.

Міністр інфармацыі паведаміў, што ад пачатку года яго ведамства вынесла газетам 28 папярэджанняў (між іншым атрымалі іх „Народная воля” і „Вячэрні Столін”), а месяц таму прыпыніла на тры месяцы выхад „паскуднай” газеты „Навінкі”. Больш складаная справа ў міністра з тэлеканаламі і радыёстанцыямі, асабліва з прамым эфірам, таму пры навелізацыі закона аб СМІ разглядаецца пытанне як вырашыць гэтыя складанасці.

Змаганне беларускіх улад са свабодай слова мае шматгадовую традыцыю. Пачалося яно ў 1994 г. з выхаду шэрагу газет з белымі плямамі, калі недазволена было надрукаваць даклад дэпутата Сяргея Антончыка аб карупцыі. Два гады пазней закрыта была незалежная радыёстанцыя „Радыё 101,2”. У сакавіку 1997 г. карэспандэнт расійскага тэлеканала НТВ Аляксандр Ступнікаў быў пазбаўлены акрэдытацыі і высланы з Беларусі. У ліпені гэтага ж года акрэдытацыю страціў карэспандэнт ОРТ Павел Шарамет, а супраць яго ўзбуджана была справа за незаконнае перасячэнне мяжы. У 1997 г. закрыта была газета „Свабода”, у 1999 г. — „Навіны”, а ў 2001 г. — „Пагоня”. Рэдактар і журналіст астатняй газеты былі асуджаны і пазбаўлены волі. Год таму закрыта была газета „Рабочы”, а яе рэдактар „за паклёп на прэзідэнта” атрымаў турэмны тэрмін.

Становішча незалежных СМІ ў Беларусі выклікала таксама занепакоенасць расійскіх „Известий”, якіх мінскі ўласны карэспандэнт таксама падвяргаецца ганенням за пазіцыю газеты. Афіцыйны Мінск здаецца не заўважаць, што такія адносіны да СМІ ў прыстойным грамадстве немагчымыя. На гэта звярнуў увагу старшыня камітэта АБСЕ па свабодзе прэсы Фрэймут Дуве ў звароце да міністра замежных спраў Сяргея Мартынава. Паводле яго, афіцыйныя асобы, у тым ліку прэзідэнт, не павінны карыстацца ніякай дадатковай абаронай ад крытыкі ў іх адрас. Наадварот, ім трэба быць больш цярплівымі да крытычных заўваг СМІ, чым звычайным грамадзянам. У пісьме прыпамінаецца, што Беларусь падпісала ўсе пагадненні АБСЕ па свабодзе прэсы.

(вл)