Ніва № 22 (2455), 1 чэрвеня 2003 г.

Еўрасаюзны конь

Мацей ХАЛАДОЎСКІ

У апошні час меў я нагоду кантактавацца і размаўляць даўжэй чым заўсёды з польскімі палітыкамі г.зв. „першага гарнітуру”. Вядома, не ўдалося пазбегнуць пытанняў еўрасаюзнага рэферэндуму і ўваходу Польшчы ў ЕС. Так супала, што і рэферэндумная кампанія набрала маху. Пачала непасрэдна даходзіць да жыхароў Беластока і Падляшскага ваяводства не толькі ў час пленэрных фэстаў, але і шляхам платных рэкламных перадач па радыё і тэлебачанні. На жаль, засталося ўва мне ўражанне, што агулам 70 партый, таварыстваў і фондаў выкарыстоўвае дадзены ім час дзеля прапагандавання ўласных арганізацый і паасобных сваіх членаў. Раптам, на мой прынамсі здзіў, з’явіліся згуртаванні і людзі, у асноўным праеўрапейскія, занудлівыя, якія апроч агульных поглядаў не маюць чаго сказаць. У першыя дні кампаніі найцікавейшы матэрыял падрыхтавалі нейкія еўраскептыкі (тэндэнцыйна не скажу, хто яны). Падстаўленыя суразмоўцы адказвалі на пытанне, чаму яны за ўваход нашай краіны ў ЕС. У адказах, па словах Лешка Мілера, ашчадна гаспадарылі праўдай, аднак былі надта ж забаўныя. Такія, вось, прагучалі аргументы: „Я за Еўрасаюз, бо я беспрацоўны і нічога мне не хочацца рабіць”, „бо выбраў я лепшае былое”, а адзін таўсцячок дадаў: „Бо гэта найлепшы спосаб пахудзець”. Умела бясплатны час выкарысталі некаторыя партыі, сярод іх Права і Справядлівасць, выказваючыся за ЕС і моцнай у ім Польшчай. Праціснулі ў рэкламцы пры нагодзе некалькі іншых поглядаў гэтай апазіцыйнай да ўрада групоўкі, якая з цяжкасцю прабіваецца ў Сейме. Як кажуць палякі, ігра вартая свечкі. Урэшце ж, выбары ў Сенат і Сейм неўзабаве, можа нават і восенню, хоць, найбольш праўдападобна, што вясной наступнага года. Агульна, аднак, у большасці пераконваючыя галасаваць „за” і „супраць” — малацікавыя.

З расчараваннем вяртаўся я адной суботы з праеўрапейскага пікніка, галоўным арганізатарам якога была перад палацам Браніцкіх у Беластоку Падляшская ваяводская ўправа. Праўда, выступалі папулярныя сярод моладзі гурты. Аднак, уся рэшта, асабліва тая, што асацыюецца са словам пікнік, не спраўдзілася. На шматлікіх плакатах, развешаных да мерапрыемства ва ўсім горадзе, прадбачвалася прэзентацыя (і спажыванне) страў еўрапейскай кухні. На жаль. Гадзіну пасля пачатку пікніка можна было пачаставацца крупнёкам, звычайнай каўбаскай, шашлыком і гарохавым супам. Прычым цэны маглі б канкурыраваць з еўрапейскімі. Малая порцыя (у 10 см.) кашанкі, два невялікія квашаныя агурочкі і дзве скібачкі хлеба каштавалі 7,59 зл., значыць, каля 2 еўра. Атракцыёнам было апетытнае печыва, якое прадавалі працаўнікі пякарні ў Кермусах пад Тыкоцінам. Хоць смачна выглядаў гэты добра выпечаны хлеб з цыбуляй і травамі, але больш асацыяваўся ён з традыцыяй далёка нееўрасаюзнай краіны, яго цана адпалохвала (3 і 5 зл.). Усё ж, быў гэта атракцыён, якога штодзень не знойдзеш у Беластоку. Таксама экзатычны, хоць сапраўды цікавы, быў фінскі дзень у падляшскай сталіцы. Невядома толькі чаму выбрана была якраз Фінляндыя для прапагандавання ўсяго Еўрасаюза.

Вернемся да вялікае палітыкі. Шанцы ў ЕС будуць мець маладыя людзі, дарэчы, яны ў большасці былі публікай мерапрыемства ля палаца Браніцкіх. Гавораць аб гэтым адным голасам еўраэнтузіясты ў рэкламках у тэлебачанні. І, несумненна, гэта праўда. Аднак, што будзе ад паловы будучага года, асабліва ў першыя гады пасля ўваходу ў ЕС, з сярэднім і старэйшым пакаленнем. Адзін вельмі ўплывовы палітык, у прыватнай размове сказаў мне адкрыта:

— Скарыстаюць маладыя людзі, старэйшаму пакаленню трэба будзе пагадзіцца. Але ж кожны хоча, каб ягоным дзецям жылося лепш.

Пасля прызнаўся ён, што намерваецца пасля ўваходу Польшчы ў Еўрасаюз адысці з палітыкі.

— Потым кіруючыя Польшчай будуць толькі адміністраваць дзяржавай.

І так сабе я пасля яго прызнання падумаў. Ну, добра, калі ён адыдзе, і тое ж зробіць большасць дасведчаных, разумных і вялікага класа палітыкаў, якая ўлада выдзяўбецца нам у гэтай еўрасаюзнай Польшчы? Можа, за адну з найважнейшых галін — гаспадарку, будзе адказваць дэпутатка ад „Самаабароны” Рэната Бэгер? Калі так, дык хто дасць гарантыю, што яна і яе палітычнае заплечча не спрабуюць пераесці еўрасаюзную дапамогу, быццам конь авёс, калі цытаваць іншае, найбольш інтымнае прызнанне тае дэпутаткі. Ды няма чаго апасацца! Еўрасаюзная сістэма кантролю спрацуе. Карацей: у Еўрасаюзе, які той конь ёсць, кожная еўрасаюзная краіна бачыць.