Ніва № 22 (2455), 1 чэрвеня 2003 г.

Дом без фундамента

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Мінула акурат восем гадоў з часоў першага агульнабеларускага рэферэндуму, вынікам якога стала не проста вяртанне крыху змененых старых камуністычных сімвалаў краіны і страта беларускай мовай пазіцыі адзінай дзяржаўнай. Як паказвае ход далейшых падзей, рэферэндум 14 мая 1995 года стаў пачаткам змены палітычнага курсу Беларусі. І сёлета такі курс прыдбаў новы, да смешнага супярэчлівы чыннік.

Першыя гады існавання незалежнай Беларусі былі характэрныя паўнейшай дэзарыентаванасцю як насельніцтва, так і ўлад да перспектыў далейшага развіцця краіны. У многім згуляла тут не надта добрую ролю сама нечаканая незалежнасць, якая стала вынікам не змагання, а палітычных падзей вакол беларускай рэспублікі. Камуністычная ідэалогія ўжо доўгія гады была не тое, што ненавідзімай, а па-просту мала каму цікавай, з чаго мала кім падтрымліваемай. Нацыянальна-патрыятычны ўздым канца 80-х — пачатку 90-х пайшоў на спад з-за неразумення каштоўнасцей нацыянальна-дзяржаўнай самастойнасці Беларусі большасцю яе насельніцтва. Прага па ранейшых, можа дрэнных, але зразумелых парадках і танных таварах выводзіла формулу „Навошта мне ваша беларуская мова, калі няма чым напоўніць страўнік?!” А ківанне на разарваныя эканамічныя сувязі з былымі савецкімі рэспублікамі стала асноўным тлумачэннем усіх бед грамадзян незалежнай Беларусі.

Менавіта ў такіх умовах і стала магчымым правядзенне рэферэндуму, які меў на мэце дэманстрацыю нядаўна абранага прэзідэнта вярнуць усё „добрае”, што было ў беларускага грамадства яшчэ 10 гадоў таму. А да таго ж ідэйна разграміць ужо слабеючы, але ж яшчэ маючы даволі сур’ёзную падтрымку ў часткі людзей Беларускі народны фронт, які быў асноўным носьбітам ідэі беларускай дзяржаўнасці і незалежнасці. З пазіцый сённяшняга дня можна прызнаць, што А. Лукашэнку і ягонаму атачэнню гэта ўдалося. Нягледзячы на неблагі для БНФ вынік на прэзідэнцкіх выбарах 1994 года — Зянон Пазьняк заняў трэцяе месца, маючы патрымку каля 17% галасаваўшых — у 1995 годзе ў беларускі парламент не трапіў ніводзін прадстаўнік Фронту.

Прэзідэнцкая ўлада перамагла тых, каго называла „нацыянал-радыкаламі” ідэйна, выкарыстаўшы настальгію людзей па нядаўнім мінулым. Звяржэнне гістарычнай сімволікі, рэзкае звужэнне выкарыстання беларускай мовы, абяцанне хуткага як эканамічнага, так і палітычнага аб’яднання з Расіяй мусіла мець свой лагічны працяг, вынікам якога павіна было стаць узнясенне галоўнага ініцыятара рэферэндуму А. Лукашэнкі туды, куды заўсёды імкнуўся беларускі савецкі партыйны чыноўнік — у Маскву. Але ў даным выпадку не ў якасці запрошанага на працу простага наменклатуршчыка, а ў ролі галоўнага інтэгратара і аб’яднальніка „абноўленага” саюза. Наступны рэферэндум 1996 года стаў палітычным умацаваннем пазіцый беларускага прэзідэнта, які пазбавіў сябе якой-кольвек супрацьвагі.

Аднак час размеркаваў па-іншаму. На змену палітычна здрахнеламу Ельцыну ўладу ў Крамлі займеў малады, энергічны і незакамплексаваны кампартыйнымі традыцыямі Пуцін, КДБісцкае мінулае якога, па ўсёй верагоднасці, дазваляе яму бачыць прычыны інтэгратарскіх памкненняў амбіцыйнага беларускага лідэра — колішняга дырэктара саўгаса.

Новыя рэаліі расійска-беларускіх дачыненняў найяскравей праявіліся летась. А сёлета беларускае грамадства пачула з вуснаў свайго прэзідэнта панегірыкі беларускай незалежнасці, якую варта мацаваць ідэйна.

Ідэалогія „дзяржаўнага патрыятызма” выспела ў галовах прадстаўнікоў выканаўчай улады і адцясніла на другі план „славянскае братэрства”. Праўда, у ёй не знаходзіцца месца бел-чырвона-беламу сцягу і „Пагоні”, аб прыярытэтэце развіцця беларускай мовы таксама не кажацца. Адкінуўшы шматвекавыя здабыткі продкаў, цяперашняе кіраўніцтва Беларусі са сваёй ідэалогіяй аказалася ў ролі будаўнікоў, што будуюць дом без фундамента. Магчыма, у такой працы маецца пэўны сэнс — з аднаго боку ёсць імітацыя актыўных намаганняў, а з другога — пры неабходнасці такую пабудову можна лёгка разабраць. Але сапраўдным падмуркам беларускай незалежнасці могуць стаць толькі пранесеныя праз стагоддзі гістарычныя сімвалы і ўсё, што з імі звязана. Пакуль, на жаль, гэтага не разумеюць, а можа не хочуць разумець „будаўнікі”. І таму зараз з’яўленне на вуліцы з нацыянальнай „незарэгістраванай” сімволікай нясе для чалавека небяспеку судовага пакарання.