Ніва № 22 (2455), 1 чэрвеня 2003 г.

Візавы рэжым не за гарамі

Да ўвядзення візавага рэжыму засталося ўсяго месяц часу, але адпаведныя міжурадавыя пагадненні Польшчы з краінамі-суседкамі — Беларуссю, Украінай і Расіяй яшчэ не заключаны. Усё вядуцца дыпламатычныя кансультацыі, а зацікаўленыя бакі абяцаюць прыняць усе меры для падпісання пагадненняў аб узаемных паездках грамадзян у найкарацейшы тэрмін — у канцы мая або на пачатку чэрвеня — з тым, каб да 1 ліпеня г.г. яны ўступілі ў сілу.

Польска-беларускія кансультацыі адбыліся ў Варшаве 12-13 мая г.г. У іх ходзе практычна ўзгоднены ўсе палажэнні будучага пагаднення. У прыватнасці, дасягнута дамоўленасць аб захаванні бязвізавага рэжыму паездак членаў экіпажаў марскіх і паветраных суднаў, а таксама для грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія перамяшчаюцца транзітам у дзяржавы-ўдзельніцы Шэнгенскага пагаднення, Славакію, Чэхію, Вялікабрытанію, Ірландыю, Венгрыю.

Да гэтай пары беларуская звычайная віза каштуе 50, тэрміновая — 100 плюс 5 дол. банкаўскай аплаты, а транзітная — 70 дол. Польскі бок прапанаваў, каб візы для грамадзян абедзвюх краін каштавалі як найменш: аднакратныя — некалькі, а гадавая шматкратная — 20-30 еўра. Аднак беларускі бок аддаў перавагу не выгадзе падарожных, а прыбытку, і ў праекце пагаднення запісана цану аднакратнай візы ў памеры 10 еўра, гадавой шматкратнай — 50 еўра.

З мэтай спрашчэння працэдуры прадугледжана выдача віз без запрашэнняў. Аднак пры ўездзе на тэрыторыю Польшчы і Беларусі грамадзяне абавязаны распараджацца грашовымі сродкамі неабходнымі для аплаты расходаў па прабыванні ў краіне накіравання або дакументамі, пацвярджаючымі мэту паездкі і тэрміны мяркуемага прабывання.

У адпаведнасці з праектам пагаднення бясплатныя візы атрымаюць грамадзяне ва ўзросце да 16 гадоў, а таксама ва ўзросце 65 гадоў і больш, інваліды, студэнты і выкладчыкі, удзельнікі мерапрыемстваў асветнага, культурнага, навукова-тэхнічнага і спартыўнага характару, грамадзяне наведваючыя месцы пахавання сваякоў, члены нацыянальных спартыўных каманд, сябры рабочых органаў еўрарэгіёнаў „Нёман”, „Буг” і „Белавежская пушча”. Льготныя на 50% візы могуць атрымаць грамадзяне, якія падарожнічаюць з мэтай падтрымкі сямейных кантактаў, у прыватнасці, для наведання бацькоў, дзяцей, родных братоў і сясцёр, бабуль, дзядоў, унукаў, мужа і жонкі.

У Беларусі польскія візы выдаваць будуць консульствы ў Мінску, Гродне і Брэсце. Мяркуецца, што выдаваць яны будуць каля 280 тысяч віз у год. Беларускія візы польскія грамадзяне змогуць атрымаць у консульствах у Варшаве, Беластоку, Гданьску і Белай-Падляшскай.

(вл)