Ніва № 22 (2455), 1 чэрвеня 2003 г.

У Беластоку „адкрыюць вочы”

Ганна КАНДРАЦЮК

Калі Яніна Кандрацюк паляцела ў Нямеччыну працаваць як валанцёрка ў міжнароднай адукацыйнай праграме „Сакратэс”, сябры пажартавалі: Паехала далучыць сваіх вучняў да Еўропы!

— У параўнанні з усімі рэгіёнамі Польшчы мы ў самым канцы. Настаўнікі, ад якіх усё залежыць, наогул не вераць у змены на лепшае, — кажа Яніна. — Другая прычына: страх перад англійскай мовай.

У Беластоку Кураторыя вылучыла дзве школы, у тым ліку Пачатковую школу н-р 4, дзе вядзецца навучанне беларускай мове.

* * *

— Чаму якраз наша „чацвёрка”? Наша школа невялікая, усяго 460 вучняў. Мы ў цэнтры горада і прадстаўляем тыповы спектр грамадства. Нашы навучэнцы з разнавідных асяроддзяў: большасць дзяцей з сярэднезаможных сем’яў, ёсць таксама з багатых, бедных і нават паталагічных. Нашым прыярытэтам — нацыянальная разнавіднасць, дарэчы, характэрная для рэгіёна. Даволі вялікая група дзяцей вывучае беларускую мову. Настаўнікі вядуць пазаўрочныя гурткі зацікаўленняў: мастацкія і прадметныя, часта паводле ўласных праектаў, — пералічвае Яніна.

Пра яе ўдзельніцтва ў праграме вырашыла веданне англійскай мовы. Дырэктар Збігнеў Клімовіч паклікаў Яніну Кандрацюк у кабінет і расказаў пра праграму. Далей была сустрэча ў Кураторыі з Ежы Мантурам, каардынатарам „Сакратэса”.

— У мяне былі сумненні, — прызнаецца Яніна. — Мне не хапала досведу напісаць адукацыйны праект. З другога боку, я хацела праверыць свае медыяцыйныя і валанцёрскія здольнасці. Люблю працаваць дзеля іншых, дзяліцца сваім вопытам і ведамі.

Яніна Кандрацюк родам з Катлоўкі што каля Нарвы. Яна — выпускніца Гайнаўскага беларускага ліцэя (выхавацель — Яўген Вапа) і Мінскага лінгвістычнага універсітэта. У Канадзе закончыла Міжнародны моўны інстытут. Зараз валодае англійскай, французскай, рускай, польскай, беларускай мовамі ды родным падляшскім дыялектам.

Ужо першага дня ёй пашанцавала знайсці сваёй школе пяць партнёраў: школы ў Англіі, Нямеччыне, Даніі, Чэхіі і Венгрыі. Настаўнікі супольна напісалі адукацыйны праект і назвалі яго „Адкрый вочы”.

* * *

— Чаму ваш праект завецца, менавіта: „Адкрый вочы”?

— Справа ў адкрыцці на свет, карацей, у прэзентацыі нашай культуры Еўропе. Што можа паказаць ПШ н-р 4 у Беластоку? Нашу культуру, якая вельмі цікавая чалавеку з Захаду.

Праект адрасаваны настаўнікам і вучням і распісаны ён на тры гады. Яго мэта — развіццё і ўзбагачэнне школы.

— Што гэта канкрэтна абазначае?

— Кантакт са сваімі партнёрамі мы будзем ладзіць праз Інтэрнэт. Дзякуючы грошам з праекта (1 500 еўра) школа купіць інтэрнэт-камеру, і дзякуючы ёй мы будзем ладзіць кантакт з партнёрамі. Будзем паказваць нашы школьныя мерапрыемствы, поспехі, культурныя падзеі. Інтэрнэт-камера дае магчымасць весці міжнародныя канферэнцыі.

Паводле праекта, мы атрымаем таксама грошы на падарожжы ў краіны нашых партнёраў. Прадбачаны дзве паездкі ў год. Гэта шанц для дзяцей з бедных асяроддзяў, якім не пад сілу паехаць на ўласны кошт.

І яшчэ найважнейшае: бясплатны курс англійскай мовы для настаўнікаў! Заняткі, два разы ў тыдзень, на працягу двух гадоў.

* * *

— Ці вашы настаўнікі праявілі зацікаўленне праектам?

— Так. Мяне асабліва прыемна ўразіла тое, што ўсе, згодна, патрабавалі, каб уключыць у праект дзяцей з беларускай групы.

— Дык чаму ў нашым рэгіёне няма зацікаўлення адукацыйнымі праграмамі?

— У Беластоку мы думаем, што мы „на канцы” і ўжо нічога нявартыя. Саромеемся беднасці, наракаем. А вось у багатай Нямеччынне, у вясковых школах часта няма камп’ютэраў для карыстання дзецям. Мы баімся англійскай мовы — а тыя ж немцы, хаця і слаба ёю валодаюць, не маюць комплексаў, каб на ёй размаўляць. У багатай Даніі ёсць іншая праблема — дзеці нічога не ведаюць пра сваіх суседзяў, ды ў іх няма нават такой патрэбы. Сябра з Англіі гаварыў падобнае пра англічан — яны вельмі неахвотна вывучаюць замежныя мовы. Ім здаецца, што ўвесь свет ведае англійскую мову.

Нам няма чаго баяцца. А ў нашай школе, апрача польскай, ёсць англійская, нямецкая, беларуская, руская, царкоўнаславянская мовы. Англійскую мову ўжо вывучаем з першага класа. Ужо ў гімназіі можна авалодаць мовай.

* * *

Яніна Кандрацюк адзначае: настаўнікі з Захаду зацікаўлены супрацоўніцтвам з польскімі школамі. Яны здзіўляліся: чаму ад нас прыязджаюць выключна маладыя настаўніцы-англісткі? Мы, усе чатыры прадстаўніцы Польшчы, былі ва ўзросце да 30 гадоў, а з Нямеччыны і Англіі прыехалі настаўнікі да 60 гадоў, часта дырэктары. Аднак усе адчувалі сябе як у вялікай сям’і. Дасведчаныя валанацёры падзяліліся сваім вопытам і энтузіязмам.

— Знаёмства і кантакт са светам дае неацэнныя адукацыйныя карысці. Мне, — кажа Яніна, — залежыць на тым, каб з гэтага шанцу скарысталі нашы беларусы.

Пакуль што, у Пачатковай школе н-р 4 у Беластоку чакаюць грошай. Згодна з планам, праект рушыць з пачаткам новага навучальнага года. Праект „Адкрый вочы” ўзнік у лістападзе 2002 года, і першая сустрэча адбылася ў вёсцы Майшос каля Бона. Іх партнёры з Даніі атрымалі грошы і ўжо дзейнічаюць.