Ніва № 22 (2455), 1 чэрвеня 2003 г.

Майстэрства і духоўнасць

Аляксандр МАКСІМЮК

Мікалай Бушко не паддаўся і арганізаваў XXII Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі — Гайнаўка 2003. З Гайнаўкі ў гэтым годзе засталася толькі назва, бо Фестываль поўнасцю прайшоў у Беластоку — у Беластоцкай філармоніі і Палацы Браніцкіх. Толькі назва і... аж назва, бо дырэктар Фестывалю М. Бушко і яго супрацоўнікі працавалі на яе доўгімі гадамі.

Было некалькі сур’ёзных фактараў, якія схілілі арганізатараў Фестывалю не паддавацца — самы важны з іх той, што ад Фестывалю не адвярнулася музычнае асяроддзе Польшчы, наадварот, у гэтым годзе яно аказала моцную падтрымку Фестывалю ў той формуле, якую менавіта праводзіць М. Бушко. У XXII выпуску прыняў удзел сусветнай вядомасці польскі кампазітар Кшыштаф Пендэрэцкі, пад кіраўніцтвам якога Камерны хор Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П. Чайкоўскага выканаў адну кампазіцыю („Иже Херувимы”) на адкрыцці Фестывалю 20 мая г.г.

Выхад Фестывалю са святыні выйшаў яму на карысць. Публіка ўсе конкурсныя слуханні сядзіць у крэслах, няма абмежаванняў ва ўзнагароджванні выканаўцаў воплескамі, а ў час гала-канцэрта — можна колькі заўгодна дамагацца бісаў. Гэта жарт, усё ж не ў гэтым праявілася перавага сёлетняга Фестывалю над папярэднімі яго выпускамі. Пераход у Беласток радыкальна адмяніў профіль публікі. Беласток на фоне ўсяго нашага беднага і адсталага ў Польшчы рэгіёна з’яўляецца ўсё ж месцам моцна мітуслівым і запрацаваным. Мабыць, людзі больш тут цэняць якасны адпачынак — прыходзяць у філармонію перш за ўсё дзеля музыкі, а не падлічваць колькі сюды з’явілася бацюшкаў ды якіх яны канфесій. Другая справа гэта сама філармонія — месца ў сваёй сутнасці прызначанае для музыкі і якое напэўна не спараджае ўнутраных тармазоў прыйсці і паслухаць царкоўнай музыкі таксама „шэраговым католікам”.

Адсутнасць на „Бушкавым фестывалі” прадстаўнікоў управы Падляшскага ваяводства даказала толькі, што ўвесь гэты падзел на два фестывалі мае выключна ўнутрыпольскі і ўнутрыпартыйны характар. З музыкай нічога тут супольнага. А гэтая апошняя, дарэчы, і стала галоўным героем гайнаўскага фестывалю ў Беластоку. Уражальны быў канцэрт на адкрыццё Фестывалю — быў гэта канцэрт сучаснай класічнай музыкі падшытай спадчынай царкоўнага спеву. У галоўных ролях выступілі тут Хор маскоўскай кансерваторыі (дырыжоры Барыс Тэўлін і Кшыштаф Пендэрэцкі), Польскі камерны хор з Гданьска і Сімфанічны аркестр Беластоцкай філармоніі (дырыжор Марцін Налэнч-Несялоўскі). У ходзе конкурсных слуханняў выступіла 18 хораў, а ў іх ліку хоры з такіх, здавалася б, „мала праваслаўных” краін як Венгрыя ці Швецыя. Фестываль паволі набліжаецца да мерапрыемства, у якім сучасная класічная музыка займае ўсё большае месца. Рух такі патрэбны, — сцвердзіў старшыня журы Рамуальд Твардоўскі, — бо інакш усе мы сядзелі б у музычнай спадчыне XIX стагоддзя. Гала-канцэрт добра засведчыў пра гэтую змену вобліку — украінскі хор „Арэя” і хор Маскоўскай кансерваторыі падарылі публіцы багаты набор кампазіцый з-па-за „канону Фестывалю”.

Прысутнасць на Фестывалі К. Пендэрэцкага ў якасці артыстычнага патрона мерапрыемства, — адзначыла журы Фестывалю ў сваім завяршальным камунікаце (25 мая г.г.), — прыдала Фестывалю ранг падзеі сусветнага фармату. Журы пераканане, што за справай Фестывалю Беласток становіцца месцам еўрапейскіх харавых сустрэч Усходу і Захаду.

Узнагароджаныя хоры

Свецкія аматарскія хоры: I. Хор парафіі Св. Сафіі ў Штакгольме (Швецыя). II. Хор парафіі „Св. Злата Магленска” пры Македонскай праваслаўнай царкве, Скоп’е (Македонія).

Свецкія аматарскія хоры: I. Хор „Глорыя” Рэспубліканскага музычнага калегіума, Кішынёў (Малдавія). II. Хор „Collegium Musicum” Дзяржаўнага універсітэта прыгожых мастацтваў, Бялград (Сербія і Чарнагора). III. Хор Люблінскага каталіцкага універсітэта, Люблін. Вылучэнне: Маладзёжны хор „Детство” з Барысава (Беларусь).

Камерныя прафесійныя хоры: I. Мужчынскі хор „Радзівілы”, Мінск (Беларусь). II. Візантыйскі мужчынскі гурт „Св. Ефраім”, Будапешт (Венгрыя).

Прафесійныя хоры: I. Дзяржаўны хор Маскоўскай кансерваторыі імя П. Чайкоўскага (Расія). II. Харавая капэла „Арэя”, Жытомір (Украіна).