Ніва № 20 (2453), 18 мая 2003 г.

Чай

Яўген МІРАНОВІЧ

Расказвала мне знаёмая, якая ўжо трэці тыдзень сядзіць у шпіталі каля цяжка хворай маці, як выглядае сітуацыя тых пацыентаў, якіх сям’я наведвае раз у тыдзень. Медычныя службы выконваюць усё згодна з правіламі і фармальна няма ніякіх падставаў, каб абвінаваціць іх у чым-небудзь. Раніцай паралізаванай жанчыне наліваюць у кубак чай, у абед прыносяць кампот, чай выліваюць, а кубак запаўняюць кампотам. Вечарам у ракавіну выліваюць кампот, а яго месца займае збожжавая кава. Знаёмая заўважыла, што ад чатырох дзён кубка ніхто не паласкаў. На пяты дзень пацыентка памерла.

Праўдападобна ўнутраныя законы, якія акрэсліваюць рэгламент працы шпітальнага персаналу, не вызначаюць медсёстрам абавязку карміць і паіць лыжкай цяжка хворых пацыентаў. Іншая сітуацыя, калі хворы — вядомая асоба, або калі ў хворага заможная ці вядомая сям’я. Тады нават ардынатар прыходзіць кожнага дня пытаць пра самаадчуванне падапечнага, а каля яго ложка кожныя некалькі мінут стае гатовая да паслугаў медсястра.

У ролі такога цяжка хворага пацыента, пакінутага сям’ёй, бачыцца мне нашае беларускае грамадства. Дзяржава, як тая медычная служба, фармальна выконвае ўсе свае абавязкі. У рамках існуючых законаў можам ствараць сабе арганізацыі, заснаваць нават цырк, тэатр ці універсітэт. „Нашых хлопцаў” час ад часу бяруць у структуры ўлады і паказваюць: „Вось як вам добра, кіруеце нават ваяводствам”. На практыцы ўсё аднак выглядае так як у шпіталі. Дзесь стаіць чай, якога немагчыма выпіць, але ўсе навокал ведаюць, што нас пачаставалі чаем, пасля ў полі нашага зроку знаходзіцца яшчэ кампот і кава, але адно і другое таксама выльюць у ракавіну.

Заканадаўства ў галіне асветы дае нам магчымасць мець свае школы, але няма ніводнай. Доўга можна разважаць аб прычынах такога стану, але факты паказваюць адназначна, якая склалася сітуацыя. На Беластоцкім універсітэце спроба стварэння беларускай установы выклікала згоднае супрацьдзеянне так палякаў, як і заўсёды гатовых знішчаць усё беларускае „нашых хлопцаў”. Пра „нашых” пры ўладзе няма нават сэнсу пісаць.

Большасць мясцовых палітыкаў у адносінах да беларусаў паводзіць сябе так як тэхнічны персанал у згаданым шпіталі. Наліваюць чай і выліваюць у ракавіну. Прыкідваюцца, што шануюць нашу культурную адметнасць, у Беласток прыязджае сеймавая Камісія па справах нацыянальных меншасцей, сустрэчу з меншасцямі арганізаваў нават ваявода. Толькі нічога ад гэтых сустрэч не вынікае. Вялікія людзі выслухаюць беларускую жальбу, часам нешта паабяцаюць і ад’едуць. Мелі абавязак тут быць і нічога больш. Некаторыя — як пасол ад Лігі польскіх сем’яў Анджэй Фэдаровіч — зусім адкрыта заклікае мясцовых беларусаў да хутчэйшай асіміляцыі. Ён проста прапануе не паказваць нам чаю і не рабіць надзеяў. У перакладзе на мову цынікаў гучала б гэта так: „Памірайце хутчэй, менш будзе праблемаў у нашым шпіталі”.

Мы, як грамадскасць, робім шмат, каб выйсці насупраць чаканням Фэдаровічаў і спыніць сваё існаванне. На здамінаванай „кацапамі” вуліцы, на якой я жыву, некалькі месяцаў ужо ніхто не адказаў мне на беларускай мове. У прысутнасці палякаў двойчы „нашыя” адказвалі нават: „Wiesz, nie rozumiem w tym jezyku, dawno nie bylem na wiosce”. У царкве штораз часцей у месцы мовы Пушкіна гучыць мова Міцкевіча. Каля царквы чуваць выключна падобную на польскую.

Сын часам пытаецца:

— З кім апрача цябе я буду гаварыць на беларускай мове? З чужымі людзьмі ў Беластоку часцей маю нагоду размаўляць на англійскай чым беларускай. Нават на беластоцкіх базарах грамадзяне Беларусі гавораць на расійскай, а ўсё часцей стараюцца на польскай, нават калі да іх звяртаешся на беларускай. У Гродне, ці Мінску беларускай карыстаюцца толькі некаторыя твае знаёмыя, а ў тэлебачанні гавораць толькі пра тое як далучыцца да Расіі.

— Думаеш, што мы павінны з сабой гаварыць на польскай мове, як усе нашыя суседзі? — у адказ спытаўся я сына.

Задумаўся і адказаў:

— Гэта было б неяк ненатуральна.

У сітуацыі, калі апарат беларускай дзяржавы на сваёй тэрыторыі праводзіць мэтанакіраваную дэнацыяналізацыю беларусаў, цяжка чакаць з яго боку якой-небудзь падтрымкі для людзей гэтай нацыянальнасці, што пражываюць па-за межамі краіны. З другога боку ўлады і грамадства Польшчы не бачаць ніякага інтарэсу ў тым, каб у межах Рэчы Паспалітай існавала беларуская дыяспара. Эндэцкі пункт гледжання, які стаў цяпер нанава дамінуючым у польскай нацыянальнай палітыцы, скрываецца пад шырмай лозунгаў пра дэмакратыю, правы чалавека, еўрапейскі падыход да меншасцей. Маланкавы працэс асіміляцыі прабуе стрымаць невялікая група беларускай інтэлігенцыі, але іх актыўнасць выплывае больш з унутранай патрэбы паасобных людзей, чым веры ў паспяховасць такой дзейнасці. Унутраныя канфлікты, якія не пакідаюць ніводнага меншаснага асяроддзя, у выпадку беларусаў вядуць найчасцей да спынення нават найбольш надзейных ініцыятыў. Маючы побач сябе кубак з чаем, які мог бы нас падмацаваць, чамусьці не можам яго выпіць. Нехта заўсёды выліе наш чай у ракавіну, пакуль здолеем выцягнуць па яго руку.