Ніва № 20 (2453), 18 мая 2003 г.

Спалучае нас пушча

Аляксей МАРОЗ

На польска-беларускую сустрэчу „Спалучае нас Белавежская пушча”, якая 15 і 16 красавіка адбылася ў гасцініцы „Ажахоўскі” ў Гайнаўцы, прыбылі прадстаўнікі самаўрадаў-членаў Еўрарэгіёна „Белавежская пушча” і няўрадавых арганізацый. Арганізатарамі мерапрыемства, фінансаванага Польска-Амерыканскім фондам вольнасці (праграма RITA), былі самаўрад горада Гайнаўкі і Гайнаўскае староства. У мерапрыемстве ўдзельнічалі кіраўнікі самаўрадаў Гайнаўскага павета і прадстаўнікі Раённых выканаўчых камітэтаў з Камянца, Пружан і Свіслачы.

Канферэнцыя распачалася дакладам гісторыка Славаміра Іванюка з Бельска-Падляшскага „Мая гміна — мая малая айчына: уздзеянне самаўрадавай дзейнасці на развіццё рэгіёна”. Старшыні Гарадской рады ў Гайнаўцы і Рады Гайнаўскага павета пазнаёмілі беларускіх гасцей з дзейнасцю сваіх самаўрадаў. Перад сабранымі запрэзентавалі сваю дзейнасць няўрадавыя арганізацыі з Гайнаўшчыны і Беларусі. На жаль, з Рэспублікі Беларусь прыехалі прадстаўнікі толькі дзвюх арганізацый — Юзэф Машкаля, старшыня Рады „Яравіта” з Пружан і Тамара Лаўрэнчук з „Любіцеляў Высокага”. У Беларусі няма традыцыі ў дзейнасці такіх арганізацый. Прысутныя пазнаёміліся з юрыдычнымі ўмовамі для няўрадавых арганізацый у Польшчы і з магчымасцямі фінансавання іх праектаў, у тым ліку замежнымі фондамі. Удзельнікі канферэнцыі наведалі Гайнаўскі дом самадапамогі, у якім на практыцы пазнаёміліся з дзейнасцю няўрадавай арганізацыі „Быць супольна”. Успамагае яна дзейнасць дома і арганізуе адпачынак яго жыхарам. Сабраныя вучыліся таксама як хадайнічаць перад фондамі аб сродкі на дзейнасць няўрадавых арганізацый. Аднак найбольш часу арганізатары адвялі на апрацаванне супольнага польска-беларускага праекта „Пушчанскі кірмаш 2004”. У рэалізацыі задумы дапамагала Барбара Шчарбінская з Фонду развіцця мясцовай дэмакратыі. Удзельнікамі канферэнцыі быў апрацаваны праект арганізацыі кірмашу, які спалучаў бы прэзентацыю вытворчасці прадпрыемстваў з прыгранічнай зоны з турыстычнымі, адукацыйнымі і культурнымі прапановамі. Некаторыя ўдзельнікі спаткання звярталі ўвагу, што цяжка будзе прыдбаць сродкі на такое мерапрыемства і знайсці адпаведныя памяшканні.

— Ужо наладжана супрацоўніцтва ў галіне культуры. Кірмаш мог бы актывізаваць эканамічнае супрацоўніцтва. Чакаем таксама адкрыцця пагранічнага перахода Грудкі — Перароў, які спрычыніцца да развіцця турызму, — сказаў намеснік старшыні Раённага выканаўчага камітэта ў Пружанах Віктар Макарэвіч.

Старшыня Вясковай рады ў Шарашове Надзея Антонавіч адмоўна ацаніла планаванае ўвядзенне візавага рэжыму паміж Беларуссю і Польшчай. Паводле яе, новаўвядзенне выдатна абмяжуе турыстычны абмен паміж абедзвюма краінамі.

— Кірмаш — добрая ініцыятыва. У гэтай справе трэба дамовіцца з самаўрадам Еўрарэгіёна „Белавежская пушча”, — заявіла Гражына Катушэўская, якая разам з Нэляй Шчукай ад імя гайнаўскага самаўрада арганізавалі мерапрыемства. — Аднак распрацоўка праекта кірмашу была, у асноўным, задачай адукацыйнай. На такіх спатканнях мы можам паказаць беларускім гасцям як у нас арганізавалася самаўрадавая дзейнасць.

Канферэнцыя закончылася экскурсіяй па Гайнаўцы, у час якой яе ўдзельнікі наведалі Свята-Троіцкі сабор і Беларускі музей.