Ніва № 20 (2453), 18 мая 2003 г.

Першамайскія метамарфозы

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Свята Першага мая па традыцыі адзначаюць амаль ва ўсіх краінах свету. Натхнёны прафсаюзамі рабочы люд ужо другое стагоддзе запар патрабуе лепшых для сябе ўмоў працы, скарачэння беспрацоўя, павышэння заработнай платы ды і проста ўвагі да сваіх правоў з боку ўрадаў. У той жа час у Беларусі сітуацыя з гэтым святам за апошнія гады працярпела значныя змены і цяпер не надта падобная ні на пампезныя святкаванні часоў камуністычнага панавання, ні на патрабавальныя дэманстрацыі ў краінах капіталізму.

Цягам доўгіх 70-ці гадоў валадарання Камуністычнай партыі свята Першага мая — Міжнародны дзень салідарнасці працоўных разам з 7 лістапада — Днём Кастрычніцкай рэвалюцыі было галоўным на абшары ўсяго СССР. Нічога дзіўнага, бо ідэалагічнае насычэнне жыцця грамадзян патрабавала не толькі высокапрадукцыйнай працы на карысць першай у свеце дзяржавы дыктатуры пралетарыяту, але і адпачынак мусіў мець у сабе ідэйны стрыжань. У даным выпадку савецкія грамадзяне, адпачываючы, адначасова, нібыта, патрабавалі ад урадаў іншых краін, дзе кіравалі капіталісты і буржуазія, не прыгнятаць рабочы клас і паважаць яго правы. Салідарнасць з прыгнечанымі класавымі братамі выражалася ў шматтысячных дэманстрацыях, што праходзілі па ўсіх гарадах. І прыход на дэманстрацыю лічыўся такім жа абавязкам як і выхад на працу — адсутныя маглі мець потым сур’ёзныя непрыемнасці. Нягледзячы на тое, што такое праяўленне салідарнасці з працоўнымі іншых краін было мала каму зразумелай абавязалаўкай, народ выходзіў на дэманстрацыі з добрым настроем. Бо сустрэча з калегамі ў нефармальнай абстаноўцы, шэсце па галоўнай вуліцы горада пад музыку і супольнае крычанне раскацістага „ўра”, калі нават не чутна ўласнага голасу, стварала вясёлую атмасферу, выклікала смех і прыемныя жарты. „Салідарызавацца” з прыгнечаным рабочым класам у краінах капіталізму мусілі выходзіць нават школьнікі, сярод якіх далёка не кожны мог растлумачыць сэнс першамайскага свята.

У той жа час самі „прыгнечаныя”, аб’яднаныя ў прафесійныя саюзы, якія не былі прываднымі рамянямі правячай партыі, у змаганні за свае правы дабіліся значна большых поспехаў. І сярэднестатыстычны працоўны Захаду займеў такі жыццёвы дабрабыт, пра які яго савецкі калега нават не мог марыць і, адпаведна, чагосьці падобнага патрабаваць ад уласнага ўрада. Такая непатрабавальнасць і сёння вызначае адносіны працоўнага люду да кіраўніцтва краіны ў Беларусі.

У адрозненні ад прафсаюзаў іншых дзяржаў, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі — найбуйнейшае грамадскае аб’яднанне ў краіне, лічыць, што беларускія ўлады робяць усё, каб працоўным жылося лепей. Таму і заклікаюць на стаўшых кароткачасовымі і малалюднымі, але па-ранейшаму прымусовых першамайскіх мітынгах да шчыльнага супрацоўніцтва і лагоднага сацыяльнага партнёрства з урадам, ніякім чынам не крытыкуючы апошні за правалы ў эканоміцы і парушэнні працоўнага заканадаўства. Бо чаго вартая найвышэйшая ў СНД беларуская інфляцыя, рост беспрацоўя, хранічнае невыкананне пагадненняў аб аплаце працы, ціск на іншыя прафсаюзныя аб’яднанні. Такое „партнёрства”, што мусіць звацца па-просту згодніцтвам, не засталося незаўважаным з боку міжнародных прафсаюзных структур, якія, бачачы поўнае супадзенне інтарэсаў беларускага ўрада і кіраўніцтва ФПБ, разрываюць кантакты і супрацоўніцтва з апошнімі, бо не прызнаюць незалежнасць іх ад улад.

У той жа час сапраўды незалежныя беларускія прафсаюзы большай часткай занятыя барацьбой за ўласнае выжыванне, адной з прычын чаго з’яўляецца іхняя малалікасць. Хаця менавіта яны і ёсць тымі, хто больш-менш паслядоўна адстойвае правы працоўных, часам заклікаючы іх на не заўсёды дазволеныя ўладамі масавыя мерапрыемствы, у тым ліку і прымеркаваныя Першаму маю.

Але большая частка беларускага насельніцтва ў Дзень працы аддае перавагу корпанню на прысядзібных участках, выкарыстоўваючы свята для пасадкі бульбы і гародніны. Пра свае працоўныя правы, адстойванне і выкананне якіх дазволіць усе патрэбныя прадукты харчавання набываць выключна ў магазінах, а ў дзень адпачынку адпачываць, успамінае далёка не кожны. А пра колішнюю салідарнасць з прыгнечанымі працоўнымі краін капіталізму ўжо амаль усе забыліся. Цікава, як доўга пратрывае такая метамарфоза?