Ніва № 20 (2453), 18 мая 2003 г.

Пікет у памятны дзень

Пад будынкам Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь 26 красавіка г.г., па вул. Электрычнай,9, адбылася інфармацыйная акцыя аб выніках чарнобыльскай катастрофы. Пікет агранізаваў Звяз беларускіх палітуцекачоў у Польшчы. Акцыя арганізавалася ў 17 гадавіну атамнага выбуху на Чарнобыльскай АЭС. У час акцыі была ўручана Генеральнаму консулу Рэспублікі Беларусь петыцыя, накіраваная прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку.

Звяз палітуцекачоў арганізаваў і іншыя памінальныя акцыі дзеля ўшанавання ахвяр чарнобыльскай трагедыі. У Святадухаўскай царкве была адпраўленая паніхіда ў памяць ахвяр. Ува ўсіх касцёлах Беластока адслужыліся памінальныя імшы.

У петыцыі прэзідэнту РБ, „як чалавеку, які з гонарам называе сябе «агульнанацыянальна выбраным прэзідэнтам”, беларускія палітуцекачы звяртаюцца да А. Лукашэнкі такімі словамі:

„У дзень 17 гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, адзін з самых чорных дзён у гісторыі беларускага народа, звяртаемся да Вас з надзеяй, што ўлада не забіла ў Вас чалавечнасці, што будучыня Беларусі не ёсць для вас абыякавай. 17 гадоў на Беларусь прыйшла «сказа», якая заразіла тэрыторыю краіны смертаноснай нябачнай атрутай і працягвае сваю знішчальную дзейнасць да сёння. У Вашых руках ёсць магчымасць паменшыць наступствы катастрофы, лакалізаваць яе, не даць распаўсюдзіцца, абяртаючы цвітучыя агароды ў пустыні, дзяцей — у хворых старэчаў, звяроў — у мутантаў. Вы, несумненна, найлепш з нас усіх ведаеце аб страшных наступствах таго красавіцкага дня, аб памерах стратаў у прыродзе і чалавечых рэсурсах. Чаму, аднак, Вы глядзіце праз пальцы на тое, што дзеці спажываюць атручаныя харчы, што пажылыя людзі жывуць на забруджаных радыяцыяй абшарах, што забруджаныя радыенуклідамі палі зноў абсяваюцца збожжам, а статыстычны ўзровень анкалагічных захворванняў перакрочыў усе дапушчальныя нормы? Мы хочам і маем права ведаць, чым дыхаем, што спажываем, якая будучыня чакае нашых унукаў і чаму спадар Юрый Бандажэўскі, чалавек, які намагаўся сказаць праўду аб памерах наступстваў катастрофы, вядомы беларускі даследчык, пазбаўлены волі па сфабрыкаванай крымінальнай справе? Хочам ведаць, што Вы зрабілі і што плануеце зрабіць, каб стрымаць сказу і ачысціць Краіну ад смертаносных нуклідаў, а каб Беларусь перастала насіць чорнае імя «абшар экалагічнай бяды»?

Мы не пагаджаемся на тое, каб на нашых дзецях праводзіліся эксперыменты на выжыванне, і таму сёння, у дзень агульнанацыянальнай жалобы, заклікаем Вас перастаць рэалізаваць палітыку страуса, які хавае галаву ў пясок пры небяспецы, і неадкладна пачаць дзеянні накіраваныя на змену курсу дзяржаўнай экалагічнай палітыкі і барацьбу з вынікамі катастрофы... Патрабуем ад Вас канкрэтных дзеянняў: арганізавання перасялення жыхароў з тэрыторый з узроўнем радыяцыі больш за 15 кюраў у чыстыя рэгіёны; стрымання масавай рэабілітацыі забруджаных зямель і выкарыстоўвання іх у гаспадарцы; паступовых змен эканамічнай спецыялізацыі зубруджаных тэрыторый у бок зменшання на гэтых абшарах прадукцыі харчоў; арганізавання масавай прафілактычнай працы сярод жыхароў з мэтай прапагандавання спосабаў індывідуальнай абароны ад радыяцыі; абвастрэння крытэрыяў кантролю ўзроўню радыяцыі ў харчах; распаўсюджання вынікаў доследаў аб уплыве радыяцыі на развіццё некаторых чалавечых і жывёльных хвароб; распаўсюджання даных маніторынгаў доз радыяцыі атрыманых людзьмі і ўзроўню радыяцыі ў канкрэтных прадуктовых вырабах на розных тэрыторыях Беларусі; увядзення дысцыплінарнай адказнасці за прадукцыю заражаных харчоў і ўтойванне чыноўнікамі ўсіх рангаў інфармацый аб наступствах уплыву радыяцыі на арганізм чалавека; стварэння спрыяльных умоў для дзейнасці міжнародных гуманітарных арганізацый на заражаных тэрыторыях”.

(лук)