Ніва № 20 (2453), 18 мая 2003 г.

Не забыць аб Беларусі

Віталь ЛУБА

У палове красавіка ў Афінах сустрэліся кіраўнікі сарака краін — членаў Еўрапейскага Саюза і звязаных з ім у розны спосаб еўрапейскіх дзяржаў. Спатканне было прысвечана адносінам ЕС з найбліжэйшымі суседзямі пасля далучэння да яго дзесяці новых краін, у тым ліку і Польшчы, у маі 2004 года. Міністр замежных спраў Польшчы Владзімеж Цімашэвіч падтрымаў спецыяльныя механізмы супрацоўніцтва ЕС з Расіяй і заклікаў членаў ды кандыдатаў Еўрасаюза пакінуць адкрытыя дзверы Украіне і Малдове і не забываць аб Беларусі. Заклік прагучэў у адказ на стрыманую ў гэтым плане пазіцыю некаторых дэлегацый, м.інш. Нямеччыны, Люксембурга, Галандыі і Партугаліі, якія рашуча выказаліся супраць прапанаванню канкрэтнай перспектывы членства такім дзяржавам як Украіна (украінскае кіраўніцтва не прытрымоўваецца законаў, абмяжоўвае свабоду сродкаў масавай інфармацыі, не высветліла справы забойства журналіста Георгія Гангадзе). Польскі бок, які традыцыйна выступае ў ролі адваката ўкраінскіх інтарэсаў на Захадзе, бачыць праблемы звязаныя з палітычнай практыкай у гэтай дзяржаве і лічыць, што ўсе справы ўрад павінен высветліць, аднак уважае таксама, што адкрыццё перспектывы членства мела б для суседніх краін вялікае матывіровачнае значэнне. Гаворачы аб Беларусі міністр Цімашэвіч падкрэсліў, што гэтая краіна мае клопаты з прычыны мінскіх улад, палітыка якіх давяла да ізаляцыі Беларусі і выказаўся за ініцыятывамі, якія спрыялі б пабудове ў гэтай краіне адкрытага грамадства.

А ці Беларусь хоча ў Еўропу? Афіцыйныя ўлады ў першую чаргу інтэгруюцца з Расіяй. Беларускі прэзідэнт, у адрозненне ад украінскага, не заяўляе, што доўгатэрміновай стратэгічнай мэтай яго краіны з’яўляецца поўнае членства ў Еўрапейскім Саюзе. Калі Расія далучыцца да ЕС, аб’яднаная з ёю Беларусь таксама стане яе членам. Супраць прыходу Беларусі ў еўрапейскія структуры праз Расію выступае беларуская інтэлігенцыя, аб чым заяўлялася на нядаўнім І Усебеларускім сходзе інтэлігенцыі. За еўрапейскі выбар выказваюцца таксама апазіцыйныя партыі і няўрадавыя арганізацыі, маладзёжныя рухі. Незалежныя цэнтры даследавання грамадскай думкі сцвярджаюць, што ідэю далучэння Беларусі да Еўрапейскага Саюза адабрае 60-70% беларускага грамадства. Апошнім часам Літва заявіла аб гатоўнасці быць адвакатам Беларусі перад еўрасаюзнымі структурамі. Але нішто не паказвае, каб цяперашняе кіраўніцтва Беларусі ўступіла на шлях дэмакратызацыі.