Ніва № 19 (2452), 11 мая 2003 г.

Жыццё адданае правам чалавека

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Мінула ўжо больш за месяц з дня заўчаснай смерці вядомага праваабаронцы Сяргея Абадоўскага. Час ляціць няўмольна, але памяць аб гэтым чалавеку засталася назаўсёды.

Імя Абадоўскага вядомае не толькі ў яго родным Магілёве — горадзе на ўсходзе Беларусі, дзе Сяргей 52 гады таму нарадзіўся, дзе ён вырас, атрымаў адукацыю, выгадаваў чацвярых дзяцей і працаваў. Не меншую вядомасць ягонае імя набыло тут у Беластоку — горадзе, у якім ён бачыў дэмакратычную будучыню роднага краю, часцяком прыязджаючы сюды.

Пачатак 1990-х гадоў для Беларусі быў характэрны ўздымам грамадска-палітычнай актыўнасці. Не абмінулі гэтыя працэсы і Сяргея Абадоўскага, працаваўшага ў той час на магілёўскім заводзе „Строммашына”. Непрыманне прагніўшых парадкаў камандна-адміністрацыйнага кіравання вымусіла яго парваць з камуністычнай партыяй. Праз некаторы час, ужо працуючы ў адным з магілёўскіх атэлье па рамонце тэлеапаратуры, ягонымі намаганнямі была створана там суполка Свабоднага прафсаюза — арганізацыі працоўнага люду, якія не жадалі быць „прываднымі рамянямі” КПСС, а патрабавалі павагі да іх правоў і працы.

Актыўная прафсаюзная дзейнасць робіць з Сяргея яскравую асобу, якая ўсё больш і больш прыцягвае людзей. І гэта не выпадкова, бо на рахунку Магілёўскай абласной рэгіянальнай арганізацыі, якую першым і на доўгі час узначальвае Абадоўскі, з’яўляюцца рэальныя вынікі працы — перш за ўсё прававая дапамога сваім сябрам у разнастайных працоўных спрэчках і перамогі ў судах. Не адзін чалавек, дзякуючы намаганням Свабоднага прафсаюза, быў адноўлены на працы, пазбаўлены несправядлівага спагнання, атрымаў незаконна ўтрыманныя адміністрацыяй прадпрыемства грошы.

У той час і адбываецца знаёмства Сяргея Абадоўскага з кіраўніцтвам беластоцкай структуры прафсаюза Салідарнасць, у прыватнасці, з сённяшнім яе мясцовым лідэрам Юзэфам Мазалеўскім. Па яго словах, Сяргей быў чалавекам выключным. І сапраўды, акрамя непасрэдна прафсаюзнага супрацоўніцтва, што ўсталявалася паміж іхнімі арганізацыямі ў многім дзякуючы актыўнасці Абадоўскага, не менш плённым быў і вынік узаемадзеяння ў аздараўленні дзяцей з забруджаных рэгіёнаў Магілёўшчыны. На працягу трох гадоў медыцынскае абследаванне і адпачынак у чыстых ад радыяцыі мясцінах Падляшша прайшла не адна сотня малых грамадзян Беларусі. Для многіх беластачан, не звязаных з прафсаюзнай дзейнасцю, у тым ліку і мясцовым беларусам, Сяргей Абадоўскі запомніўся менавіта сваёй руплівасцю ў высакароднай справе аздараўлення пакрыўджаных лёсам „чарнобыльскіх” дзяцей.

Але асноўным зацікаўленнем Абадоўскага на працягу амаль усіх 1990-х гадоў застаецца прафсаюзная праца. Унутрыпалітычныя абставіны Беларусі прыводзяць да таго, што дзейнасць у дэмакратычных прафсаюзах найшчыльнейшым чынам мяжуе з палітычнай і праваабарончай дзейнасцю. Палітыка не абмінае і Сяргея. У 1999 годзе падчас наладжаных апазіцыяй прэзідэнцкіх выбараў, што мусілі адбыцца згодна з нязмененай Канстытуцыяй 1994 года, Абадоўскі становіцца каардынатарам гэтых выбараў па Магілёўскай вобласці. Яго імя ўсё больш і гучней чуваць на абшары ўсёй Беларусі, а таксама за яе межамі.

Асобным яркім штрыхом біяграфіі Абадоўскага як праваабаронцы з’яўляецца арганізацыя і функцыянаванне Магілёўскага праваабарончага цэнтра (МПЦ) — дагэтуль існуючай адзінай рэгіянальнай арганізацыяй падобнага кшталту. У прафсаюзах, у тым ліку і ў Беластоку, з разуменнем паставіліся да факту сыходу Абадоўскага з пасады прафсаюзнага лідэра цэлага рэгіёна. Кажучы словамі таго ж Юзэфа Мазалеўскага, прыходзіць час, калі лідэр адчувае — прафсаюзны касцюм стаў яму замалы і чалавек робіць выснову аб тым, што зрабіў для арганізацыі на яе чале ўсё, што мог і трэба даць дарогу іншым.

Самай адметнай рысай характару Сяргея было хваляванне патрэбамі навакольных людзей у значна большай ступені чым уласнымі. Гэта заўважаюць і тут, у Беластоку, не толькі сябры з Салідарнасці, але і прадстаўнікі мясцовых беларускіх арганізацый. У прыватнасці, у тыднёвіку „Ніва”, дзе пра яго неаднаразова пісалі, а ён, у сваю чаргу, цікавіўся справамі меншасці, выпісваючы газету да сябе ў далёкі Магілёў.

Актыўнасць праваабаронцы і дэмакрата не даспадобы прыходзіцца шмат каму з трымаючых уладу. Неаднаразовыя затрыманні і суды супраць яго самога, арышты і грашовыя штрафы, пераслед членаў сям’і (ягоны сын Іван стаў палітычным уцекачом і зараз жыве ў Беластоку) маглі б зламаць каго заўгодна. Але Сяргей трымаўся, верачы ў правату сваёй справы.

Праваабарончая дзейнасць і як дырэктара МПЦ, так і актывіста Беларускага Хельсінскага камітэта робіць з Абадоўскага сапраўднага высокакваліфікаванага юрыста-практыка. У наладжаную грамадскую праваабарончую прыёмную прыходзяць параіцца тысячы чалавек. Але разуменне неабходнасці пастаяннага ўдасканалення штурхае да набыцця ведаў. Заканчэнне Магілёўскага Інстытута правазнаўства ўзмацняе яго тэарэтычную дасведчанасць. У галіне абароны правоў чалавека ў родным горадзе Сяргея Абадоўскага яму не стае роўных. Сяргей вучыцца сам і навучае іншых. Бясконцая колькасць семінараў, лекцый, выступаў спрыяюць ягонай вядомасці і за межамі Беларусі. Адной з яскравых старонак праваабарончага супрацоўніцтва з замежжам становяцца стасункі з Польскім фондам правоў чалавека. Сяргей запрашаецца і з задавальненнем вучыцца на наладжаных гэтай арганізацыяй Вышэйшых міжнародных курсах па абароне правоў чалавека, якія, на жаль, яму скончыць было не наканавана.

Заўчасная смерць была як перарваны палёт птушкі, якая што ёсць моцы ірвалася ў вышыню. Але нават незавершаны палёт не стаў дарэмным, бо ў тую вышыню пацягнуліся іншыя — для каго свабода Беларусі, дэмакратыя і правы чалавека не пустыя гукі і для каго гэтыя паняцці найшчыльнейшым чынам звязаныя з дзейнасцю Сяргея Абадоўскага.

Імя С. Абадоўскага нададзена Магілёўскаму праваабарончаму цэнтру.