Ніва № 19 (2452), 11 мая 2003 г.

Кельты ў Шатландыі

Аляксандр МАКСІМЮК

Паводле перапісу 1991 года ў Шатландыі пражывае амаль 66 тысяч жыхароў, якія сваёю мовай называюць кельцкую. Зразу трэба дапоўніць, што на тэрмін „кельцкі” англійская мова мае два словы — Celtic і Gaelic. Калі ідзе канкрэтна пра мову кельтаў у Ірландыі і Шатландыі, дык ужываецца гэты другі тэрмін. Шатландскія кельты жывуць кампактна на Заходніх астравах ды ў акрузе Скай і Лошальш (агулам больш за 24 тысячы), дзе складаюць большасць грамадства. Астатнія — расцярушаныя па ўсёй Шатландыі. У галоўных гарадах краіны, прыкладна, жыве кожны чацвёрты кельт. Эканамічны ціск прымушае насельніцтва перамяшчацца з традыцыйна кельцкіх рэгіёнаў (Гебрыдскія астравы і заходняе пабярэжжа Шатландыі) у горную Шатландыю і ўрбанізаваныя раёны ніжняй. Да традыцыйных заняткаў кельтаў належаць невялікія гаспадаркі, рыбалоўля, ткацтва і паслугі.

У Шатландыю кельты прыйшлі каля 500 года н.э. з поўначы Ірландыі і да XI стагоддзя ўфармавалі вялікае каралеўства са сваёю мовай, якое па тэрыторыі збольшага супадала з сучаснай Шатландыяй. З XI стагоддзя кельцкая мова пачынае траціць сваю адметнасць на каралеўскім двары і сярод арыстакратыі. У XVII стагоддзі мова кельтаў адступаецца ў горную Шатландыю і на Гебрыдскія астравы. Яе прызнанне ў дзяржаве адбываецца толькі ў познія гады XX стагоддзя. Усе сучасныя кельты двухмоўныя. Юрыдычны статус мовы нявызначаны, хоць брытанскі ўрад у 1985, 1986 і 1993 годзе прыняў некалькі распараджэнняў у падтрымку кельцкай мовы ў галіне адукацыі і вяшчання.

З 1918 года адукацыйныя законы бралі пад увагу і магчымасць навучання кельцкай мовы, але прагрэс у гэтай справе быў надзвычай марудным. У 1975 годзе новыя адукацыйныя ўлады Заходніх астравоў увялі двухмоўнае навучанне ў пачатковыя школы. У 1985 годзе пачатковае навучанне на кельцкай мове мела дзве школы, а да 1994 года ўстаноў такіх было 42. У сярэдніх школах кельцкая доўгі час вывучалася як прадмет праз пасрэдніцтва англійскай мовы. Увод двухмоўнага навучання не ўдаўся. У вышэйшых школах кельцкія курсы адбываюцца ў Эдунбургу, Глазга і Абердзін. Некаторыя з іх выкладаюцца па-кельцку, але гэта ўсё, што выкладаецца на гэтай мове ва універсітэтах.

Шатландскія законы не забараняюць ніякіх імёнаў. Некаторыя людзі зусім законна пераймяноўваюцца і карыстаюцца традыцыйна кельцкімі імёнамі ва ўсіх афіцыйных дачыненнях. Такая практыка аднак вельмі рэдкая. Затое вельмі папулярна стала надаваць дзецям кельцкія імёны пры нараджэнні. З 1972 года ў Шатландыі можна па-кельцку запаўняць і падпісваць чэкі (уявіце, што заходзіце ў банк у Бельску або Гайнаўцы і выпісваеце чэк кірыліцай).

Большасць публічных будынкаў, вуліц, дарог і ўказальнікаў у Шатландыі значыцца на англійскай мове. Выключэннем тут Заходнія астравы і некалькі вельмі абмежаваных раёнаў. На Заходніх астравах афіцыйная палітыка накіраваная на ўжыванне двухмоўных назваў з аднолькавай важнасцю англійскай і кельцкай моў.

Прысутнасць кельцкай мовы ў шатландскім эфіры значна перавышае беларушчыну ў беластоцкім, хаця колькасці жыхароў, якія прад’явілі беларускую як мову хатніх зносін у час нашага перапісу можа быць вельмі блізкай кельтам. Тэлебачанне ў Шатландыі (Бі-бі-сі і шатландскі незалежны тэлеканал) выпускаюць 300 гадзін перадач на кельцкай мове ў год. Калі ўлічыць у тое паўторы, дык перадач тых атрымліваецца да дзевяці гадзін у тыдзень. Гледачы ў Шатландыі маюць таксама доступ да блізка 20 спадарожнікавых тэлестанцый і некалькіх кабельных сетак, але кельцкая мова ў іх адсутнічае. Кельцкая мова па радыё гучыць амаль выключна на Бі-бі-сі. Радыё транслюе 23,5 гадзіны кельцкіх перадач у тыдзень (Гебрыдскія астравы і горная Шатландыя) ды 11 гадзін у астатніх рэгіёнах Шатландыі. У кельтаў няма ані сваёй штодзённай газеты, ані тыднёвіка, які поўнасцю выходзіў бы на кельцкай мове. Шатландскія газеты змяшчаюць затое на гэтай мове асобныя артыкулы або старонкі.

Дзяржава дапамагае кельцкаму кнігавыдаванню прызнаючы гадавыя гранты Кельцкаму кніжнаму таварыству, якое заснавана пры Універсітэце ў Глазга. Падтрымка літаратуры і мастацтваў адбываецца праз Шатландскую раду мастацтваў у Эдынбургу. Вельмі моцны рост кнігавыдавання на кельцкай мове адбыўся за апошнія 25 гадоў. Самай жа вялікай праблемай у гэтым плане — дайсці да чытача, які жыве або на астравах, або ў слаба населеных рэгіёнах, у якіх кнігарня не самая частая крама. Кніжнае таварыства арганізавала дзеля гэтага сістэму аўтакрамаў (у нас жа па гэтай сістэме прадаецца не кніга, а хлеб і малако). Новых кельцкіх загалоўкаў з’яўляецца 30-40 у год. Шатландскія кельты праяўляюць асаблівае замілаванне да лакальнай „вясковай паэзіі”, біяграфій і мясцовай гісторыі. Заўважальны таксама прагрэс у папулярнай і традыцыйнай кельцкай музыцы, якая складае істотную частку кельцкага радыё- і тэлеэфіру. Запісы гэтай музыкі самаакупаюцца як камерцыйныя праекты.

Кельцкая мова адсутнічае ў камерцыйных дачыненнях — маецца тут на ўвазе гандаль і неадлучную ад яго рэкламу. Выключэннем — яно ўсё ж знойдзецца — два віды віскі, этыкеты якіх якраз на кельцкай мове. Можна аднак спакойна разлічваць, што разам з узростам значэння г.зв. „культурнага турызму” (у нас тое заіснавала як агратурызм), кельты і іхняя мова знойдуць сваё месца ў гэтым сектары гаспадаркі ды будзе ім гэта добрай нагодай падтрымліваць і сваю мову, і сваю традыцыю.