Ніва № 18 (2451), 4 мая 2003 г.

Літаграфіі, гравюры і акварэлі

Аляксей МАРОЗ

У Музеі і асяродку беларускай культуры ў Гайнаўцы з 14 красавіка адкрыта выстаўка літаграфій, гравюр і акварэль беларускага мастака з Мінска Васіля Шаранговіча. Суарганізатарамі выстаўкі з’яўляюцца Музей сучаснага выяўленчага мастацтва Міністэрства культуры Беларусі ў Мінску, Пасольства Беларусі ў Варшаве і Генеральнае консульства РБ у Беластоку. Ініцыятарам выстаўкі з’яўляецца беларускі пасол Павел Латушка, які разам са старшынёю Камітэта пабудовы гайнаўскага музея Янам Хіліманюком і беларускім мастаком адкрыў мерапрыемства. На ўрачыстасць прыбылі сенатар Сяргей Плева, старшыня БГКТ Ян Сычэўскі, беларускія дыпламаты, кіраўнікі мясцовых самаўрадаў, прадстаўнікі культурных і адукацыйных устаноў з Беласточчыны. Прысутны быў прадстаўнік епіскапа Гайнаўскага Мірана, протаіерэй Мікалай Кулік.

— Прафесар Васіль Шаранговіч, гэта выдатны беларускі мастак, — заявіў пасол Павел Латушка. Вядомасць у свеце прынеслі яму партрэты, разнародныя кампазіцыі, якія сталі ілюстрацыямі да творчасці беларускіх паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа і пейзажныя малюнкі. У Польшчы вядомы яго ілюстрацыі да паэмы Адама Міцкевіча „Пан Тадэвуш”. Васіль Шаранговіч атрымаў званні заслужанага дзеяча мастацтваў, народнага мастака Беларусі, заслужанага дзеяча культуры Польшчы і дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь. Вядомы ён таксама як педагог. Трыццаць гадоў працаваў выкладчыкам у Беларускай акадэміі мастацтваў, а апошнія дзевяць гадоў быў яе рэктарам. Ад шасці гадоў з’яўляецца дырэктарам Музея сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску.

— Адкрыццё выстаўкі з’яўляецца для Гайнаўкі сапраўдным беларускім святам. Яна вельмі блізкая нам, бо ведаем мы творы ілюстраваныя працамі Васіля Шаранговіча. Кожная літаграфія ці акварэль пацвярджаюць клімат ілюстраваных твораў, — сказаў Віктар Кабац.

Большасць літаграфій, гравюр і акварэляў паказаных на выстаўцы, выкарыстаны як ілюстрацыі да творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа і Адама Міцкевіча. Побач іх знаходзяцца працы з цыкла „Памяці вогненных вёсак” і акварэльныя пейзажы. Васіль Шаранговіч падарыў гайнаўскаму музею ілюстраваныя яго карцінамі (выдадзеныя на беларускай, польскай і рускай мовах) паэмы „Пан Тадэвуш” Адама Міцкевіча і „Новая зямля” Якуба Коласа, свае літаграфіі і гравюры. Будуць яны выстаўлены ў музеі як частка пастаяннай экспазіцыі.

— У будучыні плануем арганізаваць у гайнаўскім музеі выстаўку фатаграфій, прымеркаваную да мінулагодняга святкавання 120-х угодкаў з дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы. Хочам наладзіць таксама выстаўкі прац сучасных мастакоў з Беларусі, — паінфармаваў пасол Павел Латушка. Уручыў ён старшыні Яну Хіліманюку беларускі тэлевізар „Віцязь” і абяцаў дасылаць відэакасеты з беларускімі фільмамі. Выстаўку можна наведваць да паловы мая з панядзелка па пятніцу з васьмі гадзін раніцы да трох пасля абеду.