Ніва № 18 (2451), 4 мая 2003 г.

Нахабная рэклама

Яўген МІРАНОВІЧ

Разам з капіталізмам прыйшла да нас — сацыялістычнага па менталітэце грамадства — рэклама тавараў і паслуг, якіх мы непадрыхтаваныя купляць нават тады, калі маем грошы. У паштовай скрынцы кожнага дня знаходжу шмат каляровых лісткоў, на якіх рэкламуюцца прадукты з падвойнымі цэнамі. Першая — надта вялікая, другая, дзякуючы ласкавасці прадаўца, часам меншая напалову. Па электроннай пошце кожнага дня нехта прапануе хуткі і танны заробак, амаль дармовую экскурсію ці адпачынак у экзатычных краінах, а Кася, Лаліта, Эвеліна ці іншая Анджэліка запрашаюць на сустрэчу, якой, гарантуюць, не забыць да канца сваіх дзён.

Апошнім часам у адным з беластоцкіх шпіталяў я знайшоў рэкламныя лістоўкі пахавальных фірмаў. Гэта і даволі лагічна, бо дзе як дзе, але ў шпіталі найбольш кандыдатаў на нябожчыкаў. Чалавек яшчэ пры жыцці можа выбраць сабе поўны пахавальны цырыманіял, дубовую, сасновую ці яловую труну, марку аўтамабіля на апошняе зямное падарожжа.

У тэлебачанні, каб дачакацца прагнозу надвор’я, трэба выслухаць якія цукеркі любіў у маладосці дзед Станіслаў і чаму раіць ён сваім унукам смактаць іх яшчэ да першага снедання. Гаспадыня хваліць пральны парашок, якім адмыла непраўдападобна брудныя кашулі мужа і дарастаючых дзяцей. Прыгожыя і маладыя дзяўчаты рэкламуюць касметыку супраць маршчын, а гледачу можа здасца, што іх прыгажосць з’яўляецца вынікам прымянення дэманстраванага прадукта. Актрыса Ганка Бяліцкая пераконвае нас, што „віловіт” верне дзевяностагадоваму чалавеку памяць і жыццяздольнасць дваццацігадовага маладзёна. Падобны лекавы сродак заахвочвае купляць Пётр Франчэўскі. Шакалад ці малако папулярнай фірмы заахвочвае набываць вядомы спартсмен Адам Малыш. Ніхто з вялікіх людзей, што прапануюць нам купляць прадукты, якіх, магчыма, яны самі не трымалі ў руках, не гаворыць тэлегледачам за якую суму прыкідваюцца клоунамі.

Найбольш нахабна рэкламуюць свае прадукты супермаркеты — вялікія гандлёвыя прадпрыемствы. Народ сапраўды масава карыстаецца гэтай формай продажу, не ўсведамляючы сабе, што купляе найдаражэйшыя прадукты ў горадзе. Калі нехта прапануе каўбасу за 4 злоты, тады ўзнікае пытанне чым яна начынена. Пытанне такое тым больш абгрунтаванае, што 4 злоты прыблізна плацяць за кілаграм жыўнасці. Па дарозе ў краму зарабляюць вытворцы каўбасы, адводзіцца некалькі падаткаў, пасля даходзяць гандлёвая нацэнка і чарговыя падаткі. Еўрапейская норма дапускае, што ў кілаграме мяса можа быць нават 60 працэнтаў масы хімічнага паходжання. Такі падобны на мяса прадукт можна набыць за 15 злотых. Што знаходзіцца ў каўбасках па 4 злоты за кілаграм, лепей не здагадвацца. Але людзі купляюць, таксама як боты за 20 злотых ці паўтаралітровую бутэльку кока-колы за 30 грошаў. Інфармацыю пра неверагодна нізкія цэны кожнага вечара вешаюць на клямку дзвярэй маладыя людзі. Дзеці, калі чытаюць, што новы тэлевізар можна набыць у краме за 300 злотых, патрабуюць неадкладна ехаць у магазін, каб суседзі не апярэдзілі і тавар не раскупілі.

У гатэлях у Варшаве пры ўваходзе ў пакой ляжаць нумары тэлефонаў і спіс паслуг, якія гатовы выканаць усялякія Лаліткі. Літаратура, якую далучаюць да практычных інфармацый, пераконвае, што ноч без прапанаваных паслуг трэба лічыць змарнаванай. У Беларусі такія паслугі прапануюць невядомыя сябры па тэлефоне, а на Украіне пры ўваходзе ў гатэль пазнаёміцца са сваячкамі заахвочвае пажылая жанчына.

Раней напаўкрымінальнае жульё рассылала ў прыгожых канвертах лістоўкі з інфармацыяй, што атрымальнік з’яўляецца вельмі шчаслівым чалавекам і выйграў 10 ці 20 тысяч злотых, але каб атрымаць пазначаную суму, павінен ён набыць прадукт гэтай фірмы за 200 ці 300 злотых. Праз некалькі дзён шчаслівец атрымліваў пластмасавую цацку, а выйграных 10 тысяч ніхто не хацеў яму выплаціць. Паштовы адрас фірмы, якая абяцала даваць дарма грошы, звычайна расплываўся ў нябыце. Але пакрыўджанымі ў гэтым выпадку былі толькі тыя, што хацелі мець грошы без працы і ўласнай актыўнасці.

Найбольш амаральным ашуканствам з’яўляецца рэклама курсаў для беспрацоўных, якія маюць адкрыць дарогу да атракцыйнай працы. Курсы, зразумела, бываюць толькі платныя. Людзі ў бязвыхаднай сітуацыі пазычаюць грошы на адукацыю, якая мае адмяніць іх лёс. Найчасцей пародыя абучэння новай прафесіі канчаецца ўручэннем прыгожага дыплома, які на камп’ютэрным прынтэры можа аддрукаваць кожная сакратарка. Такі дакумент найчасцей становіцца помнікам наіўнасці яго ўладальніка.