Ніва № 18 (2451), 4 мая 2003 г.

Некамуністычныя суботнікі

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Калісьці ледзьве не самым галоўным вынікам вызвалення працы ў Савецкім Саюзе лічыліся суботнікі. Называліся яны „камуністычныя”. Распачатыя з прыходам да ўлады бальшавікоў, мелі не толькі эканамічны, але і палітычна-ідэалагічны змест. Сапраўды, падаецца вельмі прывабным, калі людзі працуюць толькі дзеля свайго грамадства, не атрымліваючы за гэта ні капейкі. Але з цягам часу, камуністычныя суботнікі ператварыліся ў звычайны рытуал па ўборцы вуліц і пасадцы дрэў і ніхто не казаў пра вялікія грошы атрыманыя дзяржавай, што выкарыстала рабскую, па сутнасці, працу сваіх грамадзян. Неяк сароміліся. У сучаснай Беларусі многае крыху па-іншаму.

Ужо некалькі гадоў запар беларускае насельніцтва заклікаецца ўладамі выйсці і папрацаваць бясплатна на карысць той ці іншай мэты. І не важна — ці то патрэба ў паліве на сяўбу калгасам, ці то неабходнасць у хутчэйшай пабудове Нацыянальнай бібліятэкі. Эканамічны сэнс бясплатнага дня працы бачыцца ў атрыманні пэўнай колькасці грошай. Пра гэта гаворыцца, у адрозненні ад савецкіх часоў, прама і бессаромна. У наёмных работнікаў нават ёсць выбар — яны могуць і не выходзіць з мяцёлкай на вуліцу, працуючы замест камунальных службаў, а папросту пералічыць свой дзённы заробак на той рахунак, куды, нібыта, пойдуць грошы ад суботніка. Пры гэтым людзям тлумачыцца, што дармовая праца на карысць агульнадзяржаўных патрэб ледзьве не самая высакародная рэч.

Ужо неаднойчы казалася аб гаротным стане беларускай сельскай гаспадаркі, аб затрымках заробку на прадпрыемствах і ва ўстановах, аб растучым беспрацоўі і іншых „дасягненнях” цяперашняга гаспадарання ў Беларусі. Патрэба ў эканамічных рэформах у краіне зразумела кожнаму думаючаму чалавеку, але толькі не яе кіраўніцтву. Бо як інакш патлумачыць рэанімаванне „дабраахвотна-прымусовых” суботнікаў, гэтай уласцівай камуністычным часам з’явы?

Варта адзначыць, што суботнікі могуць праводзіцца і не адзін раз у год. Але апошні, што адбыўся 19 красавіка, меў на мэце прыцягненне сродкаў на будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі, што ўзводзіцца ў Мінску і мусіць стаць самым вялікім сховішчам ведаў у краіне. Аддаць свае кроўна заробленыя грошы на такую высакародную патрэбу адмовіцца далёка не кожны беларускі грамадзянін, але, як паказвае жыццё, нават такую добрую справу можна ператварыць у непрыемны прымус. Бо сённяшняя беларуская недэмакратычная рэчаіснасць не спрыяе сапраўднаму выяўленню таго ці іншага жадання, а невялікія заробкі не дазваляюць людзям выдаткоўваць грошы на мноства іхніх уласных патрэб. Больш таго, непрыняццё ўдзелу ў рабскай працы можа выклікаць непрыемнасці ад кіраўніцтва, якое падначаленае выканаўчай уладзе і мусіць адрапартаваць аб удала праведзеным суботніку. Пералічваць грошы павінны і прыватныя суб’екты гаспадарання, бо адмова нясе стварэнне новых праблем у стасунках з мясцовай прэзідэнцкай вертыкаллю.

Нельга казаць, што ўсіх у Беларусі задавальняе такі стан рэчаў, калі забароненая Канстытуцыяй прымусовая бясплатная праца існуе, дзякуючы штучна прыдуманым ідэалагічным пастулатам аб адсутнасці ў грамадстве „прагі нажывы”. Свабодныя прафсаюзы і праваабарончая арганізацыя праз суды змагаюцца за дадзенае законам права атрымліваць грошы за сваю працу і звяртаюцца да міжнародных структур, кшталту Міжнароднай арганізацыі працы, даць ацэнку такім дзеянням улад.

Зразумела, да ўсебеларускага асуджэння такой неканстытуцыйнай з’явы яшчэ далёка, аднак невялікі зрух ёсць. Заклікі да ўдзелу ў суботніку сёлета мелі ў сабе падкрэсленае ўзгадванне аб добраахвотнасці.

Ну а як доўга будуць існаваць у Беларусі некамуністычныя прымусовыя суботнікі залежыць больш ад тых, хто на іх выходзіць, пагаджаючыся на прымусовую знявагу сваёй працы і таптанне законных правоў.