Ніва № 18 (2451), 4 мая 2003 г.

Укласціся з меншасцямі

Аляксандр МАКСІМЮК

Польшча ўсё не сфармулявала сваіх адносін да нацыянальных меншасцей. Народная Польшча праводзіла маральна няслушную, але з пункту погляду сваіх інтарэсаў вельмі паспяховую палітыку — трымала пад клапаном усё грамадства, не дапускаючы заіскрыцца міжнацыянальным сутыкам („можаш сабе быць добрым беларусам/ літоўцам/ украінцам/ ... абы толькі ты быў добрым палякам” — сцвярджаў нефармальны лозунг сакратароў парткамітэтаў). Сучаснае дзяржаўнае чынавенства здаецца быць пазбаўленым гэткіх ясных арыенціраў. Зусім ясная затое іншая акалічнасць — прыналежнасць краіны да еўрапейскага элітнага клуба прымушае яе ўкласціся са сваімі меншасцямі.

Тое ўзаемнае ўкладанне толькі пацвярджае, што няма ў ім адной думкі — дзяржава фінансава падтрымлівае культурныя мерапрыемствы меншасцей, а прытым разбаўляе кампактнасць меншаснага этнасу, насаджаючы тэрыторыю пунктамі памежнай аховы, у персанале якой часамі паўштату для мясцовай прыбіральшчыцы (у дэкларацыях жа мелі быць новыя месцы працы аўтахтоннаму насельніцтву), раз затарможвае ўзвядзенне нацыянальных сімвалаў (помнік закатаваным беларускім вазакам у Бельску-Падляшскім), іншым разам робіць з гэтага выбарчы спектакль (адкрыццё таго ж помніка напярэдадні самаўрадавых выбараў 2002 г.).

Нягледзячы на гэтую хісткасць узаемадачыненні рухаюцца наперад — польскі ўрад паслаў у 2002 годзе генеральнаму сакратару Рады Еўропы дзяржаўны рапарт аб выконванні Польшчай Рамачнай канвенцыі па ахове нацыянальных меншасцей, а 15 красавіка 2003 г. у Беласток прыехала група спецыялістаў Дарадчага камітэта Рамачнай канвенцыі пазнаёміцца з пунктам погляду меншасцей. У групу ўвайшлі: Атанасія Спіліпулу Акермарк (Athanasia Spilipoulou Akermark, першая намеснік старшыні Дарадчага камітэта), Лідзія Баста Флайнер (Lidija Basta Fleiner, сябра Дарадчага камітэта), Тоніо Алул (Tonio Ellul, таксама сябра) і Ален Шабле (Alain Chablais, ад Сакратарыята Рамачнай канвенцыі). Арганізатарам сустрэчы спецыялістаў з прадстаўнікамі нацыянальных меншасцей была Ваяводская ўправа. Сама сустрэча, калі ўзяць пад увагу раней сказанае і агульную нявыкрышталізаванасць адносін урада да меншасцяў, была ані яўнай, ані засакрэчанай (цяжка пранікнуць, чаму запрасілі Яўгена Вапу, а „Ніву” ці „Часопіс” абышлі ўвагай), удзел у ёй прадстаўнікі прэсы прымалі і адначасна не прымалі (закрыта для прэсы, але „Ніва” і меншасная праграма Радыё Беласток былі), ад сустрэчы можна спадзявацца вынікаў (будзе рапарт), але яны не ў сіле паўплываць на ўрад Польшчы (так сцвердзілі самі аўтары будучага дакумента).

У час сустрэчы выказаліся прадстаўнікі беларусаў, літоўцаў, расіян і татараў. Ірэна Гаспяровіч ад Супольнасці літоўцаў у Польшчы заявіла, што жыццё не такое ўжо і прыгожае, як тое прадстаўляецца ў дзяржаўным рапарце. Размяшчэнне пагранічнай аховы ў Пуньску, паводле яе, пярэчыць запісам Рамачнай канвенцыі, бо на самай справе ўяўляе крок, які мае на мэце парушыць нацыянальную структуру насельніцтва Пуньска. І. Гаспяровіч звярнула таксама ўвагу на закрыванне школ з літоўскай мовай па фінансавых прычынах. Думку І. Гаспяровіч падтрымаў старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства Ян Сычэўскі, які сказаў, што рапарт загладжаны і хутчэй уяўляе юрыдычны стан, а не рэальнае жыццё ў дэталях. Ён дадаў, што ў Польшчы ўжо трынаццаты год рыхтуецца і з-за недахопу палітычнай волі не можа прабіцца закон аб нацыянальных меншасцях. Старшыня Беларускага саюза Яўген Вапа звярнуў увагу, што ў Польшчы адказнасць за нацыянальныя меншасці сапхнута на няўрадавыя арганізацыі тых жа меншасцей — арганізацыі атрымліваюць датацыю на канкрэтныя мерапрыемствы, але не на штаты, і не на сядзібы. Уявіце сабе — аргументаваў ён, — што раптам польскім дамам культуры спыняецца датацыя на ўтрыманне іхніх сядзіб. Я. Вапа сказаў таксама, што гістарычныя назвы мясцовасцей, у якіх жывуць беларусы былі спольшчаны — цяпер мясцовая адміністрацыя палохае, што вяртанне да старых назваў (змена табліц) можа адбыцца толькі за кошт саміх жыхароў. І ўрэшце, закончыў Я. Вапа, Польшча парушыла запіс Рамачнай канвенцыі, калі ў апошніх самаўрадавых выбарах так пераўфармавала акругі, што беларусы апынуліся ў меншасці. У гэтай справе афіцыйна пратэставаў дэпутат ад СЛД Яўген Чыквін. Тут голас узяла Т. Спіліпулу Акермарк, якая перапытала, ці пратэст напэўна спасылаўся на 16 артыкул Рамачнай канвенцыі, а потым дадала, што змена выбарчых акруг — „цяжкі закід”.

Дзяржаўны рапарт аб выконванні Польшчай Рамачнай канвенцыі па ахове нацыянальных меншасцей — рэч вартая чытання і замала рэкламаваная сярод саміх меншасцей. Знаходзіцца ён па адрасе http://www.mswia.gov.pl/pdf/raport_mn.pdf, Складаецца ён з шасці частак: 1) агульнай інфармацыі пра нацыянальныя меншасці (чыноўніцкі погляд на нас варты выключнай увагі, бо калі б не ўваход Польшчы ў Еўрасаюз, наўрад ці мелі б мы доступ да гэткіх рэсурсаў), 2) інфармацыі пра выконванне Польшчай Рамачнай канвенцыі — гэты раздзел можа таксама паслужыць як тэкст самой канвенцыі (тут цытуюцца яе артыкулы, пасля якіх ідзе ўрадавы каментарый), 3) інфармацыі пра органы і ўстановы, якія ў Польшчы займаюцца меншаснай палітыкай, 4) інфармацыі пра злачыннасць, 5) кароткага падсумавання, 6) дадатку, які змяшчае польскае заканадаўства ў дачыненні да нацыянальных меншасцей і дамовы Польшчы з краінамі-суседзямі.

Як і кожнае чыноўніцкае сачыненне, рапарт трэба чытаць крытычна — пішуць там, прыкладова, што прадстаўнікі беларускай меншасці засядаюць у польскім парламенце актуальнага склікання, але ў час сустрэчы са спецыялістамі Дарадчага камітэта Рамачнай канвенцыі па ахове нацыянальных меншасцей у Беластоку не было ніводнага парламентарыя, ні польскага, ні беларускага. Замалая справа?