Ніва № 17 (2450), 27 красавіка 2003 г.

Хрыстос уваскрос

Міхал МІНЦЭВІЧ

Няма важнейшай урачыстасці ў жыцці хрысціянства і няма ў зямным жыцці большай радасці чым радасць ад Уваскрэсення Збавіцеля — падкрэсліваецца ў Праваслаўнай царкве. У адрозненне ад Каталіцкага касцёла праваслаўнае свята Уваскрэсення называецца Пасхай Хрыста або Светлым Хрыстовым Уваскрэсеннем. Яно называецца сэрцам усегадовага літургічнага цыкла — святам свят і ўрачыстасцю ўрачыстасцей.

Паводле юліянскага календара Велікоднае свята сёлета выпадае 27 і 28 красавіка — тыдзень пасля свята паводле грыгарыянскага календара, якім карыстаецца заходняе хрысціянства. Да XIV ст. так каталіцкі, як і праваслаўны Вялікдзень выпадаў дакладна ў той самы час. Разыходжанні ўзніклі тады, калі Каталіцкі касцёл увёў новы грыгарыянскі каляндар. З тае пары адначасны Вялікдзень выпадае рэдка; найчасцей бывае ён тыдзень пасля каталіцкага, а бывае і два-чатыры тыдні пазней.

Прынцып вызначання даты Вялікадня быў прыняты Першым Усяленскім саборам у Нікеі ў 325 годзе, згодна якому нядзеля пасля першай вясенняй поўні пасля (ніколі раней) яўрэйскай Пасхі з’яўляецца велікоднай нядзеляй.

Велікодную радасць папярэджвае саракадзённы перыяд Вялікага посту, які — як і ў каталіцкай рэлігіі — рыхтуе праваслаўных вернікаў да пасхальнай містэрыі. Вялікі пост завяршае Вялікі тыдзень, які пачынаецца Вербнай нядзеляй у памяць Гасподняга ўваходу ў Іерусалім.

Найважнейшыя ўрачыстасці пачынаюцца ў Вялікі чацвер. Вечарам у храмах чытаюцца дванаццаць вытрымак з Евангелляў аб пакутах Хрыста, пасля якіх хор спявае ўрачыстыя песні, у іх ліку „Разбойнік”. Вернікі ў той час трымаюць у руках запаленыя свечкі, якія пасля набажэнства стараюцца данесці разам з агнём дадому; паводле павер’яў данесены агонь мае гарантаваць поспехі на цэлы год.

У Вялікую пятніцу — у час строгага посту — на сярэдзіну храма выносіцца плашчаніца з выявай Хрыста пакладзенага ў труну, пасля чаго вернікі прыкладаюцца да яе і цалуюць. Набажэнства пакланення перад плашчаніцай пачынаецца пасля абеду і працягваецца да позняга вечара.

У Вялікую суботу бацюшка пасля богаслужэння едзе ў аддаленыя вёскі пасвянціць там пасху: яйкі, мяса, печыва і іншыя стравы. Здавён-даўна святары прыходзілі свянціць пасху ў хаты і не былі гэта адно сімвалічныя колькасці ежы, якой павінна было хапіць на цэлы тыдзень. У той дзень мянялася таксама літургічнае прыбранне храма з чорнага на белае. Увечары пачынаецца набажэнства завяршаючае святкаванні Вялікага тыдня.

Галоўная велікодная ўрачыстасць пачынаецца роўна ў поўнач з суботы на нядзелю. Перад плашчаніцай, якая знаходзіцца пасярэдзіне храма, правіцца ютрань, якую называюць іерусалімскай. Вернікі ўпоцемку смуткуюць аб Хрыстовых пакутах; паўторнае прышэсце Хрыста мае наступіць менавіта ў пасхальную ноч. Апоўначы найважнейшы святар заносіць плашчаніцу ў алтар і гэтая падзея абазначае канец Вялікага посту.

Пачынаюць біць званы і вернікі выходзяць з храма на хрэсны ход а за імі зачыняюцца дзверы царквы. Шэсце вернікаў тройчы абыходзіць храм, пасля чаго святар знакам крыжа адчыняе дзверы ў царкву, якія будуць адкрыты ўвесь тыдзень — гэта сімвал адкрыцця дзвярэй у рай людзям дзякуючы смерці і ўваскрэсенню Хрыста. Ужо ў царкве бацюшка словамі „Хрыстос уваскрос” аб’яўляе радасную навіну аб уваскрэсенні Госпада, а вернікі тройчы адказваюць „Сапраўды ўваскрос”. Адначасна жадаюць яны ўзаемна поспехаў, тройчы цалуюцца, сімвалізуючы дараванне крыўдаў. Пасля літургіі, якая канчаецца каля шостай гадзіны раніцы, бацюшка свенціць пасху ўсім прысутным вакол царквы вернікам.

Цэлы тыдзень пасля Вялікадня называецца Светлым тыднем і гэты перыяд лічыцца часам прысутнасці Хрыста ў сваёй Царкве. Доказам радасці ад Уваскрэсення з’яўляецца забарона кленчыць і біць паклоны. Кожны дзень вернікі павінны адзначаць Уваскрэсенне пачынаючы сама менш з малой літургіі і частуючы блізкіх пасвенчанай ежай.

У велікодны перыяд надзвычайна падкрэсліваецца лучнасць жывых з памерлымі. У трэці дзень свята вернікі пасля выхаду з храма наведваюць магілы блізкіх і паведамляюць іх аб уваскрасенні Хрыста, запальваюць свечкі. Ад свята пачынаецца саракадзённы велікодны перыяд, у час якога вернікі вітаюцца словамі „Хрыстос уваскрос”.

Паводле царкоўнай традыцыі першыя шлюбы могуць адбывацца не раней чым тыдзень пасля Пасхі, затое вельмі папулярнымі ў той час становяцца хрысціны.