Ніва № 17 (2450), 27 красавіка 2003 г.

Датчане ў Шлезвіг-Гольштэйне

Ганна КАНДРАЦЮК

Датчане ў Нямеччыне займаюць паўночую частку краіны-ланда Шлезвіг-Гольштэйна. Іх колькасць мяркуецца на 50-60 тысяч. Меншасць актыўна ўдзельнічае ў палітычным і гаспадарчым ды культурным жыцці рэгіёна і краіны.

Як адзіныя ў свеце нацмены выдаюць газету-штодзёнку: Flensborg Avis. Выходзіць яна з 1869 года і з’яўляецца найстарэйшай газетай нацыянальных меншасцей у Нямеччыне.

Адкуль датчане ў Нямеччыне?

Датчане пражываюць на сваіх этнічных землях, якія раней належалі Даніі, а з 1864 г. — Прусіі. Тэрытарыяльны абсяг вызначаюць лініі: на поўначы — мяжа з Даніяй, на поўдні — рака Айдэр. Ніжэй ракі Айдэр не выступаюць большыя населеныя датчанамі пункты.

У межах Нямеччыны датчане апынуліся пасля мірнага Версальскага дагавору з 28 чэрвеня 1919 года. Тэрыторыя Шлезвіга была раздзелена на дзве акругі, і іх прыналежнасць мелі вызначыць самі жыхары. Плебісцыт праходзіў 10 лютага і 14 сакавіка 1920 года. У паўночнай акрузе большасць прагаласавала за прыналежнасць да Даніі, у паўднёвай — да Нямеччыны. Пад уплывам вынікаў плебісцыту была праведзена новая мяжа, аднак па абодвух яе баках надалей заставалася пэўная колькасць немцаў і датчан. Таму рашэнні ў адносінах да адной меншасці мелі ўплыў на сітуацыю другой.

Выпрацавалі еўрапейскія ўзоры

Сёння сітуацыя датчан у Шлезвігу-Гольштэйне лічыцца еўрапейскім узорам у галіне аховы правоў нацыянальных меншасцей. Спецыялісты жартуюць, што тут паспрыяў прускі дух пашаны для закону. Свой юрыдычны статус дацкая меншасць вызначыла ўжо ў 1947 годзе, дарэчы, пры дапамозе брытанцаў, якія акупіравалі іх тэрыторыю. У першую чаргу была аформлена справа школьніцтва. У дацкія школы маглі запісацца адно дзеці, якіх прынамсі адзін з бацькоў прыналежаў да Аб’ядання Паўднёвага Шлезвіга (SSF — Sydslesvigsk Forening), або тыя, што ўжо вучыліся ў дацкіх школах. Такая сітуацыя ўзнікла ад „маланкавага” росту прадстаўнікоў дацкай меншасці. Пасля вайны аселі тут тысячы перасяленцаў з Усходняй Прусіі і Польшчы, для якіх нацыянальную прыналежнасць часта вызначала кан’юнктура. Спачатку дзеячы згаданага Аб’яднання дамагаліся перасялення ўцекачоў, якіх тут было найбольш у параўнанні з іншымі ландамі. Узамен датчане атрымалі спецыяльны выбарчы статус, іх перастаў абавязваць пяціпрацэнтны выбарчы парог. У практыцы гэта абазначае гарантыю займець прынамсі аднаго дэпутата ў Ландтагу. Такую ж прывілею атрымалі немцы ў Даніі (у 1955 годзе). Сёння адсутнасць пяціпрацэнтнага выбарчага парога лічыцца еўрапейскім стандартам у дачыненні да меншасцей. У Польшчы ён усё не дзейнічае, што балюча адчулі беларусы ў час апошніх выбараў у самаўрады.

Паводле шлезвігска-гольштэйнскага ўзору — сучаснае разуменне справы вызначэння нацыянальнай меншасці. Мы самі можам свабодна акрэсліць сваю нацыянальную прыналежнасць, згодна з уласнымі перакананнямі. У кожным выпадку праблемы не можа вырашаць за нас чыноўнік, этнограф ці палітык. Рэальны лік меншасці вызначаюць выбарчыя вынікі.

Нацыянальнае школьніцтва і арганізацыі

У дацкай меншасці ў Нямеччыне на высокім узроўні нацыянальнае школьніцтва. Згаданыя абмежаванні былі адменены ўжо ў 1949 г. у Кільскай дэкларацыі краёвага ўрада Шлезвіг-Гольштэйна. Зараз пра навучанне дзіцяці ў дацкай школе вырашаюць бацькі. Дацкія навучальныя ўстановы дзейнічаюць на прынцыпах прыватнага школьніцтва. Іх кошт у 80% аплачвае дзяржава. Такім чынам бацькі могуць прыдбаць найлепшых настаўнікаў і наладзіць навучанне на самым высокім узроўні.

За працай школьніцтва назірае Дацкі школьны саюз у Паўднёвым Шлезвігу.

Традыцыя нацыянальных школ — з часоў плебісцыту 1920 г. Найбольшая колькасць навучэнцаў (па згаданых прычынах) была ў 1947 годзе — 14,2 тысячы. У наступных гадах назіраем значнае зніжэнне ліку вучняў. У 1963/64 было 74 школы і 3 845 навучэнцаў. Сёння ў 53 дацкія школы ходзіць 5 200 вучняў, дзейнічаюць таксама 63 дзіцячыя садкі з 1 900 дзяцьмі.

Галоўная арганізацыя меншасці — Аб’яднанне Паўднёвага Шлезвіга. Арганізацыя ўзнікла ў 1946 годзе, папярэднікам яе было Шлезвігскае згуртаванне, якое каранямі сягае 1843 года і пасля ў 1920 г. было вернута да жыцця. Сёння налічвае яно пад 5 000 членаў.

Дацкая меншасць вядзе актыўную палітычную дзейнасць, з 1947 года ўдзельнічае ў выбарах у Ландтаг, а ў 1949-61 гг. таксама ў Бундэстаг. Палітычным прадстаўніком дацкай (разам і фрызійскай) меншасці — Паўднёва-шлезвігскае аб’яднанне выбаршчыкаў. У выбарах у Ландтаг у 1992 набрала яно 28 245 галасоў.

Гаспадарка і культура

Да ІІ сусветнай вайны Шлезвіг-Гольштэйн быў небагатай сельска-рыбалоўчай краінай. Яго развіццё наступае ў 1973 годзе пад уплывам фінансавай дапамогі з фондаў падтрымкі рэгіянальнай гаспадаркі. Мяняецца гаспадарчая структура, развіваецца прамысловасць і інфраструктура, сельская гаспадарка мадэрнізуецца. Зараз належыць да самых сучасных у Нямеччыне. У асноўным апіраецца яна на гадоўлю малочных кароў і авечак. Вядомая і на Беласточчыне карова шлезвігска-фрызійскай пароды. Шлезвіг-Гольштэйн займае першае месца ў Нямеччыне ў галіне выкарыстання энергіі ветру — працуе тут 1 500 электрастанцый-ветракоў. У Любеку і Кілі працуюць 3 універсітэты і 2 вышэйшыя прыватныя прафесійныя школы. Міжнародную вядомасць прыдбаў Інстытут сусветнай гаспадаркі, што ў Кільскім універсітэце. Тут знаходзіцца адна з самых багатых эканамічных бібліятэк свету. Кільскі універсітэт славіцца таксама доследамі ў галіне акеанаграфіі.

Зараз большасць датчан Нямеччыны пражывае ў наваколлі горада Фленсбурга, а таксама ў сталіцы ланда Кілі. Многія далей астаюцца жыць у вёсках і адначасна працуюць у гарадах. Вясковыя дамы датчан размерам у многім падобныя да нашых беларускіх. Пабудаваны яны з чырвонай цэглы, амаль усе дахі крытыя чырвонай чарапіцай. Яны невялікія і функцыянальныя, аднак, у адрозненні ад нашых, будынкі разам з панадворкам вельмі дагледжаныя.

Датчане, як і беларусы, любяць коней. Трымаюць іх дзеля прыемнасці, палюбавацца красой гэтай жывёлы.

Крыніца: Grzegorz Janusz — Mniejszosci narodowe w Niemczech; энцыклапедычны даведнік Сучасная Нямеччына.