Ніва № 17 (2450), 27 красавіка 2003 г.

У Іраку будуюць дарогі

Яўген МІРАНОВІЧ

Пасля трох тыдняў вайны амерыканскіх, англійскіх, польскіх і аўстралійскіх войск супраць Ірака „вызваліцелі” захапілі Багдад і аб’явілі перамогу. У варшаўскім тэлебачанні паказалі каля сотні калабарантаў, якія здзекаваліся над разбураным амерыканцамі помнікам Садаму Гусейну. У той жа дзень польскія журналісты і публіцысты паўтаралі, што іракскі народ вельмі ўдзячны амерыканцам за вызваленне і самастойна рушыў знішчаць сімвалы свае няволі. Народам назвалі сотню людзей з ліку пяцімільённага насельніцтва сталіцы Ірака. У „вызваленых” гарадах, у якіх спыніла працу іракская ўлада, пераможцы стварылі люду ўмовы для выяўлення поўнай свабоды. Натоўп кінуўся рабаваць усё, што ўяўляла якую-небудзь каштоўнасць. Дзень „вызвалення” абярнуўся ў горшы кашмар за дні і ночы пад амерыканскімі бомбамі, — гаварылі пазбаўленыя маёмасці іракцы. Помнікі старажытнай культуры, якія прастаялі тысячагоддзі — былі разбіты або расцягнуты мясцовымі бамжамі.

Яшчэ падалі бомбы, гучалі выстралы, а „дэмакратычны і прагрэсіўны” свет пачаў разважаць пра адбудову Ірака. Вялікі брат з-за акіяна вызначыў на дапаможнікаў у „адбудове” толькі найбольш адданых яму саюзнікаў. Палічылі нават, што кошт вайны абышоўся сумай каля 40 мільярдаў долараў, але ў распараджэнні „вызваліцеляў” апынуліся залежы нафты вартыя 8,5 більёна долараў. Такога багацця не захапіў нават Юлій Цэзар у старажытным Егіпце.

Несумненна, у Іраку будуць будаваць дарогі і нафтаправоды. Сыравіну трэба неяк давезці ў парты. Іракцам таксама будзе зручней атрымліваць свежыя бананы, чыпсы, гамбургеры і кока-колу. Можа некаторыя будуць яшчэ страляць да свабодалюбівых амерыканскіх салдатаў, але „свабодныя і незалежныя сродкі масавай інфармацыі” напэўна высветляць сусветнаму грамадству, што гэта шалёныя злачынцы ад Садама або нават і сам Бен Ладэн.

Едучы самаходам па беластоцкіх дарогах чалавек задумоўваецца як выглядаюць вуліцы Багдада пасля „вызвалення”. У нас немагчыма праехаць і сотні метраў, каб не ўваліцца ў яму. Пра меншыя дзіркі не варта нават успамінаць. Хаця наша краіна знаходзіцца ў стане вайны з Іракам, але, здаецца, гэта не іракская авіяцыя ўчыніла тут такое спусташэнне.

Кожнага дня ў тэлебачанні можна пачуць як салідарнасць з іракскім народам прымушае нашых дзяржаўных дзеячаў пасылаць будаўнічых у Ірак дапамагаць жыхарам гэтай краіны прыйсці да дабрабыту і дэмакратыі. Дзеля гэтага будуць арабам пракладаць дарогі, узводзіць палацы і фабрыкі. Але з другога боку, калі глыбей над гэтым задумацца, можна засумнявацца, ці іракцам нехта дазволіць ездзіць па гэтых аўтастрадах. У тэлебачанні паказалі таксама, што ўсе дарогі хуткага руху знаходзяцца цяпер выключна ў распараджэнні амерыканскіх генералаў. Энтузіязм будаўніцтва на арабскай зямлі проста прымушае схіліць галаву перад дабрачыннасцю Буша, Блера ці Кваснеўскага, а таксама ўласнікаў шматлікіх фірмаў, якія проста жывуць ідэяй будавання і толькі мараць, каб служыць няшчасным арабам, якія так доўга цярпелі пад панаваннем тырана. Можна спадзявацца, што багацце іракскай зямлі будзе добра выкарыстана. Да гэтай пары яно проста нішчэла, а садамаўскія салдаты нават час ад часу наўмысна падпальвалі нафтавыя вышкі.

Цывілізацыя ў Ірак прыляцела на амерыканскіх самалётах Б-52 ды прыехала на насычаных электронікай танках. Працягваецца паляванне на кіраўніцтва краіны. Можна, напрыклад, падумаць, што было б у снежні 1981 года, калі б не было Савецкага Саюза і амерыканцы з іншымі краінамі „свабоднага свету” рушылі б вызваляць палякаў ад рэжыму Войцеха Ярузельскага. Калі б сучасныя кіраўнікі краіны, якія тады былі членамі цэнтральных улад камуністычнай партыі, не загінулі ад інтэлігентных бомбаў, „вызваліцелі” несумненна паставілі б іх перад судом, абвінаваціўшы ў праследаванні дэмакратычнай апазіцыі. Мала аднак праўдападобна, што вызваліцелі пабудавалі б палякам такія ж камфартабельныя дарогі як цяпер іракцам. У Польшчы ёсць толькі вугаль, а гэта надта танная сыравіна. Саюзнікам вялікі брат з-за акіяна дарог наогул не будуе, а толькі прадае самалёты, якія павінны выкарыстоўвацца ў чарговых мірных місіях, як у Іраку, а раней — у Сербіі. Амерыканскія палітыкі ўжо загаварылі пра небяспечныя „для свабоднага свету” рэжымы ў Сірыі і Іране...