Ніва № 17 (2450), 27 красавіка 2003 г.

Супярэчлівая гімназія

Аляксей МАРОЗ

У час сесіі Рады горада Гайнаўкі, якая адбылася 31 сакавіка, бурную дыскусію выклікала прапанова бурмістра Анатоля Ахрыцюка стварыць у Гайнаўцы Гімназію н-р 3 з інтэграванымі аддзяленнямі. Супраць гэтай прапановы выступілі радныя Беларуска-народнага выбарчага камітэта. Звярнулі яны ўвагу, што стварэнне чарговай гімназіі ў горадзе, у якім пастаянна скарачаецца колькасць дзяцей, спрычыніцца абмежаванню колькасці кандыдатаў у Гімназію з дадатковым навучаннем беларускай мовы. Гэта магло б давесці да ліквідацыі беларускай гімназіі.

— Большасць з нас памятае, як цяжка было арганізаваць беларускую гімназію. Аднак на працягу чатырох гадоў дзейнасці яна добра ўпісалася ў асветную карту Гайнаўкі. Гэта дзякуючы ўзнікненню беларускай гімназіі выдатна павялічылася колькасць дзяцей, якія вывучаюць беларускую мову. Адной з задач Беларуска-народнага выбарчага камітэта з’яўляецца дбайнасць, каб навучанне беларускай мовы стала ўсеагульным, а сённяшняя пастанова напэўна гэтаму не спрыяе, — зачытаў заяву БНВК дырэктар Комплексу школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы Яўген Сачко.

Ад імя грамадскасці сваёй школы Яўген Сачко прасіў стварыць лепшыя ўмовы для белгімназіі і пакрытыкаваў асветную дзейнасць улад Гайнаўкі на працягу апошніх чатырох гадоў. Паводле яго, непатрэбна абмяжоўвалася колькасць аддзяленняў Падставовай школы н-р 2, у якой былі добрыя ўмовы навучання. За апошнія гады разбудавана была Падставовая школа н-р 5, а рамонт яе старых будынкаў патрабаваў вялікіх фінансавых сродкаў. Для патрэб гэтай школы рамантаваны быў будынак Польскай аб’яднанай рабочай партыі. Калі перадавалі яго ў карыстанне Політэхнічнаму інстытуту, трэба было нанава перарабляць некаторыя змяненні. Напрыклад, гімнастычная зала назад стала канферэнц-залай. Зараз прапануецца перасяліць школу н-р 5 у будынкі ПШ н-р 1. Дырэктар Яўген Сачко крытычна ацаніў прапанову ліквідацыі Падставовай школы н-р 3, у якой спрыяльная атмасфера і добрыя ўмовы навучання.

Бурмістр Анатоль Ахрыцюк і радныя ад СЛД і правых груповак пераканалі за стварэнне новай гімназіі з інтэграцыйнымі аддзяленнямі. У галасаванні „за” выказаліся 13 радных (супраць прагаласавала 6 радных, у тым ліку ўсе 5 радных БНВК і 1 устрымаўся). На базе Гімназіі н-р 3 і Падставовай школы н-р 2 быў створаны Комплекс школ з інтэграцыйнымі аддзяленнямі.

Многа дыскусіі выклікаў праект павышэння цэн на ваду, транспарт і ачышчанне сцёкаў. Большасць радных (12 асоб) прагаласавалі за новымі цэнамі (вада падаражэла з 1,25 на 1,36 зл., а сцёкі — з 1,85 на 2,15 зл.).