Ніва № 17 (2450), 27 красавіка 2003 г.

Рэканструкцыя „Гараднiцы”

Юры ГУМЯНЮК

Падобна на тое, што гродзенскiя ўлады хутка возьмуцца за рэканструкцыю гiстарычнай Швайцарскай далiны — так званай „Гараднiцы”, якая знаходзiцца ў цэнтры Гродна ў раёне вулiцы Элiзы Ажэшкi. „Рэканструкцыя” якраз упiсваецца ў iнiцыяванае прэзiдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам сёлетняе „добраўпарадкаванне Беларусi”. Але цi атрымаецца добраўпарадкаваць Швайцарскую далiну належным чынам — пакуль невядома.

Планы i задумы па рэканструкцыi „Гараднiцы” iснуюць ужо не адзiн год. Розняцца адно канцэпцыi i падыходы спецыялiстаў да праблемы аднаўлення гiстарычнага аблiчча маляўнiчай мясцiны. Бо, на першы погляд, адносна невялiкая ў памерах горада прастора з’яўляецца адначасова вельмi складаным паводле геадэзiчных параметраў „участкам” i патрабуе шмат падрыхтоўчай працы, не кажучы пра значныя фiнансавыя ўкладаннi. Найбольш цiкавы праект рэканструкцыi „Гараднiцы” прапанаваў старшыня абласнога аддзялення Саюза беларускiх архiтэктараў Аляксандр Штэн.

— Над гэтым праектам я працаваў дзевяць месяцаў, — прызнаецца аўтар. — I цяпер ён павiнен быць зацверджаны Дэпартаментам па захаваннi нацыянальнай спадчыны ў Мінску. Тады працы на вызначанай тэрыторыi пачнуцца ўжо ўлетку, з надыходам сапраўднай цеплынi. Нешта можна было зрабiць ужо ў мiнулым годзе, бо ў мясцовым бюджэце тады мелiся немалыя сродкi на экалогiю i добраўпарадкаванне, але iх своечасова не „асвоiлi” па прызначэннi...

Аляксандр Штэн лiчыцца ў Гродне адным з самых таленавiтых i знаных спецыялiстаў. Ягоны праект рэканструкцыi Швайцарскай далiны сапраўды ўражвае. Аўтар улiчыў, змераў i перапiсаў кожнае дрэва, кожны кусцiк, каб нi ў якiм выпадку не парушаць натуральнасць прыроднага ландшафту. За базавы матэрыял ён узяў план рэканструкцыi „Гараднiцы”, створаны яшчэ „за польскiм часам” у 1931-1933 гг. Гэты ж план бралi за ўзор i немцы падчас акупацыi ў 1941-1944 гг. Аднак „пры саветах” паважнымi распрацоўкамi „Гараднiцы” нiхто не займаўся. Трэба было змагацца „на ідэалагічным фронце”...

Цяперашнiя кiраўнiкi Гродзеншчыны ўсур’ёз занялiся добраўпарадкаваннем горада. З гэтай нагоды напрыканцы сакавiка старшыня гродзенскага гарвыканкама Аляксандр Антоненка правёў адмысловую прэс-канферэнцыю. Высветлiлася, што 25% мясцовай каналiзацыi патрабуе капітальнага рамонту. Чакае тэрмiновага вырашэння набалелая праблема „аварыйнасцi Каложскай царквы”. Ужо шмат гадоў iдзе гаворка пра ўмацаванне крутога берага Нёмана, каб уратаваць пэрлу беларускага дойлiдства — Барыса-Глебскую царкву ХІІ стагоддзя ад магчымай катастрофы — падмыву ракой i абсоўвання грунту.

Гродзенскiя ўлады вядуць зараз перамовы i з польскiмi фiрмамi ў справе утылiзацыi побытавых адкiдаў. Эксперымент з новымi скрынямi для смецця спярша правядуць у мястэчку вiлаў i катэджаў — прадмесцi Гродна „Паўднёвы”. Курыруе „добраўпарадкаванне горада” намеснiк старшынi гарвыканкама Анатоль Кунаш.

Не менш набалелай у Гродне з’яўляецца праблема пабудовы новых грамадскiх прыбiральняў, якiх катастрафiчна не хапае ў горадзе. Знакамiтая грамадская прыбiральня, што на Савецкай плошчы насупраць Фарнага касцёла, ужо перададзена ў прыватныя рукi. А тая, што ў Парку iмя Жылiбера, — больш за год зачыненая на рамонт. Не цяжка ўявiць сітуацыю, калi з надыходам сапраўднай цеплынi распачнецца паўсюдны вулiчны гандаль пiвам...

— У сваiм праекце рэканструкцыi „Гараднiцы” я прадугледзеў пабудову новага туалета, — працягвае свой аповед архiтэктар Аляксандр Штэн. — Гэта вельмi важны элемент захавання чысцiнi на гэтай тэрыторыi. Акрамя запланаваных сцяжынак, лавак, лiхтароў, альтанак, мосцiкаў праз рэчку Гараднiчанку і дэкаратыўных водных каскадаў, трэба будзе абавязкова збудаваць лiўневую каналiзацыю i лакальныя фiльтры для ачысткi вады...

Усё гэта файна. Але пакуль невядома: цi ўдасца гродзенскiм уладам у абвешчаны прэзiдэнтам „год добраўпарадкавання Беларусi” рэалiзаваць на практыцы свае задумкi i ўлiчыць рэкамендацыi спецыялiстаў. Бясспрэчна адно: метадычнае захаванне чысцiнi толькi падкрэслiць прыгажосць горада над Нёманам.