Ніва № 17 (2450), 27 красавіка 2003 г.

Беларускія праблемы ААН

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Колькі краін існуе на свеце і практычна ўсе прадстаўленыя ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Створаная пасля другой сусветнай вайны ААН доўгі час была структурай, куды ўваходзілі дзяржавы з самымі рознымі, а дакладней супрацьлеглымі поглядамі на развіццё як іх саміх, так і навакольнага свету.

Няма сумнення, на працягу папярэдняга паўстагоддзя ААН адыграла немалую ролю ў залагодненні канфліктаў, у першую чаргу, паміж СССР і ЗША, як вядучымі дзяржавамі супрацьстаячых сістэм — сацыялістычнай і капіталістычнай. Наколькі добра ўсё гэта ўдавалася, напэўна, застанецца для ацэнкі, якую дадуць наступныя пакаленні. Тым не менш, на сёння бачна, што ў дзейнасці ААН наспеў даволі сур’ёзны крызіс. І выявіўся ён апошняй вайной у Іраку.

З любога крызісу маюць быць два выхады — альбо арганізацыя, зрабіўшы ў сабе пэўныя пераўтварэнні, узмоцніцца, альбо сыдзе ў гісторыю, як ужо не выконваючая свае функцыі ў сучаснасці. Некаторыя апошнія падзеі ў яе структурах паказваюць, што арганізацыя мае шанц выжыць як палітычнае аб’яднанне народаў і не пераўтварыцца ў штосьці гуманітарна-дабрачынна-бяззубае.

З сярэдзіны красавіка ў Камісіі ААН па правах чалавека ўпершыню ў гісторыі пачаўся разгляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Пікантнасць становішча ў тым, што беларускія ўлады апошнім часам, крытыкуючы ЗША за няўзгодненыя з ААН дзеянні ў Іраку, выстаўлялі сябе як барацьбітоў за міжнароднае права. Але як аказалася, пясчынку ў воку бліжняга заўважыць лягчэй, чым бервяно ва ўласным.

Адпаведны праект рэзалюцыі падрыхтаваны ўжо згаданымі ЗША, а таксама Балгарыяй, Венгрыяй, Чэхіяй, Славакіяй, Польшчай і Латвіяй пераданы на разгляд Камісіі. У праекце між іншага ўтрымліваюцца зважанні на тое, што Беларусь, якая з’яўляецца ўдзельнікам шмат якіх міжнародных дакументаў па абароне правоў чалавека, мусіць іх дакладна выконваць. Аднак гэтага якраз і не адбываецца. Незразумелыя знікненні апанентаў правячага рэжыму, незаконныя арышты і затрыманні, пераслед дзейнасці няўрадавых арганізацый і апазіцыйных партый штурхае да адпаведнага прыцягнення ўвагі, перш за ўсё, самога беларускага ўрада. У праекце рэзалюцыі да яго скіраваны настойлівы заклік звольніць альбо часова адхіліць ад займаемай пасады прадстаўнікоў праваахоўчых органаў, якія маюць дачыненне да выпадкаў знікнення і (альбо) смерці, да правядзення належнага расследавання гэтых выпадкаў. Таксама мусяць быць прыведзеныя ў адпаведнасць з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах дзеянні сіл правапарадку і службаў бяспекі. Павінна быць забяспечана незалежнасць судовай улады, а затрыманыя па палітычных матывах — вызваленыя.

Ці будуць прынятыя ўсе палажэнні прапанаванага праекта рэзалюцыі, пакуль сказаць цяжка. Камісія ААН па правах чалавека чымсьці нагадвае АБСЕ — больш за паўсотні краін з рознымі ўзроўнямі дэмакратыі і павагі да правоў чалавека. Тым не менш, само абмеркаванне дадзенага пытання ўказвае на зацікаўленне станам з правамі чалавека ў беларускай краіне. Гэта цешыць, бо намаганні беларускіх праваабаронцаў не прайшлі бясследна і парушэнні міжнародных пагадненняў у рэшце рэшт мусяць спыніцца. А другім бокам медалю — умацаванне аўтарытэту ААН, арганізацыі, якая нарэшце пачала спрыяць выкананню сваіх задакументаваных патрабаванняў і рэзалюцый.

Дарэчы, па вышэйзгаданым праекце рэзалюцыі прапаноўваецца прызначыць у Беларусь асабістага прадстаўніка Вярхоўнага Камісара ААН па правах чалавека, які б дэталёва вывучаў парушэнні гэтых правоў, здзейсненых урадам Беларусі.

Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь адгукнулася на праект як на „палітычна матываваны”, які „ўтрымлівае сцвярджэнні, не пацверджаныя фактамі з верагодных крыніц”. Амаль па прымаўцы „я — не я, і хата не мая”.