Ніва № 17 (2450), 27 красавіка 2003 г.

Лічу сябе беларускай

Размова з Эвелінай ПЛІC з Шастакова, вучаніцай трэцяга класа Гімназіі ў Чыжах.

— Ты закончыла вучобу ў мінулым годзе з шасцёркамі па ўсіх прадметах, заняла другое месца ў конкурсе па беларускай мове ў Падляшскім ваяводстве і пятае месца ў нашым ваяводстве ў матэматычным конкурсе „Кангур”. Ці апрача вучобы знаходзіш час на іншыя заняткі?

— Вучоба займае многа часу. Аднак, я люблю чытаць. Чытаю кніжкі звязаныя з канкрэтнымі прадметамі і іншыя творы, якія мяне цікавяць. Люблю чытаць па-беларуску. Гуляю з камп’ютэрам і памагаю бацькам у гаспадарцы, бо не хачу жыць толькі на іх кошт.

— Адкуль зацікаўленне беларускімі кніжкамі?

— Я лічу сябе беларускай. Люблю чытаць па-беларуску, бо гэта ж мая родная мова.

— Зараз штораз больш моладзі з беларускіх сем’яў лічыць сябе палякамі. Што мела ўплыў на фарміраванне тваёй нацыянальнай свядомасці?

— Мая сям’я, у якой мы гаворым на беларускім дыялекце, родная вёска Шастакова, дзе таксама часта гавару з сябрамі па-свойму, школа з прадметам беларускай мовы і конкурсы арганізаваныя па гэтым прадмеце.

— Якія конкурсы маеш на ўвазе?

— У падставовай школе прымала я ўдзел у дэкламатарскіх конкурсах беларускай мовы, пасля ўдзельнічала ў конкурсе беларускай гавэнды арганізаваным у Гайнаўскім беларускім ліцэі і нават два разы займала ў ім трэцяе месца. Апошнім часам удзельнічала я ў конкурсе беларускай мовы. Рыхтуючыся да конкурсаў, знаёмілася я з беларускай літаратурай і беларускімі пісьменнікамі, пра якіх раней не чула.

— Ты назвала прадмет беларускай мовы.

— На ўроках беларускай мовы многа не патрабуюць і мы ахвотна на іх ходзім. Можна там пазнаёміцца з беларускімі справамі.

— Ці твае школьныя сябры таксама лічаць сябе беларусамі?

— Большасць моладзі, якая вучыцца ў нашай школе, гэта беларусы. Аднак, не ўсе перакананыя ў гэтым. Некаторыя вучні лічаць сябе палякамі толькі таму, што жывуць у Польшчы. Некаторыя бацькі размаўляюць між сабою па-свойму, а да дзяцей гавораць па-польску. Гэтыя дзеці нават і не ўмеюць гаварыць на беларускай гаворцы, што з’яўляецца штучнай з’явай.

— Артыкулы, у якіх ты апісвала сваю школу і яе наваколле друкаваліся ў „Ніве”. Ці нехта заахвоціў цябе напісаць у наш тыднёвік?

— Ужо добра не памятаю, але мне здаецца, што настаўніца беларускай мовы. Пасля ўжо самой хацелася пісаць.

— Апошнім часам твая карэспандэнцыя ў „Ніву” спынілася.

— На працягу мінулага года мы пачалі выдаваць у школе сваю газетку, у якой я з’яўляюся галоўным рэдактарам.

— Якія тэмы закранаеце ў часопісе?

— У галоўным пішам пра сваю школу і мерапрыемствы, якія ў ёй адбываюцца. Спачатку было многа ахвотных вучняў да пісання артыкулаў, але пасля стала цяжэй. Трэба некаторым напамінаць, каб пісалі тэксты.

— Ці змяшчаеце тэкст на беларускай мове?

— Я запрапанавала, каб зрабіць беларускамоўную частку газеты і пачалі мы рэалізаваць гэтую задуму.

— У гэтым школьным годзе ты прыступіла да прадметных конкурсаў па беларускай, рускай і польскай мовах, па гісторыі і матэматыцы. Якія рэзультаты?

— За выключэннем конкурсу па гісторыі, ва ўсіх іншых я перайшла да раённых элімінацый.

— Ці хопіць часу, каб падрыхтавацца да ўсіх конкурсаў?

— Калі я прыступала да іх то думала, што перамагу толькі ў некаторых і тады буду лепш да іх рыхтавацца. Атрымалася інакш і трэба будзе вучыцца да ўсіх. Думаю, што неяк спраўлюся.

— Два гады ты была старшынёю Школьнага самаўрада, а зараз з’яўляешся яго сакратаром. Чым вы займаецеся?

— Некаторыя школьныя мерапрыемствы арганізуем самі, а ў іншых памагаем. Арганізавалі мы конкурс на найлепшага настаўніка, у якім перамаглі Анна Ляўчук, Галіна Скепка і Ян Навіцкі. Ладзілі конкурс на самы цікавы прадмет, якім вучні назвалі заняткі па інфарматыцы. У час школьных мерапрыемстваў вучні выступаюць з артыстычнай часткай на беларускай мове. Мы разам з сяброўкамі выступаем у школьным калектыве „Гама”.

— У гэтым годзе трэба будзе табе вырашаць, у якую сярэднюю школу падацца.

— Хачу паступаць у Гайнаўскі беларускі ліцэй, бо мне здаецца, што гэта будзе самая лепшая для мяне школа.

— Можа ёсць ужо планы на далейшую будучыню?

— Я хацела б стаць журналістам або суддзёй і рабіць тое, што мяне цікавіць. Здаецца мне, што гэтыя прафесіі зацікавілі б мяне.

— Дзякую за размову.

Гутарыў Аляксей МАРОЗ