Ніва № 15 (2448), 13 красавіка 2003 г.

Шкодная канкурэнцыя

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Годна і прыстойна адзначаюць галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці беларусы ў розных краінах свету. І няма ніякай залежнасці ці з’яўляюцца яны карэннай нацыянальнай меншасцю як у Польшчы і Прыбалтыцы, ці цягам мінулага стагоддзя апынуліся на далёкай чужыне як палітычныя альбо эканамічныя эмігранты. У той жа час у самой Беларусі святкаванне першага абвяшчэння незалежнасці можа прывесці на лаўку падсудных.

Масава святкаваць 85-я ўгодкі незалежнасці БНР у Мінску намерваліся дзве грамадскія структуры. Першая — адмыслова створаны Нацыянальны камітэт па святкаванні, куды ўвайшлі, між іншымі, Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ, Малады Фронт, асобныя відныя дзеячы культуры. Другая — Партыя БНФ, аб’яднаныя сацыял-дэмакраты, некаторыя няўрадавыя арганізацыі. Здаецца, чаго дзяліць — свята адно для ўсіх, тым больш амаль забароненае. Не, кожнаму трэба паказаць, што ён лепшы за іншых і на яго акцыю прыйдзе больш людзей чым на акцыю „канкурэнта”. І таму калі першыя запланавалі святкаванне на нядзелю 23 сакавіка, то другія ніякім чынам не маглі да іх далучыцца і абвесцілі аб „сваім” святкаванні 25-м чыслом. На кожнае мерапрыемства арганізатары мусілі прасіць дазволу ў гарадскіх улад. І дазволы былі дадзены. Але такія, якія больш задавальняюць палітычных праціўнікаў арганізатараў-дэмакратаў — далей ад цэнтра горада і ў меншай магчымасці паказаць сябе, а дакладней прайсціся па цэнтральных вуліцах беларускай сталіцы. Арганізатары нядзельнага святкавання падалі скаргу ў суд, але сабраліся там дзе планавалі спачатку. Вынік — фактычны разгон маніфестантаў, затрыманні, судовыя пакаранні ад папярэджання да 15 сутак арышту. У акцыі ўзялі ўдзел каля 200 чалавек.

У другім выпадку мінскія ўлады не дазволілі прайсці па праспекце Скарыны, накіраваўшы святкуючых у парк Дружбы Народаў, каб тыя пахадзілі вакол яго ў колькасці не большай за 900 чалавек. На гэтае мерапрыемства прыйшло зноў жа 200-250 чалавек.

Зразумела, можна і трэба казаць пра непрыхільнае стаўленне сённяшняй беларускай улады да самой ідэі БНР і ў адказах на просьбы аб дазволе не цяжка знайсці парушэнні дзеючага заканадаўства, але ці могуць супрацьпаставіць хоць нешта дзейснае арганізатары сёлетніх „здвоеных” святкаванняў? Здаецца, не. Ва ўсялякім разе пакуль. Таму варта не далучыцца да слоў старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвілы выказаных з нагоды юбілейнай даты: „Сёння заклікаю кожнага палітычнага і арганізацыйнага лідэра: яднайце людзей вакол ідэалаў 25-га Сакавіка і яднайцеся паміж сабою. Незалежнасці мы паасобку не абаронім. Рэжыму паасобку не зменім. Дабрабыту нашага народу паасобку не дасягнем”.

А пакуль святкаваць Дзень Волі на вуліцы беларускіх гарадоў выходзіць з кожным годам усё менш і менш людзей.