Ніва № 15 (2448), 13 красавіка 2003 г.

Агрэсія, якую завуць вызваленнем

Яўген МІРАНОВІЧ

Кожнага дня па ўсіх каналах тэлебачання можна глядзець як рэалізуецца „вызваленчая” місія амерыканскіх, брытанскіх, аўстралійскіх і польскіх войскаў у Іраку. Самалёты, бомбы, танкі, агонь і руіны прынеслі ў Ірак нікім там не чаканыя „вызваліцелі”. Польшча, парушаючы канстытуцыю дзяржавы, таксама паслала свае войскі, хаця мала хто ў краіне разумее дзеля якіх прычын палякі маюць забіваць іракцаў. Амерыканскія палітыкі хваляць палякаў за ахвярнасць у вайне з Іракам. У тэлебачанні і газетах паказвалі здымак як салдаты спецатрада „ГРОМ” трымаюць іракца з выкрунутымі рукамі і перадаюць яго амерыканцам. Відаць, што салдаты ганарацца сваімі паводзінамі. Можна здагадацца, што для таго арабскага ваеннапалоннага баевікі, якія прымусілі яго стаяць у прыніжальнай позе таксама не бачыліся як „вызваліцелі”. Тым часам гэтак званы дэмакратычны свет абураецца тым, што іракскае тэлебачанне паказала перапалоханых амерыканскіх ваеннапалонных, называючы гэты факт парушэннем міжнароднага заканадаўства.

Паводле прыгнятальнай большасці польскіх журналістаў, палітыкаў і вайсковых каментатараў салдаты ў Іраку змагаюцца за вызваленне арабаў ад дыктатара Садама Гусейна. Прэзідэнт Ірака — вядома, злачынца, але такіх як ён у свеце дзесяткі, а некаторыя карыстаюцца падтрымкай амерыканскіх улад. „Вызваленыя” амерыканцамі іракцы амаль кожнага дня перад камерамі і мікрафонамі замежных сродкаў масавай інфармацыі паўтараюць: „Не хочам вас тут бачыць, вы — акупанты і агрэсары”, каментатары, аднак, маньякальна паўтараюць пра тое, якім жахлівым дыктатарам з’яўляецца Гусейн і якія злачынствы былі ім учынены. Выглядае на тое, што ракеты і бомбы маюць быць іракцам ластаўкамі свабоды.

Раней, у час падрыхтоўкі да вайны, яе неабходнасць тлумачылі патрэбай раззбраення Гусейна, хаця міжнародная камісія не знайшла на тэрыторыі Ірака ніякай зброі масавага знішчэння. Пасля сталі пагаварваць пра ігнараванне Іракам пастаноў ААН. Заяўляюць аб гэтым тыя, хто заатакаваў краіну без згоды ААН. Калі пачалася вайна, аб’явілі вызваленчую місію і, кідаючы бомбы на гарады, заядла паўтараюць пра патрэбу адбудовы Ірака. Слухаючы каментарыяў, можа скласціся ўражанне, што ідзе трансляцыя з псіхіятрычнай клінікі, дзе мікрафоны дасталіся цяжка хворым шызафрэнікам. Тлумачаць яны гледачам, што таму кідаюць бомбы на гарады, каб была магчымасць іх адбудовы. Нармальны чалавек ставіць сабе пытанне, чаму так яны хочуць адбудоўваць той Ірак. Напрыклад, у Польшчы пасля зімы амаль перасталі існаваць дарогі і чаму іх не адбудоўваць, калі з’явілася такая неадольная ахвота будаваць? У выпадку Ірака можна здагадвацца, што пад словам „адбудова” нешта скрываецца, некаторыя гавораць, што прага рабунку тамашняй сыравіны. На працягу кароткага часу ўсе аргументы, якія ставіліся ў апраўданне вайны, поўнасцю акампраметаваліся.

Арабы абараняюць сваю зямлю і шмат паказвае на тое, што гэтая вайна не закончыцца праз некалькі тыдняў. Так як ізраільская, найлепш у свеце ўзброеная армія, не можа справіцца з палесцінскімі хлопцамі з камянямі ў руках, так амерыканцы з саюзнікамі не ў змозе хутка „вызваліць” Ірак. Могуць толькі бессэнсоўна забіваць, без спадзеву на дасягненне мэты. Ірак нават без Садама будзе антыамерыканскі, таму што сотні тысяч людзей патрацяць сваякоў, дзесяткі тысяч — маёмасць. З другога боку, амерыканцы не могуць спыніць гэтай вайны, бо абазанчала б гэта кампраметацыю іхняй імперыі, ніхто больш усур’ёз не ўспрымаў бы ніякіх пагроз з боку Буша, ці тых, якія ў будучыні зоймуць яго месца. Таму бессаромная, хлуслівая ваенная прапаганда будзе нас пераконваць у неабходнасці змагання за вялікія ідэі — свабоду і дэмакратыю. Уся надзея ў амерыканскім грамадстве, якое можа патраціць ваенны энтузіязм, калі першых „хлопцаў” прывязуць у чорных мяхах. Падчас в’етнамскай вайны доўгімі гадамі грамадства змагалася за яе спыненне. Сёння, калі ваенная і нафтаперапрацоўчая прамысловасць знайшлі ў вайне крыніцы свайго фінансавання, зробяць усё, каб яна хутка не закончылася. Амерыканская прапаганда, нахабная як раней савецкая, прыдумвае новыя аргументы, якія будуць апраўдваць „інтэрнацыяналістычную дапамогу” іракскаму народу.

У Польшчы вайну супраць Ірака падтрымлівае большасць палітыкаў і меншасць грамадства. Аднак пратэставаць супраць агрэсіі „вялікага брата” на Ірак выходзіць толькі пару соцень маладых чалавек. Хаця самы вялікі маральны аўтарытэт — папа рымскі — выказаўся, як сапраўдны хрысціянін, супраць вайны, мала хто з богапаслухмяных палітыкаў над Віслай падзяляе яго пункт гледжання. Прыхільнікі вайны — большасць палітычных элітаў — атаку на далёкі арабскі край называюць выконваннем волі міжнароднай супольнасці. Некаторыя з сучасных энтузіястаў вайны савецкую агрэсію на Афганістан у 1988 г. таксама бачылі як выкананне волі „сусветнага пралетарыята”, ці „прагрэсіўнага чалавецтва”. Яны нічуць не памянялі сваіх поглядаў — гэта „вялікі брат” у іх памяняўся.