Ніва № 15 (2448), 13 красавіка 2003 г.

Вось і маем бюджэт (бяды)

Мацей ХАЛАДОЎСКІ

Падляшскае ваяводства мае ўжо сёлетні бюджэт. Галасамі кааліцыі СЛД-ПСЛ-Самаабароны адпаведная пастанова была прынята на апошняй сесіі Сейміка. Апазіцыя, значыць, Грамадзянская платформа, Права і Справядлівасць (PO-PiS) ды Ліга польскіх сем’яў (LPR), аднагалосна супрацівілася.

Выключна на сход, які здамінавала справа сёлетніх фінансаў, прыйшлі ўсе радныя (трыццацёх). Кааліцыя мае ў ваяводскім сейміку большасць (семнаццаць самаўраднікаў), дык заранёў можна было спадзявацца, што бюджэтная пастанова будзе прынята. На працягу месяца ад першага чытання пастановы да яе прыняцця ваяводская ўправа прыняла пад увагу некаторыя, хоць асноўныя, прапановы апазіцыі. Між іншым, таму дайшло да дзвюх асноўных змен. Культурныя ўстановы, якія падлягаюць ваяводскаму самаўраду, атрымалі 600 тыс. зл. больш, што дазволіць ім неяк дзейнічаць. Па 150 тыс. зл. больш атрымалі беластоцкія Філармонія і Драматычны тэатр, а па 100 тыс. зл. — Ваяводская бібліятэка і Падляшскі музей. Ваяводскаму асяродку анімацыі культуры 20 тыс. зл. запісалі на агульнапольскую прэзентацыю культуры нацыянальных меншасцей у Мельніку. Меншасці (але не толькі яны) могуць таксама старацца атрымаць грошы на арганізацыю мерапрыемстваў, выданні і г.д., з двухмільённай пулькі з рэзерва на культурныя мерапрыемствы. Грошы на культуру знайшліся ў г.зв. еўрасаюзнай пульцы, значыць, у частцы прадбачваных, а раней у праекце бюджэту свядома перабольшаных, выдаткаў на м.інш. арганізацыю ваяводскіх структур звязаных з уваходам Польшчы ў Еўрасаюз (з самага пачатку было 1 млн. 700 тыс. зл.).

Другая важная змена ў параўнанні да першага праекта бюджэту („Ніва” н-р 11 ад 16 сакавіка) датычыць дарог. Грошы якія пачаткова прызначаліся на г.зв. інвестыцыйныя закупкі (аўто, камп’ютэры і г.д.) былі перасунуты ўправай на бягучую мадэрнізацыю і пабудову дарог. На жаль, пабольшылі пульку на гэтую мэту толькі на 95 тыс. зл. Аднак, што найважнейшае, управа рашыла радыкальна паменшыць, зробленую правымі папярэднікамі, шматмільённую задоўжанасць ваяводства, найбольшую з цэлае шаснаццаткі польскіх ваяводстваў. Як прызналася ў размове з „Нівай” генеральны дырэктар Падляшскай маршалкоўскай управы, калі б гэта не збылося, Падляшша на недалёкім гарызонце чакала б банкруцтва. На Падляшшы доўг і яго абслугоўванне гэта больш за 12 адсоткаў усяго бюджэту. Дапушчальная мяжа вызначаецца на ўзроўні 15%. Выхад вышэй гэтага ўзроўню быў бы канцом фінансаздольнасці рэгіёна. Для параўнання, апошняе перад Падляшшам найбольш задоўжанае ваяводства мае абавязацельствы на ўзроўні 5%. Адна суцеха, што на працягу года можна спадзявацца дадатковых грошай з пулькі ЕС і з рэзерваў дзяржавы (уласныя даходы ваяводства гэта, згодна з законам аб самаўрадзе, ледзь каля 8%).

У час сесіі Сейміка, вядома, апазіцыя выкарыстала свае правы на крытыку бюджэту.

— Гэта бюджэт не развою, але спажывецкі і застою, — гаварылі радныя ад LPR. — Апіраецца ён на ўяўныя сродкі з Еўрасаюза.

Радны PO-PiS Цэзары Цеслюкоўскі пералічыў пяць прычын, для якіх ягоны клуб быў супраць бюджэтнай пастанове.

— Нашым становішчам супраціўляемся фінансавай палітыцы ўрада ў адносінах да самаўрадаў, — падкрэсліваў ён у першую чаргу. — Сумы субвенцыі і датацыі з цэнтральнага бюджэту не дасягаюць нават мінулагодняга ўзроўню.

Кааліцыя спрабавалася абараняцца:

— Маем невялікі ўплыў на ваяводскія даходы, — тлумачыўся Ян Нэтэр з СЛД.

— Сам бюджэт — сціплы і не з’яўляецца ён пераломным, але карысна адрозніваецца хоць бы спосабам яго ўзнікнення, — сказаў віцэ-старшыня Сейміка Адам Дабронскі з ПСЛ, спасылаючыся на выслухванне прапаноў апазіцыі наконт яго кшталту.

Цішыня ўсталявалася, калі на трыбуну выйшаў кааліцыянт СЛД і ПСЛ з „Самаабароны” Ян Камінскі. Голас гэтага (як у Сейме ды іншых ваяводствах непрадказальнага) клуба мог быць вырашальным аб лёсах бюджэту, а яго непрыняццё азначала б увядзеннне камісарскай управы. Кааліцыянты, аднак, уздыхнулі з палёгкай, калі радны Камінскі падтрымаў рашэнне. І поўная палёгка ў іх радах наступіла, калі ён сказаў:

— Не бачым сёння ніякай іншай кааліцыі за тую, у якой знаходзімся.

У падобным тоне раней выказаўся Адам Дабронскі:

— Абавязвае нас лаяльнасць.

У ПСЛ ёсць адзін віцэ-маршалак.

У апошняй прамове маршалак Януш Кшыжэўскі згадзіўся з апазіцыяй. Наконт сціпласці ўзмацнення ваяводскіх бюджэтаў грашыма з дзяржаўнага бюджэту. Заклікаў стварыць дзеля рашэння гэтага пытання звышпартыйнае лобі. Выказаў надзею, што адпаведныя змены наступяць у рамках рэформы публічных фінансаў, якую рыхтуе ўрад.

Шмат эмоцый у час апошняй сесіі выклікаў працяг атакаў LPR на Цэнтр мастацтваў, культур і народаў „Пагранічча” ў Сейнах. На думку гэтага клуба, вядзе ён антыпольскую дзейнасць, а яго Фонд, у якім працуюць тыя ж людзі што ў Цэнтры, выдаюць грамадска шкодныя публікацыі. Гаворка пра „Суседзяў” Тамаша Гроса, кнігу прысвечаную спаленню ядвабненскіх яўрэяў, здзейсненаму пры актыўным удзеле мясцовых палякаў. LPR пачаткова дамагалася адняць напалову (200 тыс. зл.) датацыю на дзейнасць „Пагранічча” і ліквідацыі завялікага, на яе думку, ліку штатаў (14 з паловай). Супраціўлялася таксама завысокім заробкам тамашніх працаўнікоў (у сярэднім больш за 1 800 зл.)

— Снуецца тут смуродная нотка антысемітызму! — абагульніў у размове з журналістамі ідэі LPR шэф клуба СЛД Збігнеў Кшывіцкі, старшыня Сейміка.

Прапановы фінансавых скарачэнняў „Пагранічча” канчаткова галасамі кааліцыі ўпалі. Аднак, радныя Лігі не думалі застацца ў пройгрышы і дамагаюцца стварыць часовую камісію (па ўзоры сеймавай следчай) у справе даследавання дзейнасці сейненскага Цэнтра, і гэта незалежна ад таго, што ў „Паграніччы” працягваецца кантроль Найвышэйшай кантрольнай палаты і маршалкоўскай вертыкалі.

— Ёсць такая бяда, што мусім ратаваць самае каштоўнае дабро нашай культуры, — сцвердзіў наконт атакі на „Пагранічча” Збігнеў Кшывіцкі.