Ніва № 15 (2448), 13 красавіка 2003 г.

Моц сімвалу

Аляксандр МАКСІМЮК

Чым больш святкаванне 25 Сакавіка выцясняецца-праследуецца ў Беларусі, тым больш шырока і адкрыта дэманструецца яно ў беларускім замежжы. Гэта ўжо чацвёрты нумар нашай газеты, у якім адзначаем мерапрыемствы прымеркаваныя да 85 гадавіны беларускага Дня волі ў Польшчы або пра яго звычайна гаворым.

Беларускія сімвалы, а ў іх ліку і дата 25 Сакавіка, апынуліся ў становішчы, якое найлепш выявілася сёлета ў лёсе гродзенскага лідэра Беларускага народнага фронту Мікалая Ворана. М. Ворана арыштавалі 23 сакавіка за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу ў Гродне і 27 сакавіка засудзілі на сем дзён турмы. У суседскім нам Гродне сотня чалавек сабралася ля мемарыяльнай дошкі на доме, у якім у 1918-1919 гг. засядаў урад Беларускай Народнай Рэспублікі. М. Ворана арыштавалі за тое, што ўзяў слова і расказаў сабраным пра гісторыю БНР. Адбылося тое, паводле лідэра БНФ, у час калі па Гродне бесперашкодна прахаджваліся неафашысцкія групоўкі са свастыкамі на рукавах.

85 гадавіну абвяшчэння БНР ушанавалі ў Польшчы ліцэісты і студэнты. У беларускім ліцэі ў Бельску-Падляшскім мерапрыемствы працягваліся тры дні — 25-27 сакавіка — і мелі яны народны (вучні прэзентавалі ў сваёй школе беларускую традыцыю), сучасна-забаўляльны (канцэрт гродзенскага акцёра і барда Віктара Шалкевіча), ды і навукова-адукацыйны характар (сустрэчы трэціх і чацвёртых класаў з прафесарамі Васілём Белаказовічам і Яўгенам Мірановічам). 23 сакавіка варшаўскі гурток Беларускага аб’яднання студэнтаў у Польшчы наладзіў у Варшаўскім універсітэце цыкл дакладаў прысвечаных беларуска-польскім літаратурным сувязам. Дакладчыкамі выступілі Часлаў Сэнюх (пераклад „Новай зямлі” на польскую мову), Алег Мінкін (пераклады Норвіда і Лесмяна на беларускую мову) і ніжэйпадпісаны (пераклады сучаснай беларускай літаратуры на польскую мову). Вялікую частку аўдыторыі склалі студэнты беларускай філалогіі — з кожным годам паступае туды ўсё больш палякаў, якія... зараз свабодна выказваюцца на беларускай мове.

Пабываць у бельскім ліцэі і сярод варшаўскіх студэнтаў было тым больш прыемна, таму што гэта маё пакаленне ў гады сваёй маладосці пачало ў Польшчы адкрыта (у Беларусі сказалі б: афіцыйна, санкцыянавана) святкаваць 25 Сакавіка. Не думаю, каб цяпер хто-колечы з маіх сяброў успамінаў тое ў катэгорыях выключнага геройства, але выхад на прасцяг адкрытасці не быў зразу такім простым.