Ніва № 15 (2448), 13 красавіка 2003 г.

Першы ў ваяводстве

Аляксей МАРОЗ

У лютым 2003 года Ян Бусловіч з Ягуштова (гміна Бельск-Падляшскі) атрымаў са Спецыяльнай праграмы па далучэнні вёскі і сельскай гаспадаркі да ЕС „SAPARD” фінансавую дапамогу размерам 33 900 злотых. Выкарыстаў яе на дафінансаванне куплі прэса для пакавання ў кіпы сіласу і фармавання ў рулоны саломы і сена, машыны для ўпакоўкі сіласу ў фольгу, прычэпа і абсталявання для падымання грузаў. Ян Бусловіч быў першым у Падляшскім ваяводстве гаспадаром, якому прызначылі дапамогу са згаданай праграмы.

„SAPARD” (Special Accession Programme for Agriculture and Rural Development) — гэта праграма адрасаваная краінам Сярэдне-Усходняй Еўропы, якія маюць намер далучыцца да Еўрасаюза. Фінансавыя сродкі гэтага фонду маюць дапамагчы ў развіцці вёскі і інтэграцыі сельскагаспадарчага сектара краін-кандыдатак з супольнай аграрнай палітыкай і структурнымі праграмамі Еўрапейскага Саюза. Гадавы аб’ём прызначаных Польшчы сродкаў складае каля 170 мільёнаў еўра. Могуць яны быць выкарыстаны на паправу канкурэнтаздольнасці польскай сельскай гаспадаркі, яе прыстасаванне да санітарных, гігіенічных і якасных патрабаванняў супольнага рынку і на развіццё тэхнічнай інфраструктуры. Фондам „SAPARD” могуць карыстацца перапрацоўчыя прадпрыемствы, паасобныя сяляне, сельскагаспадарчыя калектывы і мясцовыя самаўрады.

— Калі прапануюць грошы, трэба хадайнічаць аб іх атрыманні. Трэба толькі сабе дапамагчы, — заяўляе Ян Бусловіч. — Заахвочваю іншых гаспадароў выступаць за дапамогай, бо зараз размеркаваны толькі 10% фондаў, прадбачаных на развіццё сельскай гаспадаркі.

У канцы лютага ў Падляшскім ваяводстве пададзеных было 75 заяў ад індывідуальных гаспадароў і гаспадарчых адзінак, якія намерваюцца інвеставаць у развіццё сельскай гаспадаркі. Выступілі яны за дапамогай з праграмы „SAPARD” велічынёю ў 3 511 808 злотых. 12 заяў даслалі ў Падляшскае бюро „SAPARD” павятовыя ўлады, 102 гмінныя і адно саюз гмін.

Спадар Ян Бусловіч аб магчымасці дафінансавання інвестыцый з праграмы „SAPARD” даведаўся са сродкаў масавай інфармацыі. У мінулых гадах рабіў сіласы пазычанымі машынамі і рашыўся выкарыстаць дапамогу на куплю новых. Трэба было аднак спяшацца, бо дапамога накіраваная была да гаспадароў узростам да пяцідзесяці гадоў жыцця. Прашэнні можна было дасылаць ад 17 ліпеня 2002 года, а 6 жніўня спадару Яну споўнілася б 50 гадоў. Усе дакументы трэба было падаць да 5 жніўня і таму хутка пачаў іх камплектаваць. Ездзіў за пасведчаннямі з Касы сельскагаспадарчага грамадскага страхавання, Казначэйскай палаты, падрыхтаваў кантрактацыйныя дамовы і адкрыў асобны банкаўскі рахунак. У Бельскім бюро Сельскагаспадарчага дарадчага асяродка абяцалі дапамагчы выканаць бізнесплан. Аднак работа адтэрмінавалася, бо працаўнікі самі вучыліся на курсах складаць бізнеспланы. Хаця толькі ў канцы ліпеня пачалася работа з бізнеспланам, работнікі асяродка і Ян Бусловіч справіліся тэрмінова. Спадар Бусловіч паспеў здаць дакументы ў бюро „SAPARD” пры Беластоцкім агенцтве рэструктурызацыі і мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі 5 жніўня перад самым канцом працоўнага дня.

— Едучы ў Беласток натрапіў я яшчэ на рамонт дарогі і давялося доўга чакаць, каб праехаць. Аднак паспеў, — кажа Ян Бусловіч.

Пасля толькі даведаўся ён, што спешка з падрыхтоўкай дакументаў спрычынілася да таго, што стаў першым гаспадаром у Падляшскім ваяводстве, які выступіў за дапамогай з праграмы „SAPARD”. Праз некалькі тыдняў прыехалі візітатары праверыць ці гаспадарка адпавядае еўрасаюзным патрабаванням. У аборы дастаткова было месца для быдла, а ўмяшчальнікі на вадкі гной былі намнога большымі чым павінны. Адзінай інвестыцыяй, якую давялося паправіць, была бетонная плошча побач аборы пад гной у цвёрдым стане. Трэба было яе павялічыць на 100 квадратных метраў, каб гной мог даўжэй ляжаць перад вывазам на поле. Дамова заключана была на куплю трох машын і прадбачвала кампенсацыю гаспадару паловы выдаткаваных на гэтую мэту грошай.

— Пасля стаў я тэлефанаваць да прадуцэнтаў гэтых машын і нават хацеў ехаць на Сельскагаспадарчы кірмаш ў Познань, каб выбраць машыны прыдатныя ў маёй гаспадарцы. Канчаткова вырашыў памяняць куплю прычэпы прыстасаванай для збірання вялікіх кіпаў сена і саломы з поля на звычайную прычэпу, — гаворыць Ян Бусловіч. Традыцыйная прычэпа павінна быць больш трывалай і універсальнай. Прадстаўнікі бюро праграмы „SAPARD” згадзіліся на змену. За крэдыт і ўласныя сродкі купіў машыны польскай вытворчасці. У студзені адбылася праверка машын працаўнікамі беластоцкага бюро і 25 лютага вярнулі Яну Бусловічу 33 900 злотых, згодна з дамовай. У выпадку рэструктурызацыі вытворчасці малака можна было выступаць за дапамогай размерам да 85 тысяч злотых.

— Гэта ж канкрэтная дапамога. Я намаўляю кожнага пакарыстацца сродкамі фонду „SAPARD”, калі хто гаспадарыць згодна з еўрапейскімі нормамі, — дадае спадар Ян.

Ян Бусловіч самастойна займаецца на гаспадарцы ад 17 года жыцця. Тады памёр бацька і спадар Ян стаў адзіным карміцелем сям’і. Завочна закончыў Сельскагаспадарчы тэхнікум у Бельску-Падляшскім і распачаў разбудоўваць бацькаўскую гаспадарку. Спачатку было 13 гектараў зямлі і 5 кароў. Гаспадарку пачалі спецыялізаваць у жывёлагадоўлі ў 1995 годзе. 14 кароў трымалі ў старой аборы, а ялаўкі — у будынках суседзяў. Новую абору на 26 кароў збудавалі ў 1999 годзе, а ў старым будынку пачалі трымаць ялаўняк. Ад 20 гадоў каровы знаходзяцца пад наглядам заатэхніка, які ацэньвае іх малочнасць. Шляхам крыжавання парод Ян Бусловіч дайшоў да таго, што яго каровы чорна-белай пароды сталі ў 80% гольштэйн-фрызійскай пароды. Змена пароды, корму і спосабаў жывёлагадоўлі спрычынілася да паляпшэння малочнасці кароў. У 2001 годзе каровы спадара Яна аказаліся самымі малочнымі ў Бельскім павеце. У сярэднім надаіў ён па 6 146 літраў малака за год ад кожнай каровы (разам 153 831 літр). У 2002 годзе малочнасць павялічылася да 6 700 літраў малака ад каровы. Каб гадаваць большую колькасць кароў трэба было дакупіць зямлю. Зараз у Яна Бусловіча 36 гектараў і каля 50 штук быдла. На полі найбольш травы, многа кукурузы і каля 10 гектараў збожжа. Усю раслінную прадукцыю выкарыстоўвае на корм для быдла. У гаспадарцы 3 трактары і разнародныя машыны. Зараз сплачвае крэдыты, якія ўзяў на будову аборы і куплю трактара маркі „Зетар”.

— Маю надзею, што будзе пераемца маёй гаспадаркі. Хаця адна дачка вучыцца ў вышэйшай навучальнай установе ў Даніі, то другая на Сельскагаспадарчым аддзяленні Політэхнічнага інстытута ў Беластоку, — кажа Ян Бусловіч.