Ніва № 14 (2447), 6 красавіка 2003 г.

Тамаш Зан, вечны пілігрым

Ганна КАНДРАЦЮК

Дарога да магілы Тамаша Зана нагадвала шлях праз джунглі. На могільнік мы пралезлі дзіркай у плоце, пасля, крок за крокам, прадзіраліся праз высокі маліннік, кустоўе. З-пад ног шмыгалі яшчаркі, па твары сцябала крапіва, біў калючы ажыннік.

Паэт-рамантык пахаваны на старых могілках у Смалянах. Яго магіла ўжо ў ХІХ стагоддзі была месцам культу, сустрэнем яе на карцінах Напалеона Орды. Cюды цягнулі паломнікі з усіх куткоў Літвы і Кароны — літаратары, паўстанцы, пазітывісты, закаханыя.

* * *

Апошнія гады жыцця Тамаш Зан правёў на Аршаншчыне, у маёнтку Каханыч. Двор знаходзіўся 29 км ад Оршы, непадалёк Смалян. Нам не пашанцавала адшукаць месца.

Тамаш Зан пражыў у Каханычы 9 гадоў. Пасяліўся там пасля шлюбу з Брыгідай Свентажэцкай, ужо на схіле гадоў. Гісторыя знаёмства — як сюжэт рамантычнага твора.

Легендарны філарэт, герой Міцкевічавых „Дзядоў”, вяртаўся пасля семнаццаці гадоў ссылкі з Урала і Расіі. У шляхецкім асяроддзі віталі яго як жывую легенду, як героя, які вярнуўся з іншага свету. У адным з маёнткаў пазнаёміўся з маладзенькай Брыгідай Свентажэцкай, паненкай з маёнтка Маліноўшчына, расчытанай у рамантычнай літаратуры.

— Я ўбачыў у ёй Літву, святло, якое вітае свайго сына з выгнання, убачыў у ёй анёла, які нагадвае мне маю маладосць, боства, якое прадказвае мне шчаслівую будучыню, — пісаў паэт сяброўцы Марылі Путкамер (vel Марылі Верашчака з Туганавіч, музе Адама Міцкевіча).

Павянчаліся пасля пяці гадоў знаёмства. У якасці шлюбнага падарунку бацькі жонкі купілі маёнтак Каханыч — у Белай Русі, як у палове ХІХ ст. называлі ўсходнія землі гістарычнай Літвы.

* * *

Раней Тамаш Зан, як мала хто з рамантыкаў, крочыў драпежнымі і небяспечнымі сцежкамі жыцця.

Нарадзіўся ў шляхецкай сям’і на Маладзечаншчыне. У біяграфіі цяжка раздзяліць легенду і праўду. Адна з версій апавядае, што радзіўся ў дарозе, дакладней, у карчме ў вёсцы Мясата. Кацярына Зань, жонка паўстанца, хаваецца ад казакоў. Пасля родаў вымушана ўцякаць у лес. На двары мароз, сцюжа (дата нараджэння Тамаша — 21 студзеня 1796 года). Жыццё ратуе ім выпадкова напатканая ў лесе сялянка, кабета будзе грудной мамкай Тамаша.

Сям’я вечна перамяшчаецца з месца ў месца. Пазбаўлены маёнтку паўстанец Караль Зань (так гучыць сямейнае прозвішча) знаходзіць працу аканома ў маёнтку Вязань на Маладзечаншчыне. Нейкі час Тамаш жыве ў Уздзе, у бацькоў маці, і там ходзіць у парафіяльную школу. У 1807 годзе разам з малодшым братам Ігнасём пачынае вучыцца ў Мінску, у польскай гімназіі. Належыць да найбольш здольных вучняў. Тут знаёміца з братамі Міхалам і Юзафам Верашчакамі, братамі Марылі, музы Адама Міцкевіча.

* * *

1812 год. Тамаш, вучань павятовай школы ў Маладзечне, у баявым настроі вітае армію Напалеона. Разам з братамі жыве ў горадзе, пад пільным вокам бабулі. Ужо тады піша „неблагонадежные” вершыкі. Зневажае ўрад, маскалёў. Сярод аднагодкаў арганізуе вайсковую гульню ў „Марса і Апалона”. Рускія войскі пад знакам Марса ўвасабляюць сабой грубую, чорную сілу, польскія — святло і любоў — пад кірункам Апалона, бога любові. На чале арміі Апалона, вядома — Тамаш Зан. Бацькі, якія арандуюць фальварак у недалёкім Іверы, студзяць запал. Усякімі спосабамі схіляюць да навукі.

У 1815 г. Тамаш паступае на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага універсітэта.

У першы год навучання бачым яго ў Таварыстве шасцёх. Пасля, разам з сябрамі арганізуе Таварыства філаматаў і Таварыства прамяністых, якое з часам стануць называць Таварыствам філарэтаў.

Цікавы этнічны састаў пачынальнікаў польскага рамантызму. Са 135 чалавек арыштаваных царскай паліцыяй 113 чалавек з Беларусі (Віленская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская губерні і Беластоцкая вобласць), з Каралеўства Польскага 6 асоб, з Украіны — 16.

Сярод філаматаў адзіны „неліцьвін” гэта ўкраінец Юзаф Яжоўскі.

Перад дарогай у ссылку філаматы спяваюць беларускую песню — „Да лятуць, лятуць да дзікія гусі” — песня выклікае расчуленасць і агульны плач.

* * *

У 1815 годзе Тамаш Зан піша гімн „Марш Апалонавага войска”. Адкрыта заклікае змагацца з царызмам. Каб прыцягнуць моладзь да палітыкі, арганізуе Таварыства прамяністых. Згуртаванне, на пачатку, ставіць сабе адну мэту — маральнае ўдасканаленне. Сэнс прамяністасці тлумачыцца так: кожны добразычлівы, высокай маралі чалавек выпраменьвае святло. Ён тым самым дабратворна ўплывае на іншых. Адным з 15 правіл ёсць вернасць і прыхільнасць да айчыннай зямлі.

Сваю праграму філарэты рэалізуюць у прыцягальнай форме. Ладзяць маёўкі, забавы, танцы, пагулянкі. Арганізацыя расце ў вачах. Дзеля жарту і канспірацыі філаматы называюць „забавай” палітычную антыцарскую дзейнасць.

Рух закранае Беласточчыну. Міхал Рукевіч з маёнтка Завыкі каля Беластока піша ў 1822 г. Тамашу Зану:

„Нічога апрача забавы я не раблю. У гэтай забаве заняты са мной некалькі чалавек. Мы разважаем над сродкамі, якія памаглі б грамадству не сумаваць, асабліва тым, хто гэтак жа, як і мы, зрабіў забаву мэтай свайго жыцця.

Паколькі ні ў Гародні, ні ў Беластоку, губернскіх гарадах, няма ніякіх забаў, мы намерыліся паміж імі, пасярэдзіне, распачаць забавы. Ёсць якраз за міляў 6, ад Беластока на вялікім павятовым тракце мястэчка Саколка, дзе заўсёды добра забаўляюцца і дзе ўжо адбылося некалькі маскарадаў.

У нашай беластоцкай акрузе ёсць яшчэ два павятовыя мястэчкі — Бельск і Драгічын. Ёсць звесткі, што і там думаюць пра забавы”.

* * *

У час арышту і допытаў у 1823-24 гг. Тамаш Зан бярэ ўсю адказнасць на сябе. Чын і словы высакароднага „Тамаша” ўпамінае ў ІІІ частцы „Дзядоў” Міцкевіч:

Я вамі кіраваў, каб збыць няволі путы,
І абавязак мой — за вас прыняць пакуты.

Пакаранне ў Арэнбургскай крэпасці не зломіць баявітага „прамяністага”. Пасля выхаду з турмы Зан захапляецца навукай. Уплыў на яго мае нямецкі вучоны Аляксандр Гумбальт. Наш рамантык вывучае геалогію і батаніку. Неўзабаве яму даручаюць геалагічную разведку на шырокіх прасторах Прыуралля, Тургайскага стэпу. Легендарны Тамаш зноў праяўляе геніяльнасць. На Волзе пад Самарай знаходзіць нафту, у Зауральскім стэпе — багатыя залежы золата, каля Троіцкай Крэпасці — медную руду. Стварае багаты мінералагічны музей у Арэнбургу.

За заслугі ў вывучэнні Урала і асабліва за знаходку золата цар дазваляе вярнуцца ў Расію. З 1837 г. жыве ў Пецярбургу, на Літву вернецца праз чатыры гады.

* * *

Шчаслівая будучыня, якую сабе прадказваў пасля сустрэчы з Брыгідай, не цалкам споўнілася. У лістах да сяброў легендарны паэт і ваяр наракаў на нуду, адзіноту.

— Я адарваны ад родных і блізкіх, вязень над Віліяй, хворы над Нёманам, чыноўнік над Дзвіной, — пісаў Марылі Путкамер. — Не прытуліла мяне сяброўства на Літве, вялікая справа на Жмудзі, сваяцтва і вучоная сябрына на Чорнай, грамадства і набожнасць над Дзвіной і на Белай Русі. Няўжо ж, пакуль жыву, буду вечным выгнаннікам і пілігрымам.

Тамаш Зан пахаваны з жонкай і дзесяцігадовым сынам. Салідныя, каменныя помнікі парастае буйны маліннік. У час нашай пабыўкі праз сцяну дзікай расліннасці прабілася сонца. На міг апанаваў нас архіпраменны бляск.

* Крыніцы: Філаматы і Філарэты, зборнік (біяграфіі, творы, лісты ў апрацоўцы Кастуся Цвіркі).