Ніва № 14 (2447), 6 красавіка 2003 г.

Угодкі ў Гайнаўцы

Аляксей МАРОЗ

У Комплексе школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы 85-я ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі святкаваліся 25 сакавіка. З самай раніцы на калідорах расклеены былі бел-чырвона-белыя сцягі, гербы „Пагоня” і інфармацыі на беларускай мове пра абвяшчэнне незалежнасці Беларусі. Вучні наладзілі дзве ўрачыстыя лінейкі з мастацка-музычнымі мантажамі. Пра падзеі 1918 года вучні размаўлялі на ўроках беларускай мовы і гісторыі.

Перад белгімназістамі ў актавым зале выступілі вучні з ІІ „б” класа. У час кароткай сцэнкі прадставілі яны гістарычныя падзеі, якія адбыліся ў сакавіку 1918 года. Дэкламавалі патрыятычныя вершы і спявалі песні пад акампанемент акардэона і гітары. Сола выступіла Амэлія Горбач. Лінейка закончылася песняй „Люблю наш край, старонку гэту”. Настаўніца беларускай мовы Вольга Сянкевіч, якая наглядала за падрыхтоўкай гімназістаў да выступлення сказала, што перад школьным мерапрыемствам вучні знаёміліся дакладней са святам Дня волі.

— 25 Сакавіка — самае вялікае беларускае свята. У 1918 годзе Беларусь стала незалежнай дзяржавай, — сказаў Норберт Васілюк. — Пра гэта даведаўся я толькі ў гімназіі. Раней ніхто аб гэтым не гаварыў.

Яго сябра Андрэй Грыгарук кажа, што аб абвяшчэнні незалежнасці Беларусі даведаўся яшчэ ў падставовай школе. Аднак дакладней расказалі аб сакавіцкіх падзеях ужо ў белгімназіі.

— Калі была я ў першым класе не звяртала асаблівай увагі на сакавіцкае святкаванне. Зараз, калі рыхтавалі мы лінейку, зразумела чаму гэтае свята такое важнае для беларусаў, — гаворыць Магдаліна Чыквін.

Белліцэісты ў час лінейкі таксама расказвалі пра гістарычныя падзеі і чыталі патрыятычныя вершы. Музычную частку падрыхтаваў калектыў „Знічка” і яго апякунка Бажэна Ляўчук. Дзяўчаты заспявалі лірычныя песні са свайго рэпертуару, а сярод іх — „Малітву” і „Авэ Марыя”. У час спявання песні „Магутны Божа” ўсе вучні і настаўнікі стаялі на зважай. У Гайнаўскім белліцэі ўспрымаюць яе, як беларускі гімн.

— Вучні, якія прыходзяць у нашую гімназію часта ўпершыню чуюць пра святкаванне ўгодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларусі. З кожным годам даведваюцца штораз больш пра гэтае святкаванне і зараз лічаць яго веснавым беларускім святам, — заяўляе настаўніца беларускай мовы Іаланта Грыгарук, якая апекавалася вучнямі І „а” класа, што рыхтавалі ўрачыстасць для ліцэістаў.

— Дзень 25 сакавіка вельмі важны для нас — вучняў Беларускага ліцэя. Нам трэба цікавіцца беларускімі справамі, — кажа Іаанна Трафімюк.

— Гэта важны дзень, які святкуюць сапраўдныя беларусы, — дадае яе сяброўка Альжбета Ляшкевіч.

Вучням спадабалася выкананне лірычных песень. Сярод патрыятычных вершаў, якія дэкламаваліся перад белгімназістамі і белліцэістамі, некаторыя паўтараліся. Найчасцей гучалі творы Янкі Купалы, Наталлі Арсенневай, Максіма Багдановіча, Ларысы Геніюш, Сержука Сокалава-Воюша, Алеся Барскага, Віктара Шведа і Алеся Гаруна. Вялікае ўражанне на вучнях выклікалі размешчаныя на калідорах гербы „Пагоня” і гістарычныя звесткі. Белліцэісты на плакатах звярнулі ўвагу, што незалежнасць Беларусі абвешчана была на 8 месяцаў раней чым незалежнасць Польшчы.

— Усе вучні ведаюць што абазначае дата 25 сакавіка, бо штогод у гэты дзень арганізуюцца лінейкі і школа абклеена нацыянальнай сімволікай, — заяўляе Наталля Зофія Лемеш, якая з Кацярынай Іванюк ад Клуба беларускіх спраў „Граблі” падрыхтавалі і павесілі ў школе ўсе гербы і гістарычныя інфармацыі. — Мы радуемся таму, што радуюцца беларусы за мяжой, гэта нашая падтрымка беларускаму патрыятызму.