Ніва № 13 (2446), 30 сакавіка 2003 г.

Смаляны на змяркані

Ганна КАНДРАЦЮК

На даху калгаса „Новае жыццё” ў Смалянах пачапіліся вароны. На галоўнай вуліцы, Віцебскай, не было жывой душы. Жыхары, быццам знарок, пахаваліся па хатках, панадворках. Толькі на сходках магазіна драмаў п’яны смалянец. Побач валяўся яго паабіваны ровар.

— Спіць як рыцар, седзячы, — прыкмеціў нехта з нашай кампаніі.

Думкі пра мінулае дыктаваў краявід мястэчка. Навокал, куды ні глянь, вышчараліся старажытныя руіны: зруйнаваны замак, шкілет касцёла, пашчэрбленыя муры царквы і кляштара.

На хаду ўзнікла ідэя — тут цікавы фон для прадукцыі фільмаў-жахалак.

* * *

— І ідэальнае месца для арганізавання рыцарскіх турніраў, — скажа той хто пабачыць замак „Белы Ковель”. Стаіць ён у самым цэнтры мясціны, аднак дабрацца да муроў складана і небяспечна. Руіны замка аколены вадой і багнай. Мы доўга таўкліся ля берага ракі ў пошуках броду. Дапамог нам мясцовы хлопец, які вёў з папасу каня.

— Ёсць кладка і сцежка, — паказаў нам непрыкметнае для вока месца. Сцяжынай, між асакі і трыснягу, падсохлай балацявінай, мы дабраліся да гістарычных муроў. У хатцы, на другім беразе рэчкі, ламатала папса.

Замак пабудаваны на сыпанай пляцоўцы шырынёю 100-200 метраў. Як мяркуюць даследчыкі, узведзены ён да 1624 года, князем Сангушкам-Ковельскім. Муры з чырвонай цэглы і каменя пачаткова былі памаляваны ў белы колер. У сярэдзіне памяшканні мелі скляпеністыя перакрыцці, каміны, паверхі злучаліся маршавымі і вітымі ўсходамі. Жылыя пакоі гэтага рэнесанснага палаца-крэпасці былі прыаздоблены фрэскамі.

Першае пашкоджанне замка адбылося ў час Паўночнай вайны. На ацалелым корпусе відаць сляды гарматніх удараў. „Белы Ковель” канчаткова разбураны ў сярэдзіне ХІХ ст.

* * *

Смалянскі дэкаданс жыва адлюстроўваюць касцёл і кляштар дамініканцаў, помнікі барока другой паловы ХVIII стагоддзя. На даху касцёла, у сярэдзіне растуць бярозы. На сценах выцвілі карычневыя лішаі, сыплецца тынк. На зямлі кучы друзу. Няма даху. Заняпад настаў у канцы трыццатых гадоў, калі касцёл разам з кляштарам аддалі пад управу калгаса. Наладзілі тут майстэрню і гаражы.

Як паведамляюць крыніцы — у 1899 г. касцёл і кляштар былі грунтоўна адрамантаваны. Пад кірункам архітэктара Даўкшы зроблены новыя алтары касцёла і вялікае люстра. Цэнтральны неф быў перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі.

Будынак кляштара з панадворка напамінае свіран. Вакол распаўзлося і зашумела пустазелле. Пра мінулае гэтага аднапавярховага будынка калідорнай планіроўкі напамінаюць яшчэ цыліндрычныя перакрыцці.

Смалянскі касцёл наведваў славуты паэт-рамантык, найпрамяністы Тамаш Зан, філамат і філарэт. Яго магіла знаходзіцца на мясцовых могілках.

* * *

Смаляны пазбаўлены гарадскіх правоў, зараз з’яўляюцца вёскай. Мясцовасць палохае занядбаннем, роспаччу. У атмасферы жывы дух трагічнага досведу. Катастрафізм месца пабівае агульная звестка пра гібель 800 ахвяр фашызму.

— У 1942 годзе немцы расстралялі тут 800 мірных жыхароў, — інфармуе мемарыяльная табліца на брацкай магіле.

Смаляны вядомыя з ХV стагоддзя. Росквіт мястэчка звязаны з атрыманнем магдэбургскага права. Захавалася апісанне з пачатку ХVII ст. У цэнтры стаяла ратуша, паблізу двухпавярховая бажніца і гандлёвыя рады. Другую частку займалі жылыя будынкі. Залаты час і славу перажываў замак. На службу наймаліся рыцары Заходняй Еўропы.

Заняпад Смалян звязаны са стратай незалежнасці Вялікага княства Літоўскага.

Смерць мясціны павольная, цягнецца стагоддзямі. Яшчэ ў пачатку ХХ ст. тут былі тры цэрквы, царкоўна-прыхадская і сярэдняя гарадская школы, 40 крам, 4 гарбарныя і піваварныя заводы і 2,5 тысячы жыхароў.

У вёсцы будынак сельсавета, школа, бальніца і магазін. На школьным панадворку помнік Леніну.

* * *

Дзейнічае ацалелая цудам Спаса-Праабражэнская царква — помнік рэспубліканскага значэння. Пабудаваная ў палове XVIII стагоддзя ў стылі барока. Храм складаецца з дзвюх частак — мураванай ніжняй і драўлянай верхняй. У сярэдзіне легендарныя фрэскі — на купале 12 апосталаў размаляваных у поўны рост. Захавалася іх каларыстыка: на блакітным фоне святыя ў вохрыста-чырвоных, балотна-зялёных і залаціста-карычневых адзеннях.

У канцы трыццатых гадоў, бальшавікі наладзілі ў царкве вінаробчы завод.

У аварыйным стане Свята-Аляксандраўская царква пабудаваная ў 1864 годзе. Чырвоны мураваны будынак разбураны і апаганены. Здалёк лёгка паблытаць з руінамі замка.

* * *

Кожны хто наведае Смаляны запамятае іх на ўсё жыццё. Найлягчэй зрабіць выснову — мястэчка мае свой час ужо за плячыма.

З другога боку, рэдка які гарадок захаваў так многа гістарычных помнікаў архітэктуры і культавых месц. Ці не дрэмле ў гэтым турыстычны патэнцыял, шанц на аднову атмасферы?

Але, пакуль што, тут можна здымаць фільмы-жахалкі, або ладзіць мерапрыемствы турпістам.