Ніва № 13 (2446), 30 сакавіка 2003 г.

Баскі: няма як у сваёй аўтаноміі

Аляксандр МАКСІМЮК

У Еўропе сягоння ў трох рэгіёнах гавораць на баскскай мове: у Аўтаномнай супольнасці Краіне баскаў, у Навары — абодва рэгіёны знаходзяцца ў сучаснай Іспаніі, ды ў французскім дэпартаменце Пірэнеяў-Атлантыкі. Хоць у абодвух дзяржавах — Іспаніі і Францыі — баскі складаюць нацыянальную меншасць, але па нашых, беларускіх, мерках меншасць тая і заўважальная, і моцная.

Насельніцтва ўсёй Краіны баскаў (сталіца ў горадзе Віторыя) перавышае два мільёны жыхароў (1991 г.). Як і наша малая — у параўнанні з тэрыторыяй баскаў — Беласточчына, баскскі аўтаномны рэгіён дасведчыў перамяшчэнняў насельніцтва з вёскі ў гарады ў час паскоранага развіцця прамысловасці, галоўным чынам у 60-я і 70-я гады. Прагрэс той запаволіўся ў 80-я і спрычыніўся з’явам добра вядомым і ў нас — спаду капіталаўкладанняў у рэгіён, беспрацоўю, ...

Баскская мова (euskera) моцна адрозніваецца ад іспанскай і яе выкарыстанне ў публічным жыцці залежыць ад зоны — такіх моўных зонаў у Краіне баскаў чатыры, а выдзяляюцца яны паводле таго, колькі ў данай зоне насельніцтва, якое размаўляе на баскскай мове (людзей, якія ведаюць і карыстаюцца баскскай мовай называюць euskalduns). Раёны, у якіх за 80 працэнтаў euskalduns — гэта толькі чатыры працэнты ўсяго насельніцтва Краіны баскаў. Пятую частку грамадства складаюць тыя рэгіёны, у якіх палова і болей гаворыць на баскскай, менш за палову — таксама пятая частка грамадства. І ўсё ж больш за палову насельніцтва (56 працэнтаў) складаюць раёны, у якіх лік euskalduns меншы за 20 працэнтаў. Іспанская з’яўляецца роднай для 74 працэнтаў насельніцтва Краіны баскаў, хоць трэба адзначыць пастаянны рост людзей, для якіх абедзве мовы — іспанская і баскская — з’яўляюцца роднымі. А дзеецца тое па прычыне ўвядзення баскскай мовы ў школу.

Юрыдычны статус баскскай мовы запісаны ў іспанскай канстытуцыі і статуце баскскай аўтаноміі, у якіх сцвярджаецца, што, побач іспанскай, баскская з’яўляецца афіцыйнай мовай Аўтаномнай супольнасці Краіны баскаў. У прыватнасці, усе грамадзяне Краіны баскаў маюць права карыстацца абедзвюма афіцыйнымі мовамі вусна і пісьмова. Што гэта абазначае на практыцы? На практыцы грамадзяне могуць, між іншым, звяртацца ў публічныя ўстановы на любой з гэтых дзвюх моў без неабходнасці прад’яўлення перакладаў або перакладчыка.

Ужыванне баскскай мовы ў жыцці і яе навучанне ў школах рэгламентуецца шэрагам дэталёвых заканадаўчых актаў. У Краіне баскаў існуюць тры віды навучання — класы з іспанскай мовай навучання, у якіх баскская дазваляецца як мова дадатковых заняткаў, класы з баскскай і іспанскай мовамі навучання ды класы, у якіх навучанне праводзіцца выключна на баскскай мове. Два апошнія віды класаў былі ўведзены ў 1983 годзе. Да гэтага часу баскскай мовай карысталіся выключна прыватныя школы. Як навучанне адбываецца на практыцы, сведчаць прыклады. Вось, прадшколлі: 41 працэнт працуе выключна на баскскай мове, 32 працэнты — на абодвух, а рэшта на іспанскай, прычым наглядаецца рост першай групы і спад апошняй. Баскская мова з’яўляецца абавязковай ва ўсіх сярэдніх школах. А ва Універсітэце Краіны баскаў 39 працэнтаў усіх абавязковых заняткаў выкладаецца менавіта на баскскай мове. У Францыі усяго 3 тысячы дзетак вывучае баскскую мову — і гэта на вельмі асноўным узроўні (лік параўнальны з навучаннем беларускай мовы на Беласточчыне).

Да 1986 года ўсе газеты ў Краіне баскай друкаваліся выключна на іспанскай мове. У тым жа 1986 годзе з’явіліся дзве двухмоўныя газеты, якія да 1993 года дацягнулі свой тыраж да 106 і 103 тысяч асобнікаў. У 1990 годзе з’явілася яшчэ і газета, якая поўнасцю выходзіць на баскскай мове (яе тыраж у 17 тысяч), і якая распаўсюджваецца па ўсім арэале баскскай мовы — таксама і ў Францыі. Усе іспанскамоўныя газеты ў Краіне баскаў рэгулярна выпускаюць дадаткі на баскскай мове. Мяркуецца, што баскскія газеты могуць разлічваць на тысяч 250 чытачоў. У 1991 годзе ў Краіне баскаў выдалі 966 кніжак на баскскай мове — збольшага пароўну раздзяліліся яны на дзіцячую літаратуру, тэхнічную літаратуру і падручнікі. Кіно ў Краіне баскаў карыстаецца выключна іспанскай мовай, але ўсе прадзюсеры маюць абавязак выпусціць баскскамоўны варыянт фільма. Дзеля гэтага ўрад Краіны баскаў дафінансоўвае кінапрадукцыю сваімі датацыямі. Некалькі баскскіх газет выходзяць і ў Францыі, але іхні тыраж хутчэй набліжаны да колькасці „Нівы” на Беласточчыне, чымсьці да тых дзесяткаў і сотняў тысяч, якія распаўсюджваюцца ў самой Краіне баскаў.

Прыклад баскскай аўтаноміі, якая суправаджаецца адпаведнымі заканадаўчымі актамі, паказвае што менавіта такая форма найбольш спрыяе ўсталяванню стабільнасці нацыянальнай меншасці. Нацыянальная меншасць у грамадстве перш за ўсё адметная сваёю мовай і здольнасцю або няздольнасцю карыстацца ёю ў публічным жыцці. У Краіне баскаў наглядаецца рост ужывання роднай мовы ў 5-14-гадовым узроставым прамежку. Гэта дзеці і моладзь, якая ўзрастае ва ўмовах спрыяльнай меншасці адукацыйнай сістэмы.

(усе прыведзены ў артыкуле лічбы — паводле http://www.uoc.edu/euromosaic/)