Ніва № 13 (2446), 30 сакавіка 2003 г.

Да ўгодкаў Францішка Аляхновіча

Яўген МІРАНОВІЧ

9 сакавіка мінула 120 гадоў з дня нараджэння Францішка Аляхновіча, беларускага віленскага драматурга, публіцыста, акцёра і тэатральнага дзеяча. Быў сынам скрыпача, нашчадкам шляхецкага роду з-пад Радашковіч. Хаця вучыўся ў шматлікіх школах, закончыў толькі адну — Варшаўскую драматычную школу ў 1904 г. Раней быў вучнем хіміка-тэхнічнай школы ў Вільні і слухачом Ягелонскага універсітэта ў Кракаве. Ад маладосці ў цэнтры яго зацікаўленняў быў тэатр. Акцёрскую кар’еру пачынаў у польскіх вандроўных трупах. У 1908 г. вярнуўся ў Вільню, дзе пачаў выдаваць сатырычны часопіс „Пэркунас”. Сатыра, асабліва палітычная, у царскую эпоху была даволі небяспечным заняткам. За друк вершаў і рысункаў прысвечаных віленскім расійскім палітыкам Аляхновічу пагражала зняволенне. Таму ў 1910 г. вымушаны быў спешна выехаць у Галіччыну. Прабываў у Кракаве і Львове, выступаючы на падмостках вандроўных тэатраў. Карыстаўся псеўданімам „Монвід”, якім пасля падпісваўся ў публіцыстычнай творчасці.

У 1913 г. з надзеяй, што царскія ўлады забылі пра яго сатырычную дзейнасць, Аляхновіч вярнуўся ў Вільню. Але аказалася, што не забылі і пасадзілі ў турму на цэлы год. У віленскай турме Лукішкі паўстаў яго першы драматычны твор На Антокалі. Пасля вызвалення выконваў шматлікія прафесіі — быў пажарнікам, маляром, кантралёрам электрасетак, настаўнікам, карэктарам у газетах. У 1917 г. пачаў супрацоўнцтва з беларускім часопісам „Гоман”. У чэрвені 1918 г. перасяліўся ў Мінск, дзе пачыналі ўзнікаць структуры беларускай дзяржаўнасці. Аляхновіч стаў адным са стваральнікаў Беларускага дзяржаўнага тэатра.

У 1919 г. вярнуўся ў Вільню, якую ў красавіку зянялі польскія войскі. Пачаў выдаваць газету „Беларускае жыццё”. З яе зместу вынікае, што спачатку паверыў у праўдзівасць прапаганды палякаў наконт федэралізму, свабоды і вызвалення беларускіх земляў. Акупанты ў Мінску мяняліся тады кожныя некалькі месяцаў. У 1921 г. Аляхновіч не верыў ужо нікому. „Незалежнасць і свабода, — пісаў, — толькі ў сіле беларускага народу”. Але народ не меў такой сілы.

У 1922-1923 гадах, пражываючы ў Вільні, дапамагаў Беларускаму выбарчаму камітэту на выбарах у польскі парламент, пісаў фельетоны пра тэатральнае жыццё ў газету Людвіка Абрамовіча „Przeglad Wilenski”, але перш за ўсё складаў драмы — Няскончаная драма, Заручыны Паўлінкі, Птушка шчасця, Шчаслівы муж. Прабаваў арганізаваць у Вільні беларускае культурнае жыццё, але ўсё найчасцей канчалася дэманстрацыяй непрыхільнасці ці нават варожасці з боку мясцовых палітычных і грамадскіх польскіх элітаў.

У Савецкай Беларусі тым часам пачынаўся працэс беларусізацыі рэспублікі. Аляхновіч паверыў, што ў Мінску будзе магчымым ажыццяўляць свае мары пра беларускі тэатр. 17 лістапада 1926 г. выехаў у Беларусь і выступіў да ўлад за савецкае грамадзянства. Далі яму пры канцы снежня і пару дзён пазней арыштавалі. Прысудзілі 10 гадоў пабыўкі на Салаўках. Пару гадоў пасля напісаў: „У краіну саветаў ехаў я як папутчык, прыхільнік, веруючы, што там ствараецца новае прыгожае жыццё, што там атрымаю шырокія магчымасці працы на беларускай мове. Я так бескрытычна верыў у савецкую ілюзію, што нават агентаў Галоўнага палітычнага ўпраўлення (ГПУ) лічыў людзьмі годнымі даверу, амаль сябрамі”.

Аляхновіч на Салаўках прабываў да 1933 г. У рамках абмену палітычнымі вязнямі саветы аддалі яго палякам за Браніслава Тарашкевіча. У 1935 г. паказалася кніжка Аляхновіча У кіпцюрох ГПУ на польскай мове. Пасля перакладалася яна амаль на ўсе мовы свету. Было гэта першае апісанне лёсаў зняволеных у сталінскіх канцлагерах.

У 1939-1941 гадах скрываўся перад саветамі на Літве. У час нямецкай акупацыі вярнуўся да выдавецкай дзейнасці. Ад 1 сакавіка 1942 г. стаў выдаваць у Вільні газету „Беларускі голас”. Апрача беларускай прэсы ў акупаванай немцамі Вільні выдаваліся літоўскія і польскія часопісы. Літоўцы імкнуліся не дапусціць да выдання „Голасу”. Палякаў лічылі яны каланізатарскай нацыяй на Віленшчыне, але беларускамоўнае насельніцтва вакол Вільні ніяк не апраўдвала літоўскай прапаганды пра літоўскасць гэтай зямлі. Таму кожная беларуская газета ці школа лічылася пагрозай для літоўскай палітыкі. Аляхновіч, аднак, не лічыў літоўцаў галоўнай пагрозай для беларусаў. У сваёй газеце змяшчаў перш за ўсё вельмі крытычныя артыкулы пра савецка-расійскую і польскую палітыку адносна Беларусі. У „Беларускім голасе” друкаваліся матэрыялы, якія паказвалі акупацыйны характар польскай і савецкай улады на Беларусі ў 1920-1941 гадах. Адны і другія маглі рэдактара газеты лічыць ворагам. 3 сакавіка 1944 г. Аляхновіч быў забіты ў сваёй кватэры па вуліцы Ясінскага ў Вільні. Даследчыкі адназначна, пакуль што, яшчэ не высветлілі хто загадаў гэтае забойства. Прыблізна столькі ж гісторыкаў прыйшло да высновы, што забойства Аляхновіча адбылося за справай як палякаў, так і саветаў.