Ніва № 13 (2446), 30 сакавіка 2003 г.

Юбілей

Міра ЛУКША

Цяжка сабрацца тым, хто на „Ніве” рабіў і робіць. Хто з ратаёў арэ патойбаковыя палеткі, хто тут, нямоглы, паціхеньку даглядае свой загончык, а не заўсёды ў сіле дабрацца ў роднае сяло, дзе шчыруе моладзь. Маладыя ўсе духам, хто застаўся, хай і не целам. І сабраліся, хто даў рады, на юбілей першага рэдактара Георгія Валкавыцкага, які спраўляла сабе „Ніва” (заадно і ўласнае саракасямігоддзе). „Ніва” нарадзілася 4 сакавіка, 1956 года, а Жорж — 13, але добры кавалак часу раней. Восемдзесят Георгію Валкавыцкаму, а хто скажа? І „Ніва” ж таксама трымаецца спраўна, аж некаторых дзіў бярэ. Дае Бог моц ды здароўе, а талент працай развівай. Рук не складвай. Шукай сабе падобных, надзейных, разам сумленна рабеце. Разам чакацьмеце спору і плёну.

— З вялікім гонарам хачу прыгадаць Тваю высакародную дзейнасць у развіцці беларускага руху ў пасляваеннай Польшчы, а менавіта: быў Ты адным з галоўных заснавальнікаў Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы, — чытаў свае віншаванні ўсхваляваным голасам Міхась Хмялеўскі, адзін з першых, хто на ніве стараўся. — І быў шматгадовым намеснікам старшыні Галоўнага праўлення БГКТ. Быў Ты адначасова арганізатарам рэдакцыі штотыднёвіка „Ніва” і яе галоўным рэдактарам. Ты арганізаваў Беларускае літаратурнае аб’яднанне і шмат гадоў узначальваў яго, выдатна дапамагаючы развіваць крылле пачынаючым літаратарам. Твае заслугі ў галіне беларускай журналістыкі, беларускай літаратуры і культуры залатымі літарамі запішуцца ў скарбніцу Беларушчыны ў Польшчы...

Званілі і віншавальныя тэлефоны, адрываючы Юбіляра ад застолля. „Кампанія нявелька, але бардзо пажондна” — амаль усіх прысутных бачым на здымку, які зрабіла Гандзя Кандрацюк. Віктар Бура, шчыры працаўнік на родных палетках, з Гайнаўкі прыпамінаў працу Юбіляра ў развіцці беларускага асяроддзя, у падтрыманні яго гістарычнай спадчыны. Не кожны засеў за нашымі застаўленымі здаровай (тут таксама слухаем майстра!) стравай пісьмовымі сталамі, якія, адмыслова ўстаўленыя, былі за банкетныя. Не хапала Сакрата Яновіча, які не дабраўся з Крынак, чамусьці не дайшоў з недалёку Валодзя Паўлючук... І, вядома, не было тых, хто адышоў, а так, як і мы, вясёла ўспаміналі б былое. А пра іх гучалі анекдоты. Бо прыгод, авантураў нават несусветных, было шмат. І таму юбілей Рэдактара быў і нашым годдзем, хоць не такім поўным. І хоць абліччы некаторых паараны няўмольным часам, разгладжвала іх усмешка. Сыпалі анекдотамі як з рукава, адзін праз аднаго. Як то за адным ганяўся па рэдакцыі ашалелы раўнівы афіцэр з пісталетам (вядома, праз памылку), як у Рыбалах другі на вяселлі паспрачаўся з бацюшкам наконт існавання Бога... Як трэцяму раптам стала „цяжка” на полі з фотаапаратам... Успомніліся месцы, дзе „Ніва” мела свае сядзібы, і той падстрэшкавы кабінет Георгія Валкавыцкага, дзе ён мусіў сядзець сагнуўшыся, упіраючы сваю высокую фігуру ў дах... Нараджаліся нумары, гадавікі, дзеці, унукі... Цяпер нараджаюцца кнігі. А ў кнігах Рэдактара — тое, што было. І ёсць.