Ніва № 13 (2446), 30 сакавіка 2003 г.

„Бясцэнныя” кнiгi Лявона Вашко

Юры ГУМЯНЮК

Лёс канфiскаваных супрацоўнiкамi Гродзенскай рэгiянальнай мытнi кнiжак беларускага празаiка з Мастоў Лявона Вашко дагэтуль невядомы анi аўтару, анi ягоным калегам, анi ўвiшным журналiстам. Аднак, ёсць „адказныя” асобы, якiя бачылi што сталася з лiтаратурнымi выданнямi...

Выбiраючыся на леташнi лiтаратурны семiнар „Бязмежжа”, Лявон Вашко прыхапiў з сабой пару дзесяткаў асобнiкаў уласнай друкаванай прадукцыi, каб падараваць калегам у Польшчы, але быў аператыўна „выкрыты” гродзенскiмi мытнiкамi як „кантрабандыст”. Мытнiкi склалi адпаведныя паперы, маўляў, кнiгi затрымлiваюцца для экспертызы — „цi не пагражаюць яны дзяржаўнаму ладу i бяспецы Рэспублiкi Беларусь”. Мiнае ўжо чатыры месяцы з дня кур’ёзнага „iнцыдэнту”, а вынiкаў так званай экспертызы як не было, так i няма.

— Пра канфiскацыю маiх кнiжак пакуль нiчога не чуваць, i я з гэтае нагоды нават рады, — прызнаецца Лявон Вашко. — Паколькi цiшыня лепей за дрэнныя навiны, — я не супраць, каб усё ўляглося.

Затое „эксперты” з Упраўлення iнфармацыi i друку Гродзенскага аблвыканкама даволi хутка вырашылi лёс канфiскаванай яшчэ ўлетку мiнулага года сцiпленькай газеткi-ўлёткi „Эмiгрант” — „выданне наносiць шкоду iнтарэсам Рэспублiкi Беларусь”.

Я разумею, кнiгi Лявона Вашко — гэта не самапальная газетка, iх трэба ўважлiва прачытаць, яны патрабуюць iнтэлектуальнага высiлку i спецыфiчнай адукацыi, каб асэнсаваць i зразумець усю сутнасць. Таму „экспертыза” можа цягнуцца да бясконцасцi. Я ўяўляю, як цэнзары качаюцца на канапах, чытаючы ў вольны ад асноўнай працы час аповесцi i драмы Лявона Вашко, шукаючы ў iх заказаны начальствам „кампрамат”...

Дык якi ж лёс напаткаў выданнi мастоўскага пiсьменнiка? Гэтае пытанне я хацеў задаць начальнiку Гродзенскай рэгiянальнай мытнi i ягонаму намеснiку падчас iхняга нядаўняга „бенефiсу” ў прамым эфiры Тэлебачання Гродна. Але датэлефанавацца на працягу ўсёй перадачы было немагчыма. Тэлефоны занятыя. Няўжо больш як паўгадзiны бесперапынна сыпаўся такi шквал пытанняў? Якраз не — усе пытаннi былi загадзя падрыхтаваныя, у тым лiку i ад iмя тэлегледачоў! Бо iнакш як растлумачыць працяглыя паўзы памiж пытаннем i адказамi, быццам цягнулi ката за хвост.

Давялося затэлефанаваць непасрэдна ў сядзiбу мытнiкаў. Iх шэфа не было, намеснiк скантактаваў мяне з начальнікам мытнага кантролю Вiктарам Урэевым, якi на цудоўнай беларускай мове адказаў:

— Так, мне вядомы лёс выданняў Лявона Вашко. Але я не магу вам адказаць, што ўяўляе сабой большую небяспеку: зброя i наркотыкi цi мастацкая кнiга. Шараговы мытнiк не можа адказаць на такое пытанне, бо гэта не ў яго кампетэнцыi. Вам я не паведамлю, што сталася з кнiгамi. Хай сам аўтар звернецца да нас, мы яму адкажам...

У чыёй жа кампетэнцыi знаходзiцца лёс выданняў Лявона Вашко? Калi яны мацнейшыя за наркотыкi, больш небяспечныя, чым хворыя на сiфiлiс нелегалы ды зброя тэрарыстаў, больш каштоўныя, чым антыкварыят, дык тады мастоўскi пiсьменнiк — сапраўдны генiй, а Беларусь першая сустрэне канец свету!