Ніва № 13 (2446), 30 сакавіка 2003 г.

Непазбежны Еўрасаюз

Мацей ХАЛАДОЎСКІ

Падляшскія самаўрады ў Еўропе. Дзеянні. Чаканні. Небяспекі — пад такім лозугнам праводзілася ў Беластоку канферэнцыя прысвечаная ўваходу Польшчы ў Еўрасаюз і карысцям, якія з гэтага факту адчуюць жыхары ваяводства.

Канферэнцыю арганізавала Падляшская маршалкоўская ўправа пры саўдзеле ваяводскай. Прынялі ў ёй удзел перш за ўсё прадстаўнікі гмінных і павятовых самаўрадаў. Ганаровым госцем быў міністр замежных спраў Владзімеж Цімашэвіч, які дзень да беластоцкай сустрэчы аб еўрасаюзных справах размаўляў у Берліне, а два дні пасля — у Парыжы. Канферэнцыю, як належыцца, адкрыў гімн ЕС „Да радасці”, адспяваны хорам Вышэйшай эканамічнай школы і выслуханы ўдзельнікамі стоячы. Перад чаканым выступленнем міністра Цімашэвіча інфармацыямі аб перадуваходнай рэчаіснасці на Падляшшы падзяліўся ваявода Марэк Стшалінскі. Не скрываў ён гонару ад таго, што ўжо сем малочных прадпрыемстваў з нашага рэгіёна выконваюць усе еўрасаюзныя патрабаванні і маюць права на экспартаванне сваіх вырабаў у краіны Еўрасаюза. Падобныя крытэрыі спаўняюць два прадпрыемствы вырабу чырвонага мяса і па адным птушкаапрацоўчым і рыбным. У чарговых пяці малочных прадпрыемстваў ёсць такі шанц. Пры нагодзе выявілася, што на Падляшшы ўжо 95% быдла закальцавалі. У сваю чаргу прыярытэт ваяводскіх улад год да праўдападобнага ўваходу — разбудова і мадэрнізацыя пагранперахода ў Кузніцы, завяршэнне якога плануецца на наступны год. Ваяводская ўправа падрыхтавала свайго роду падручнік, Spojnosc spoleczno-gospodarcza w wojewodztwie podlaskim, які мае палегчыць вызначэнне абшараў, якім патрэбная еўрасаюзная падтрымка.

Міністр Цімашэвіч заявіў, што пасля падпісання ўваходнага трактата 16 красавіка ў Афінах Польшча будзе г.зв. актыўным назіральнікам, значыць, польскія прадстаўнікі будуць прысутныя ва ўсіх еўрасаюзных структурах.

— Гэта будзе своеасаблівая зарадка перад паўнапраўным уваходам, — дадаў. — Будзем мець магчымасць уплываць на дзеянні паасобных дзяржаў усяе пашыранае Еўропы, напрыклад, наконт усходняй палітыкі.

Шэф польскага МЗС пры нагодзе спаслаўся на сённяшнюю і будучую палітыку ЕС і Польшчы ў адносінах да Беларусі:

— Прапануем вялікую адкрытасць да Беларусі, адкрытасць на эканамічнае і грамадскае супрацоўніцтва.

Назваў тут м.інш. патрэбу польска-беларускага навуковага і стыпендыяльнага маладзёжнага абмену:

— Справа ў працягванні рукі непасрэдна да людзей.

Владзімеж Цімашэвіч перасцерагаў у еўрасаюзным рэферэндуме выказвацца супраць уваходу Польшчы ў ЕС:

— Быў бы гэта канчатковы канец. Немагчыма другі раз выказвацца ў гэтай справе. Увесь дагаворны працэс трэба было б паўтараць ад пачатку, і то не ў адносінах да 15 краін, як цяпер, а ўжо 24.

Зазначыў:

— Уваход у Еўрасаюз гэта пачынанне не ўрадавае, а нацыянальнае.

Асаблівую ўвагу міністр Цімашэвіч звярнуў на неабходнасць як найхутчэйшага (ужо зараз) падрыхтавання праектаў, на якія паплывуць еўрасаюзныя грошы, значыць, на патрэбу заранёў падрыхтавацца да чэрпання карысці ад уваходу ў Еўрасаюз 1 мая 2004 года:

— У 2004-2006 гадах атрымаем два разы больш сродкаў з еўрасаюзнае касы, чым агулам атрымалі мы дагэтуль у рамках перадуваходнай дапамогі.

Падкрэсліў:

— Уваход у ЕС карысны, ды перш за ўсё непазбежны.

Расчараванне міністра Цімашэвіча выклікае факт, што шмат падляшскіх гмін не карыстаецца перадуваходнымі еўрасаюзнымі грашыма (напр., гміны былое заходняй часткі былога Беластоцкага ваяводства), не распрацоўвае адпаведных праектаў.

— Нельга так. Адкуль жыхары могуць мець перакананне аб карысцях ад уваходу ў Еўрасаюз, калі, як дагэтуль, не мелі з гэтага ніякай карысці?

Цімашэвіч, аднак, заўважыў, што ў значнай частцы гміны не карыстаюцца перадуваходнымі сродкамі па прычыне ўласнай фінансавай слабасці. У значнай большасці, каб атрымаць еўрасаюзную ўспамогу, трэба ў адпаведныя праекты ўкласці палову ўласных сродкаў. Прытым, як дадаў — без рэформы публічных фінансаў немагчымая будзе ўрадавая падтрымка паасобных гмін.

Маршалак Януш Кшыжэўскі ў мультымедыяльнай прэзентацыі (рухомыя слайды і музыка) прадставіў інфармацыю, як вялікімі перадуваходнымі сродкамі карысталіся паасобныя паветы, пачынаючы ад 1990 г. Найменш з еўрасаюзнай дапамогі меў карысці Замбраўскі павет (17 праектаў на суму 174,5 тыс. еўра), найбольш — Беластоцкі і сам Беласток (больш за 30 млн. еўра). Больш-менш пасярэдзіне апынуліся паветы Сямятыцкі (10 праектаў, каля 1,5 млн. еўра), Гайнаўскі (15 інвестыцый на суму больш за 1,6 млн. еўра) і Бельскі (каля 1,7 млн. еўра). Шмат грошай атрымаў Сакольскі павет (больш за 23,6 млн. еўра), аднак у 90% гэтыя сродкі паглынула разбудова пагранперахода ў Кузніцы.

— Асноўная справа на сённяшні дзень — балансаванне ўласных магчымасцей, каб на пачатак магчы карыстацца еўрасаюзнымі грашыма ў 2004-2006 гадах, — пераконваў маршалак.

Тым часам, калі працягвалася канферэнцыя, у беластоцкіх мікрараёнах паявіліся ўлёткі Лігі польскіх сем’яў (LPR), заклікаючыя галасаваць супраць уваходу Польшчы ў ЕС. Польскім дыпламатам ставілася ў закід палітычнае ашуканства ў час уваходных размоў у Капенгагене, а ўваход у Еўрасаюз, на думку таямнічых дзеячаў LPR, пагражае грамадска-палітычным крызісам.