Ніва № 13 (2446), 30 сакавіка 2003 г.

З верай у беларускую перамогу

Віталь ЛУБА

У гэтым годзе адзначаць Дзень Волі беларускія дзеячы сабраліся ў больш прасторным памяшканні, чым у мінулых гадах. У нядзелю, 23 сакавіка, у беластоцкую кавярню „Фама” прыйшло пад дзвесце чалавек рознага ўзросту — з перавагай дзеячаў сярэдняга пакалення. Згуртавала іх ідэя назалежнасці Беларусі, якой сімвалам з’яўляецца 25 Сакавіка — дзень абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. На жаль, гэтае свята не прызнаецца афіцыйнымі ўладамі Беларусі, якія, так сама як за савецкім часам, лічаць яго святам нацыяналістаў, абвінавачваючы іх пры тым у распальванні міжнацыянальнай варожасці. Дзень Волі ў Беларусі святкуюць толькі дэмакратычныя апазіцыйныя арганізацыі, а ў замежжы, асабліва далёкім, заходнім — беларускія эмігранцкія суполкі. Тыя, што аспрэчваюць значэнне Акту 25 Сакавіка, не хочуць зразумець, што калі б не было Беларускай Народнай Рэспублікі, не было б і альтэрнатыўнай ёй бальшавіцкай Беларускай Савецкай Сацыялістынай Рэспублікі, і цяперашняй Рэспублікі Беларусь, кіраўніцтва якой ад некалькіх гадоў нанава інтэгруецца з Расіяй у новы саюз. А гэта пагражае стратай суверэнітэту і канчатковым растварэннем беларушчыны ў расійскай стыхіі.

Беластоцкае святкаванне 25 Сакавіка, якое сарганізаваў Беларускі саюз у Рэчы Паспалітай, пачалося з гімна „Мы выйдзем шчыльнымі радамі” і зачытання віншаванняў ад беларускіх арганізацый з Беларусі, Латвіі, Амерыкі і Аўстраліі. Старшыня Беларускага саюза Яўген Вапа прыгадаў вытокі свята і яго значэнне для нашай грамадскасці. Урачыстасць сталася добрай нагодай для ўшанавання дзеячаў за іх працу ў карысць беларускай справы. Сёлета вылучаны былі тры асобы: Віктар Швед, паэт, які ў гэты дзень адзначаў 78-годдзе з дня нараджэння, Аліна Ваўранюк, настаўніца беларускай мовы з Беластока — за адукацыйныя дасягненні і Міхась Андрасюк з Гайнаўкі — за самаўрадавую дзейнасць. Затым юбіляр прачытаў два свае вершы — „Малітва” ды „Адраджэнцы і адрачэнцы”. Афіцыйную частку мерапрыемства завяршылі гістарычныя рэфлексіі д-ра Алега Латышонка.

Канцэртную частку ўрачыстага спаткання пачалі дашкольнікі з Самаўрадавага садка № 14 з Беластока, якіх падрыхтавалі Ева Гняздоўская, Данута Тымашэвіч і Анна Бабік. За імі на сцэну выйшлі вучні Аліны Ваўранюк з Пачатковай школы № 4 з Беластока. Пасля вучнёўскіх літаратурна-музычных мантажоў выступілі тры гурты: „Знічка” з Гайнаўкі, „Ріма” з Гарадка і „Маланка” з Бельска-Падляшскага.

25 Сакавіка — свята вольных людзей, якія вераць у перамогу ідэі самастойнасці Беларусі. Нам тут, на Падляшшы, апрача клопатаў за захаванне беларускай тоеснасці, важна таксама ці наша духовая Бацькаўшчына зойме трывалае месца ў сям’і вольных і самастойных дзяржаў свету, ці задаволіцца фіктыўным суверэнітэтам у чарговай саюзнай структуры. Сабраным на беластоцкіх святкаваннях Дня Волі хочацца верыць, што Беларусь будзе незалежнай, дэмакратычнай краінай, якой будуць ганарыцца беларусы на Радзіме і ў замежжы, што адраджэнцы перамогуць адрачэнцаў, аб якіх так вобразна выказаўся паэт.