Ніва № 12 (2445), 23 сакавіка 2003 г.

Ці новы крыжовы паход?

Юстын ПРАКАПОВІЧ

Пачатак 2003 года прыносіць народам свету трывожныя весткі пра падзеі вакол малой блізкаўсходняй дзяржавы — Ірака. Амерыканскі прэзідэнт Джордж Буш набраў ахвоты ашчаслівіць амерыканскі і іншыя народы новаю ваеннаю завірухай. Ён нават гатовы не ўлічваць меркавання ААН на гэты конт і пайсці вайною супраць Ірака; калі б так сталася, можна будзе тое смела назваць агрэсіяй.

Прэзідэнт Буш намагаецца ўцягнуць у той канфлікт членаў абарончага саюза НАТА. Паяўляецца тады пытанне: дзеля якой мэты існуе гэты саюз, які ў далейшай будучыні мае пашырыцца на краіны Прыбалтыкі і іншыя?

Як памятаем, паўночнаатлантычны пакт быў заснаваны дзеля абароны заходніх дзяржаў ад пагрозы з боку Савецкага Саюза. Савецкі Саюз перастаў існаваць, а за ім перастаў дзейнічаць і Варшаўскі дагавор, у склад якога ўваходзіла і наша дзяржава. Нягледзячы на гэта НАТА далей існуе ды яшчэ пашыраецца на былыя сацыялістычныя дзяржавы. Да таго ж, як інфармавалі некаторыя польскія газеты, ЗША хадайнічаюць, каб на тэрыторыі нашай краіны пабудаваць свае ваенныя базы. Намеснік міністра абароны Януш Земке ў крывадушны спосаб тлумачыў па тэлебачанні, што амерыканцы хочуць толькі карыстацца нашымі палігонамі дзеля абучэння сваіх жаўнераў. А ці ж гэта не тое самае? Хай амерыканцы абучаюцца ў сябе — маюць там дастаткова прасторы.

Добра помнім, як амерыканскія і натаўскія самалёты безадказна бамбілі гарады і сёлы Югаславіі. Была гэта агрэсіўная вайна, у якой загінулі дзесяткі тысяч мірнага насельніцтва. За тое злачынства ніводзін агрэсар не быў прыцягнуты да адказнасці.

Цяпер прэзідэнту Бушу захацелася іракскай нафты, дык прыдумалі, што Садам Гусейн вырабляе зброю масавага знішчэння. Міжнародная камісія ад ААН на працягу трох месяцаў не знайшла тае зброі, аднак Буш не пакідае сваіх агрэсіўных планаў і рыхтуецца да новага, на маю думку, крыжовага паходу, як калісь крыжаносцы супраць іншаверных.

Прэзідэнт Буш заахвочвае сваіх натаўскіх саюзнікаў далучыцца да агрэсіўных дзеянняў супраць Ірака. Больш разважлівыя члены пакта, як Нямеччына, Францыя і Бельгія, рашуча адмаўляюцца ад ваеннай авантуры. Вайну можна вельмі хутка распачаць, толькі невядома, як яе закончыць; пераканаўся аб гэтым галоўны ініцыятар другой сусветнай вайны, добра вядомы старэйшаму пакаленню Адольф.

Простаму грамадзяніну цяжка зразумець стаўленне да гэтай справы кіруючых дзяржавай асоб. Польскія патрыёты кіраваліся калісь лозунгам „За нашу і вашу свабоду”. Гэта абазначае, што палякі не будуць ваяваць супраць незалежнай дзяржавы, якою з’яўляецца Ірак. У народзе існуе жартаўлівая прыказка пра стаўленне кіраўнікоў нашай дзяржавы да амерыканска-іракскага канфлікта: „Дзе каня куюць, там і жаба падстаўляе сваю нагу, каб і яе каваль падкаваў”.

Дзяржава наша ўступіла ў НАТА дзеля супольнай абароны ад агрэсара. А дзе той агрэсар, мы, простыя грамадзяне, не ведаем. Гавораць, што тэрарысты здзейснілі тэракт у Нью-Йорку. Здарылася гэта ўнутры самой дзяржавы, ніводзін тэрарыст не ўчыніў гэтага тэракту звонку. Няхай амерыканцы ўнутры сваёй дзяржавы пільнуюць сваіх гарадоў і самалётаў; пры чым у гэтай справе Ірак ці іншыя краіны?

У адной з перадач беластоцкага радыёвяшчання ад канца студзеня паведамлялася, што Літва задаволіла просьбу амерыканцаў і дазволіла іх ваеннай авіяцыі карыстацца сваёй паветранай прасторай і аэрадромамі ў час вайны супраць Ірака. Дзе Літва, а дзе Ірак, і як тыя самалёты будуць весці ваенныя дзеянні? Такія падзеі прыводзяць да высновы, што наступнымі ахвярамі амерыканскай авантуры будуць несумненна краіны мяжуючыя з НАТА.

Натаўскія краіны мяняюць сваё ўзбраенне. Наша дзяржава, не зважаючы на крытычны стан эканомікі — больш за 3,5 мільёна беспрацоўных — купляе за 8 мільярдаў долараў 46 амерыканскія самалёты „F-16”. Ці тымі самалётамі ўрад дасць утрыманне штораз бяднеючым сваім беспрацоўным грамадзянам? Беспрацоўныя патрабуюць працы і хлеба, а новыя самалёты ў нашых абставінах лічу непатрэбнымі.

Гэта мае асабістыя думкі пра падзеі, якія трывожаць грамадства.