Ніва № 12 (2445), 23 сакавіка 2003 г.

Ахова правоў нацыянальных і этнічных меншасцей у краінах Еўрасаюза

Яўген МІРАНОВІЧ

Гісторыя фарміравання Еўрасаюза пачалася ў 1949 годзе. Разам з узніканнем заходнееўрапейскіх гаспадарчых і палітычных структур фарміравалася таксама супольнае заканадаўства аб ахове правоў чалавека ва ўсіх членскіх краінах. У лістападзе 1950 г. Камітэт Савета Міністраў Еўропы выдаў дакумент пад назвай Канвенцыі аб ахове правоў чалавека і асноўных свабод. Дакумент успрымаўся як абсалютны мінімум, які гарантавалі краіны заходняй Еўропы сваім грамадзянам. Яго змест засяроджваўся на ахове правоў адзінкі, якая мела сама вырашаць: якой хоча быць нацыянальнасці, якую мову лічыць сваёй, якім багам маліцца. Абмежаванне гэтых правоў кім-небудзь абазначала парушэнне існуючага заканадаўства.

Гэты мінімум пачаў пашырацца разам з тэмпамі еўрапейскай інтэграцыі. Філасофія яднання будавалася на пераканні, што без стварэння універсальных правоў грамадзянам паасобных краін немагчыма дасягнуць палітычнага паразумення паміж дзяржавамі. Немцы ў Эльзасе, напрыклад, не павінны адчуваць сябе горш чым іх суродзічы ў Нямеччыне. Раней адчужэнне меншасцей выкарыстоўвалася суседнімі краінамі, было прычынай вялікіх еўрапейскіх канфліктаў. Таму новыя еўрапейскія пастановы, як Дакумент сустрэчы Капенгагенскай канферэнцыі з чэрвеня 1990 г., Парыжская хартыя новай Еўропы з лістапада 1990 г., Рапарт Жэнеўскай сустрэчы экспертаў АБСЕ з ліпеня 1991 г., а асабліва Рамачная канвенцыя аб ахове нацыянальных меншасцей з лістапада 1994 г. накладалі на еўрапейскія дзяржавы абавязак ствараць умовы для падтрымкі тоеснасці, мовы, культуры, традыцыі і веравызнання нацыянальных меншасцей. Змест артыкула 5 Рамачнай канвецыі быў формай забавязання падпісваючай яго краіны стрымоўвацца ад якой-небудзь дзейнасці, якая магла б паспрыяць асіміляцыі нацыянальных меншасцей.

Кожны з прадстаўленых дакументаў падымаў планку абавязваючага мінімуму на вышэйшы ўзровень. Некалькі гадоў у краінах Еўрасаюза ішла дыскусія над тым, якія маюць быць канчатковыя правы нацыянальных мешасцей. Высновы з гэтай дыскусіі такія, што ў справе аховы правоў чалавека не можа быць завяршальнага моманту. Гэта працэс няспынны і разам з узніканнем новых праблемаў трэба іх вырашаць дарогай пошуку кампрамісаў.

Супольнай прыкметай еўрасаюзнага заканадаўства — імкненне да захавання роўнасці ўсіх грамадзян і забароны якой-небудзь дыскрымінацыі. Дыскрымінаваць забаронена не толькі органам дзяржаўнай ці самаўрадавай адміністрацыі, але таксама фізічным асобам і грамадскім арганізацыям. Дзяржава мае абавязак змагацца з такімі практыкамі пры дапамозе ўсіх юрыдычных і адміністрацыйных сродкаў. Публічнае антыбеларускае выказванне пасла і дзеяча адной з шавіністычных груповак з Беластока, якое было прадметам каментараў у лакальнай прэсе, у еўрасаюзнай краіне выклікала б рэакцыю пракурора.

Свабода выбару прыналежнасці да нацыянальнай меншасці ў краінах Еўрасаюза не абазначае, што прадметам аховы ёсць меншасць як група. Правы мае толькі адзінка, якая з’яўляецца членам нацыянальнай супольнасці. Дзяржава мае абавязак гарантаваць адзінцы ўмовы для захавання свае культуры, мовы, традыцыі і развіцця тоеснасці.

Адной з нявырашаных праблем у Еўрасаюзе з’яўляецца справа карыстання роднай мовай. Няма сумненняў наконт права на яе вывучэнне ці карыстанне ў прыватных кантактах. Меншасці маюць магчымасць пісаць свае імёны і прозвішчы паводле прынцыпаў роднай мовы. Зразумела, усё гэтае магчымае тады, калі французскі Жан, пражываючы ў Нямеччыне, не захоча звацца Гансам. Ён сам, асабіста, можа вырашыць справу свайго імя, але не можа яму гэтага накінуць ніякае прадстаўніцтва французскай нацыянальнай меншасці ў Нямеччыне. Яшчэ цяжэй вырашыць такія праблемы як карыстанне роднай мовай меншасці ў кантактах з чыноўнікамі краіны, якія тае мовы, па аб’ектыўных прычынах, не ведаюць. Вялікія эмоцыі выклікала ў свой час справа надпісаў на роднай мове меншасцей, асабліва ў тых памежных раёнах, якія ў мінулых стагоддзях былі прадметам канфліктаў паміж народамі, ці дзяржавамі — памежжа аўстрыйска-італьянскае, французска-нямецкае, нямецка-дацкае. Працэс пошукаў кампрамісаў у гэтай справе набліжаў да двухмоўных надпісаў назваў мясцовасцей і ўсіх геаграфічных назваў. На прыватных будынках, школах, культурных установах мову надпісаў вызначае ўласнік.

Права на навуку на роднай мове з’яўляецца адным з галоўных правоў нацыянальных меншасцей у Еўрасаюзе. Ад дзесяткаў гадоў дамінуе там перакананне, што найбольш паспяхова асіміляцыя праходзіць праз школу нацыянальнай большасці. Таму заходнееўрапейскае заканадаўства гарантуе перш за ўсё доступ нацыянальным меншасцям да адукацыі на роднай мове. Дзяржаўная мова часта вывучаецца як другая.

Не менш важнае права гарантаванае дзяржавай маюць заходнееўрапейскія меншасці ў галіне доступу да інфармацыі. Ідзе аднак не пра 15 хвілін кожнага дня ў лакальным радыёвяшчанні ці 20 мінут у тыдзень у лакальным тэлебачанні на роднай мове. Заходнееўрапейскае заканадаўства зыходзіць з такога пункту гледжання, што так як большасць мае пастаянны доступ да эфірнага часу на сваёй мове, так меншасць у гэтай справе не можа быць дыскрымінаванай. Інфармацыйная сістэма для меншасцей прадбачвае таксама магчымасці інфармавання пра сябе большасці. Сродкі масавай інфармацыі павінны ствараць магчымасць двухбаковага кантакту на аднолькавых правах. У Беластоку гэта можа гучаць як фантазія.

Вельмі важным правам гарантаваным заканадаўствам ёсць магчымасць удзельніцтва ў палітычным і грамадскім жыцці. Аблягчаецца меншасцям доступ да заканадаўчых і адміністрацыйных органаў улады. Ніводзін орган дзяржаўнай улады не можа прымаць рашэнняў у справе меншасцей без паразумення з імі. У нас вызначаюць упаўнамочанага ваяводы „do obserwacji mniejszosci”, быццам недастаткова назіранняў з боку спецслужбаў.

Нормай з’яўляецца магчымасць кантактаў з суродзічамі, пражываючымі за мяжой і карыстання дапамогай з боку суседняй дзяржавы. Усё гэта даволі простае ва ўмовах палітычнай інтэграцыі і добрых суседскіх адносін паміж заходнееўрапейскімі краінамі. Такая ахова правоў меншасцей з’яўляецца вынікам дзесяцігоддзяў пошукаў грамадскага-палітычнага парадку карыснага перш за ўсё для пераважнай большасці грамадства — так меншасцей, як і большасці. Але перш за ўсё павінна быць воля з боку дамінуючай нацыі дазволіць меншасцям мець тое, што мае большасць. Дзеля гэтага патрэбная іншая якасць палітычнай культуры грамадства, чым тая, якую можам назіраць на Беласточчыне.