Ніва № 12 (2445), 23 сакавіка 2003 г.

Купцы контра супермаркет

Аляксей МАРОЗ

Пасяджэнне Рады горада Гайнаўкі, якое адбылося 19 лютага, распачалося ад пытання будовы ў горадзе вялікіх магазінаў. У зале пасяджэнняў Рады і побач будынка гарадскога магістрата сабраліся гайнаўскія купцы і прадпрымальнікі, якія баяцца супермаркетаў.

Радны ад СЛД Ян Вайцюк сказаў, што частка жыхароў горада прыхільна ставіцца да такой інвестыцыі. 14 студзеня адбыўся ў Гайнаўцы неабмежаваны аўкцыён на продаж участка зямлі прадбачанага на будову магазіна. Купцамі сталі інвестары з Варшавы, але пасля пратэсту арганізаванага гайнаўскімі прадпрымальнікамі бурмістр Анатоль Ахрыцюк адмяніў рашэнне аўкцыёну. Затым пасля спаткання з варшаўскімі інвестарамі абяцаў на працягу двух тыдняў паўторна разгледзець справу продажу зямлі і будовы магазіна.

Радныя патрабавалі вызначыць палітыку развіцця паслуг у горадзе і прапанавалі, каб рэвізійная камісія спраўдзіла, ці бурмістр правільна прадаваў гарадскі ўчастак пад будову маркета. На разгляд быў прадстаўлены праект гарадской пастановы, якая забараняла б будову ў горадзе магазінаў з гандлёвай плошчай большай за 400 квадратных метраў. Праект падрыхтаваны быў пасля пратэстаў гайнаўскіх купцоў і разглядаўся на пасяджэннях трох камісій. Сабраныя на сесіі купцы падтрымлівалі прапанаваную пастанову. Паводле іх маркет спрычыніцца да банкруцтва малых магазінаў і росту беспрацоўя. Прыхільнікі вялікага магазіна тлумачылі, што цэны на прадукты будуць у ім ніжэйшымі за прапанаваныя ў малых магазінах. Многія жыхары Гайнаўкі робяць пакупкі ў беластоцкіх супермаркетах.

Бурмістр паінфармаваў, што за прададзеную варшаўскім прадпрымальнікам зямлю горад можа атрымаць 600 тысяч злотых, 200 тысяч злотых інвестары хочуць перадаць на гарадскія інвестыцыі і кожны год у гарадскую касу паступаць будуць 72 тыс. зл. падаткаў. Выступленне бурмістра не пераканала прыхільнікаў малых магазінаў. 18 радных прагаласавалі за забарону будовы ў горадзе магазінаў з гандлёвай плошчай большай за 400 кв. м, а толькі двое радных устрымаліся ад галасавання. Гэтае рашэнне з радасцю ўспрынялі гайнаўскія прадпрымальнікі. Многія думалі, што яно закончыла спрэчку вакол будовы маркета.

Купцы паўторна пачалі пратэставаць супраць будовы маркета 3 сакавіка. У гэты дзень бурмістр Анатоль Ахрыцюк падпісаў натарыяльную дамову з варшаўскімі прадпрымальнікамі аб продажы ўчастка пад будову вялікага магазіна. Новапрынятая пастанова не мае папярэдняй сілы і не можа адмяніць ранейшага продажу зямлі ў час аўкцыёну. Бурмістр тлумачыў сабраным у яго кабінеце купцам, што нельга законна адмяніць вынікі аўкцыёну пасля абвяшчэння яго вынікаў. Заступаўся ён за кліентаў, якія павінны мець права на свабодны выбар месца пакупак. Старшыня ПСС „Сполэм” Мечыслава Багдановіч сказала, што будзе бараніць месцы працы ў яе гандлёвым прадпрыемстве. Купцы хочуць, каб пракуратура праверыла ці продаж зямлі пад будову магазіна быў праведзены законна.