Ніва № 12 (2445), 23 сакавіка 2003 г.

Свята беларусаў

Яўген МІРАНОВІЧ

25 Сакавіка як святочны дзень адзначае ў свеце некалькі соцень тысяч чалавек, якія адчуваюць сябе людзьмі беларускай культуры. Найбольш святкуе ў самой Беларусі, у якой ад 13 гадоў гэтая дата з’яўляецца сімвалам імкнення да самастойнасці і незалежнасці краіны. Адзначаюць 25 Сакавіка перш за ўсё тыя грамадзяне рэспублікі, якія не хочуць быць членамі расійскай супольнасці народаў. Свая мова, свая дзяржава, свая зямля, на якой ніхто не прымушае цябе станавіцца тым, кім ты не хочаш быць — гэта мэта кожнага народа. Парадаксальна, у Беларусі такую патрэбу адчувае знакамітая меншасць грамадства. Гісторыя краіны — гэта доўгія стагоддзі, на працягу якіх беларусы на сваёй зямлі вымушаны былі будаваць помнікі сваім каланізатарам, пісаць гімны ў пахвалу захопніцкім генералам. У такіх умовах не вырастае нармальнае грамадства. Ва ўмовах акупацыі фарміруецца нацыя прыстасаванцаў, людзей, якія хочуць неяк пражыць, а пасля ўсяго „людзьмі звацца”. Таму ні ў чым не вінаваты беларускі люд, што не з’яўляецца ён беларускім народам. Яго выхоўвалі — часта жорсткімі метадамі — быць кімсьці іншым. Хацелася б сказаць і болей — хвала гэтаму люду і за тое, што не пераўтварыўся ў рускіх або палякаў ды ўсё яшчэ выдае сотні тысяч патрыётаў.

У нас, на Беласточчыне, 25 Сакавіка адчуваць святочным днём будзе таксама некалькі соцень чалавек. Сярод праваслаўнай масы палякаў, рускіх і тутэйшых засталіся яшчэ два дзесяткі тысяч, якія лічаць сябе беларусамі. Не ўсе яны аднак эмацыянальна звязаныя з ідэйным зместам 25 Сакавіка, не ўсім бел-чырвона-белы сцяг і Пагоня асацыююцца з незалежніцкімі імкненнямі продкаў, а хутчэй — з антылукашэнкаўскімі дэманстрацыямі. На Беласточчыне святкуе перш за ўсё пакаленне, якому толькі што пачынаюць сівець валасы. Прайшло яно працэс самаадукацыі ў структурах узніклага ў 80-я гады Беларускага аб’яднання студэнтаў, эпоху рэвалюцыйнага рамантызму, бунту супраць акасцянелага бэгэкатоўска-камуністычнага ўзору нацыянальнага жыцця. Хутка аднак усё вярнулася ў норму. Бэгэкатызацыя ахапіла і пастарэлых рэвалюцыянераў, і наймалодшых актывістаў. Засталася аднак дата-сімвал, сімвал маладосці, імкнення да чагосьці вялікага і адчування салідарнасці з людзьмі гэтай самай культуры расцярушанымі ва ўсім свеце.

Ад 85 гадоў сакавіцкае свята адзначалі палітычныя эмігранты, якія вымушаны былі пакінуць сваю „абяцаную зямлю” — Беларусь. Для іх сакавіцкія сімвалы вызначалі кірунак палітычнай актыўнасці, а 25 Сакавіка было найважнейшай датай у календары. Для большасці сны пра незалежную Бацькаўшчыну ніколі не споўніліся. Шматлікія адыходзілі са свету не будучы ўпэўненымі, ці іхняя ахвярнасць мела які-небудзь сэнс.

85 гадоў таму прадстаўнікі беларускага народа аб’явілі волю жыць на сваёй зямлі пад сваёй уладай. У Беларусі стаялі нямецкія войскі, расіяне і палякі рыхтаваліся ўключыць беларускія землі ў склад сваіх калоній. Пастанова Рады Беларускай Народнай Рэспублікі была інфармацыяй для ўсіх акупантаў — не хочам вас у Беларусі. Але воля элітаў гэта надта мала, каб зямля і народ сталі свабоднымі. Патрэбны былі сотні тысяч салдат, якімі Рада БНР не распараджалася, патрэбны былі саюзнікі зацікаўленыя ў існаванні незалежнай Беларусі. Такіх не было ў свеце. Незалежнасць патрабавала таксама волі масаў, мільёнаў людзей і гатоўнасці да ахвяр у абароне сваёй зямлі. Люд тым часам хацеў толькі спакою і хлеба. Беларуская інтэлігенцыя засталася адзінокай. Апрача мараў не мела ніякіх козыраў, каб збудаваць незалежную дзяржаву. У 1920 г. Беларусь падзялілі між сябе бальшавіцкая Расія і Польшча.

Бедны беларускі люд, які хацеў толькі спакойна жыць і працаваць, бальшавіцкія паны гналі спачатку ў калгас, а пасля — у Курапацкі лес. На другім баку мяжы польская шляхта ў паліцэйскіх і чыноўніцкіх уніформах вяртала стан з ХVIII стагоддзя. Шмат хто бунтаваўся, але тых называлі камуністамі і пасылалі ў Картуз-Бярозу.

Сёння грамадзянам Беларусі прапануецца адзначаць як нацыянальнае свята 3 ліпеня — дзень уваходу Чырвонай Арміі ў Мінск у 1944 г., дзень паўторнага замацавання савецкай улады ў Беларусі, пачатак новага перыяду русіфікацыі. Адзначаюць яго не толькі ўлады, але таксама мільёны жыхароў краіны. Раней таксама, толькі больш гучна, святкавалі дзень бальшавіцкага перавароту ў Расіі — 7 лістапада. У такіх умовах 25 Сакавіка стала датай, якая ўяўляе ідэйную апазіцыйнасць супраць прыніжэння і лакейства. Гэта свята беларусаў — народа свабодных людзей.

Калі суседнія народы адзначаюць свае святы, у касцёлах і цэрквах гучаць званы, святары моляцца за іх лепшую будучыню. На Беласточчыне за беларускі народ не моляцца ні ў цэрквах, ні ў касцёлах. Малапраўдападобна, што ў Беларусі нехта са святых айцоў, супраць волі чужых епіскапаў, прыпамінае Богу пра існаванне „белорусского племени”. Але пакуль у Лондане будзе жыць айцец Аляксандр Надсан, Найвышэйшы кожны дзень пачуе падзяку за ласку ад беларускага народа.