Ніва № 11 (2444), 16 сакавіка 2003 г.

Пра дзеячаў і герояў

Яўген МІРАНОВІЧ

Часта беларускія гісторыкі і публіцысты шукаюць адказу на пытанне чаму ў гісторыі нашага народа было столькі прайграных войнаў, патрачаных шанцаў, чаму кожная ваенная завіруха ў Еўропе забірала вялікі адсотак насельніцтва, якое з нікім не хацела змагацца, а толькі спакойна жыць. У сучасны момант як падарунак з неба з’явілася беларуская дзяржаўнасць, але шмат грамадзян краіны не ведае ці яна яшчэ існуе, ці можа астаўся толькі яе муляж. У нас на Беласточчыне адна групка дзеячаў зможа наладзіць дзень спеваў на мясцовых гаворках, ці нават на мове падобнай на літаратурную, другая — выдаваць часопісы, трэцяя — займацца літаратурнай творчасцю, але без дзяржаўнай фінансавай падтрымкі ўсё гэта памерла б не выдаўшы нават стогну.

Прыглядаючыся грамадскім і палітычным працэсам у беларускім асяроддзі цяжка на працягу апошніх ста гадоў заўважыць змены менталітэту народа. Традыцыйна нашыя эліты і люд гатовыя служыць кожнаму, без веры ў магчымасць пабудовы сваёй палітычнай і культурнай прасторы. „Нашыя людзі” гатовыя выканаць кожную паслугу, нават нікчэмную, калі толькі дапаможа яна асабістай кар’еры ці прынамсі прынясе нейкае матэрыяльнае забеспячэнне. Для пераважнай большасці існаванне школ з роднай мовай навучання, газет, радыёвяшчання, такой ці іншай арганізацыі — зусім абыякавае. Таму ў сапраўднасці няма ў нас нічога — ні школ, ні навуковых устаноў, ні рэальных арганізацый, ні газет, фарміруючых грамадскую думку, ні літаратуры, якая ўплывала б на грамадства, ні сваіх дэпутатаў. Існуе поўная фікцыя, міф нацыянальнага жыцця. Яго ў сапраўднасці не патрабуюць ні „нашыя” эліты, ні грамадства, а тым больш мясцовыя палякі. Усіх задавальняе муляж.

За ўсходняй мяжой на такіх жа прынцыпах жыве народ, які называе сябе беларусамі. Але калі з’явілася прапанова прэзідэнта суседняй дзяржавы, каб у месца краіны, якая завецца Беларуссю, стварыць 6 губерняў, некаторыя „беларусы” пачалі разважаць: „А может станет лучше жить”. І калі б ажыццявілася тая ідэя, ніхто не пабачыў бы роспачы на тварах тамашняга люду. Хутчэй пачуў бы: „Нам усюды добра, каб толькі не было вайны”. Адны вучоныя далей пісалі б пра „нашую” краіну Вялікае княства Літоўскае, другія — пра сваю „родину” Савецкі Саюз, а трэція — пра тысячагадовую традыцыю сяброўства славянскіх народаў.

Чытаючы раней навуковыя і публіцыстычныя апрацоўкі пра змагароў за незалежную Беларусь — Германа Шыманюка „Скамароха”, Вячаслава Разумовіча — атамана „Хмару”, і дзесяткі іншых, магло склаціся ўражанне, што ў нашай нядаўняй гісторыі было пакаленне гатовае ахвярна працаваць для ідэі, краіны, народа. Але, бліжэй прыглянуўшыся героям, можна прыйсці да вываду, што мы не мусім саромецца за нашае сучаснае няўдачніцтва.

„Скамарох” на пачатку дваццатых гадоў кіраваў партызанскім атрадам на Беласточчыне і ад імя эміграцыйнага беларускага ўрада ў Коўне змагаўся з палякамі. Нядаўна аднак аказалася, што прадстаўляў ён тут не беларускія, але савецкія інтарэсы. Быў чалавекам савецкай разведкі. Нічога, дарэчы, асаблівага ў беларускім руху. Меў права, як тысячы іншых дзеячаў, верыць у сэнс бальшавіцкай палітыкі. Можа бачыў магчымасць аб’яднання беларускіх зямель у Савецкай Беларусі, — думалася мне. Але аказваецца, што гатовы быў таксама супрацоўнічаць з палякамі. Гэта абазначае з усімі, хто запрапанаваў бы адпаведныя ўмовы супрацоўніцтва. У снежні 1922 г. „Скамарох” звярнуўся да каменданта гродзенскай паліцыі Радзяёўскага з прапановай „перайсці на польскі бок”. Яго партызанская сетка была распрацавана паліцыяй і таму палякі адкінулі яго прапанову супрацоўнічаць. Атрад „Скамароха” ліквідавалі, а камандзір вымушаны быў уцякаць на ўсход, дзе яго расстралялі як польскага шпіёна.

Яшчэ больш гратэскава паводзіў сябе Вячаслаў Разумовіч, званы атаманам „Хмарай”. Меў быць адным з камендантаў антыпольскага паўстання, тым часам некалькі разоў прапанаваў палякам здацца са сваім войскам пакуль яшчэ пачаў якое-небудзь змаганне. Польская контрразведка і паліцыя дамагаліся ў яго дапамогі ў ліквідацыі канспірацыйных беларускіх структур. Невядома які быў канчатковы вынік гэтых размоў, але судовыя працэсы беларускіх канспіратараў у Беластоку і Гродне сведчаць, што атаман „Хмара” змагаўся на іншым баку, чым прыпісвае яму беларуская літаратура. Супрацоўніцтва з польскай контрразведкай ніколі, дарэчы, не парываў. У 1926 г. Разумовіч запрапанаваў польскаму паслу ў Берліне даць доказы супрацоўніцтва Браніслава Тарашкевіча з саветамі і выявіць крыніцы фінансавання Беларускага кааператыўнага банка ў Вільні, а затым і грамадоўскага руху. Маючы за сабой легенду змагара за незалежную Беларусь, меў кантакт з беларускай эміграцыяй, кіраўнікамі Беларускай Народнай Рэспублікі. Меў магчымасць кантраляваць кантакты беларускіх дзеячаў у Польшчы з эмігрантамі. Пра ўсё інфармаваў польскую разведку. Плацілі яму няшмат, таму прабаваў прадаваць гэтыя самыя інфармацыі польскім дыпламатам. Выступаючы ад імя неіснуючай беларускай эміграцыйнай арганізацыі прапанаваў за яе фінансаванне даць доказы, якія маглі б дапамагчы ў ліквідацыі беларускіх апазіцыйных структур у Польшчы.

Не было ніякага атамана Хмары, быў „наш хлопец”, які гатовы быў служыць кожнаму.

Чытаючы карэспандэнцыю паміж Міністэрствам замежных спраў Польшчы і пасольствам у Парыжы ад 1922 г. на тэму фінансавання агента Ладнова, які адначасова быў міністрам замежных спраў Беларускай Народнай Рэспублікі, можна зарыентавацца як танна беларускія эліты прадавалі свае паслугі і як лёгка пры іх дапамозе можна было разбураць усе палітычныя ініцыятывы. Маючы такіх атаманаў і міністраў ні на пачатку, ні ў канцы ХХ стагоддзя немагчыма было збудаваць ні дзяржавы, ні народа.