Ніва № 11 (2444), 16 сакавіка 2003 г.

Бюджэт, запаведнік і чыгунка

Аляксей МАРОЗ

На V сесіі Рады Гайнаўскага павета, якая адбылася 26 лютага, прыняты быў бюджэт павета. Радныя станоўча ацанілі прапанову павелічэння Біясфернага запаведніка на ўсю Белавежскую пушчу. Заслухалі таксама інфармацыю аб планах ліквідацыі пасажырскіх чыгуначных перавозаў.

Управа павета запрапанавала бюджэт з дэфіцытам размерам 2 364 тыс. зл. Плануе яна ўзяць крэдыт велічынёй 2 054 тыс. зл. і большасць яго выдаткаваць на патрэбы Комплексу аховы здароўя ў Гайнаўцы. Самыя вялікія сродкі (з субвенцыі) прызначаны на асвету і выхаванне (8,8 млн. зл.), сацыяльную апеку (3,8 млн. зл.), транспарт — публічныя павятовыя дарогі (3 млн. зл.) і адміністрацыю (2,8 млн. зл.), а самыя малыя на турызм (10 тыс. зл.). У параўнанні з праектам бюджэту, прадстаўленым восенню мінулага года, новы варыянт прадбачваў меншыя выдаткі на школьніцтва. Старшыня Беларускага самаўрадавага форуму і радны БНВК Міхась Андрасюк крытычна ацаніў абмежаванне субвенцыі Гайнаўскаму белліцэю (на 123 тыс. зл.) і Комплексу лясных школ у Белавежы (на 111 тыс. зл.).

— Комплекс школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы, як школа нацыянальнай меншасці, павінна атрымаць пабольшаную на 20% субвенцыю, — гаварыў Міхась Андрасюк. Звярнуў ён увагу, што асабовы састаў Управы Гайнаўскага павета амаль у 50% сыходзіцца з Гайнаўскай павятовай управай БГКТ, для якой важны павінны быць справы беларускай меншасці. Стараста Уладзімір Пятрочук не патлумачыў як выдаткоўваецца 20-працэнтны дадатак для меншасных школ, толькі паінфармаваў, што абмежаванне выдаткаў для Комплексу школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы не будзе вялікае. Сродкі ад памяншэння бюджэтаў школ будуць пераведзены ў рэзерв і пасля могуць трапіць у школы. У час галасавання 13 радных падтрымалі праект бюджэту, а 4 стрымаліся ад галасавання (у гэтым ліку 2 радных БНВК).

З ліку датацый на культурную дзейнасць 30 тыс. зл. атрымае Таварыства „Любіцеляў царкоўнай музыкі” — арганізатар Дзён царкоўнай музыкі (прасілі 50 тыс. зл.). Беларускі музей у Гайнаўцы атрымае 5 тыс. зл. (выступалі за 40 тыс. зл.). Галоўнаму праўленню БГКТ у Беластоку перададзеных будзе 8 тыс. зл., а Фонду камернай і арганнай музыкі ў Гайнаўцы і Саюзу любіцеляў народнай культуры ў Чаромсе — па 5 тыс. зл. На падтрымку спартыўных арганізацый выдзелена 9 600 злотых.

Намеснік старасты Ежы Сірак паінфармаваў радных аб рашэнні Дырэкцыі дзяржаўнай чыгункі аб скарачэнні пасажырскіх перавозаў на Гайнаўшчыне. На трасе Беласток — Чаромха ад 10 сакавіка мелі ездзіць толькі дзве пары цягнікоў. З Чаромхі ў Бельск-Падляшскі дадаткова мелі вазіць пасажыроў на аўтобусным транспарце. Прадугледжвалася абмежаванне да двух пар цягнікоў з Чаромхі ў Седльцы і ліквідацыя поезда з Гайнаўкі ў Варшаву. Надалей з Гайнаўкі ў Цісоўку будзе ездзіць рэйкавы аўтобус, якім у большасці даязджаюць чыгуначнікі і іх сем’і. У пачатку сакавіка чыгуначныя ўлады адтэрмінавалі выкананне пастановы аб ліквідацыі нерэнтабельнага чыгуначнага транспарту да красавіка.