Ніва № 11 (2444), 16 сакавіка 2003 г.

Новыя людзі ў старых умовах

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

У Беларусі 2 сакавіка прайшлі выбары ў мясцовыя органы ўлады. Калі вызначаць іх вынік адным сказам, то чуткі аб канчатковай смерці дэмакратыі ў Беларусі перабольшаныя. Але дадаўшы, што пацыент хутчэй мёртвы чым жывы.

Ужо даўно і добра вядома, што выбарчае заканадаўства Рэспублікі Беларусь мае такія хібы, што дазваляе без асаблівых цяжкасцей пераўтварыць працэс народнага волевыяўлення ў выбарчы фарс. Чаго вартае адно толькі датэрміновае галасаванне. Для недасведчаных патлумачу. На працягу пяці дзён перад вызначаным днём выбараў участкі для галасавання адчыненыя на некалькі гадзін да і пасля абеду, каб той, хто чамусьці не зможа прыйсці як пераважная большасць суграмадзян у нядзелю, прыйшоў і прагаласаваў загадзя. Механізм, здаецца, вельмі дэмакратычны. Але на самой справе ператварае выбары ў фокусы са скрынямі, бо калі ў складзе падліковых камісій практычна адсутнічаюць прадстаўнікі розных палітычна канкурыруючых бакоў, то што знаходзіцца ў гэтых самых скрынях могуць дакладна ведаць толькі тыя, хто мае да іх доступ. Назіральнікі, па зразумелых прычынах, не ў стане знаходзіцца на ўчастку і ўдзень, і ўночы і таму пастаянны кантроль адсутнічае.

Датэрміновае галасаванне сёлета было выкарыстанае грамадзянамі Беларусі яшчэ ў большай ступені чым пазалетась на прэзідэнцкіх выбарах. Звыш 20% унесеных у спісы нібыта палічылі, што не здолеюць прыйсці на выбары ў нядзелю. У 2001 годзе такіх было менш за 15%. Апазіцыйныя лідэры кажуць аб прымусе галасаваць датэрмінова з боку адміністрацый навучальных устаноў, прадпрыемстваў, інтэрнатаў і прыводзяць канкрэтныя пацвярджэнні, якія можна лічыць псіхалагічным ціскам на выбаршчыкаў. Таму датэрміновае галасаванне ў той форме што існуе зараз становіцца крыніцай выбарчых злоўжыванняў.

Падчас этапу агітацыі, як лічаць апазіцыянеры, з дыстанцыі здымаліся асабліва перспектыўныя кандыдаты. Яскравым прыкладам стаў Мінск, дзе, для прыкладу, адна з вядучых дэмакратычных партый — Аб’яднаная грамадзянская страціла траіх з нешматлікай колькасці прэтэндэнтаў.

Непасрэдна дзень выбараў 2 сакавіка добра „патрапаў нервы” грамадскім назіральнікам ад апазіцыі. Іх часцяком не дапускалі да назірання за падлікам галасоў, не называлі працэнта прагаласаваўшых, не дазвалялі сачыць за выязным галасаваннем.

Па сведчаннях кіраўнікоў апазіцыйных партый, выканаўчая ўлада як ніколі моцна выкарыстоўвала адміністрацыйны рэсурс, што не дало магчымасці правесці ў мясцовыя саветы агромністую колькасць дэмакратычных кандыдатаў.

Але, як аказалася, не ўсё так сумна і бясплённа. Калі ўлічыць, што з мінулых мясцовых выбараў прайшло 4 гады, за якія ў прадстаўнічай уладзе Беларусі не было прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі, то цяпер сітуацыя крыху змянілася. Прыкладна, па дзесятку кандыдатаў ад вядучых апазіцыйных партый авалодалі дэпутацкімі мандатамі з першага заходу. Яшчэ больш выйшла ў другі тур галасавання. Самае цікавае, што адбылося такое ў невялікіх гарадах і паселішчах, дзе насельніцтва заўсёды лічылася баязлівым і кансерватыўным. Больш таго, у Новаполацку, напрыклад, 80% кандыдатаў у дэпутаты з дэмакратычнай плыні выйшлі ў другі тур галасавання. У Белаазёрску, што на Берасцейшчыне, у сямі акругах з дванаццаці, дзе выбары адбыліся, дэпутатамі сталі людзі дэмакратычных поглядаў.

Такі вынік некаторыя апазіцыянеры тлумачаць недастатковай пільнасцю ўлад і адсутнасцю там моцнага ціску на выбарчыя камісіі зверху. Магчыма, тут ёсць рацыя, але нельга не зважаць на тое, што ў невялікіх мястэчках людзям лягчэй вызначыць сутнасць таго ці іншага кандыдата, бо цэлы час ён навідавоку.

Яўка выбаршчыкаў была даволі высокай па краіне — 73%. Гэта сведчыць пра цікавасць людзей да сваіх стаўленнікаў, чаго нельга сказаць аб беларускім прэзідэнце — А. Лукашэнка ў вызначальныя для мясцовай улады дні адпачываў на чарнаморскім курорце. А можа папросту пакуль яго голас для мясцовых чыноўнікаў важыць больш чым галасы мільёнаў выбаршчыкаў?