Ніва № 11 (2444), 16 сакавіка 2003 г.

Выбіралі прыпяваючы

Мікола ВАЎРАНЮК

„Выбары 2 сакавіка” — чырвонымі літарамі біла па вачах вялікае палатно над вуліцай Савецкай у Гродне. Калі хто не задзіраў галавы, а разглядаў вітрыны магазінаў, мог у гэтым месцы тое ж самае прачытаць у вакне парфумерыі „Іў Рашэ”. Пра свята дэмакратыі напаміналі стэнды дзяржаўных устаноў. Усе плакаты былі адной формы, велічыні і таго самага зместу: адно інфармацыя пра дзень галасавання.

Не ўсміхаліся да прахожых з гродзенскіх сцен і энергетычных слупоў добразычлівыя твары кандыдатаў у гарадскую і абласную рады. Не абяцалі па-бацькоўску задбаць пра светлую будучыню сваіх суграмадзян. Не спаборнічалі між сабой за тое, хто лепшы і прыгажэйшы. З-за сціпласці?

Нічога падобнага. У беларускім варыянце дэмакратыі адбор кандыдатаў праходзіць раней. Працоўны калектыў або палітычная партыя прапануюць свайго чалавека. А выбарчая камісія стараецца, каб у кожным выбарчым участку быў найлепшы. Найчасцей адзін.

Хтосьці сам можа паставіць сваю кандыдатуру шляхам збору подпісаў. Але яму даволі лёгка можна даказаць, што ён не самы лепшы кандыдат. Хопіць даказаць, што адрасы шасці асоб запісаны тым самым почыркам. Не паможа нават тое, што тыя асобы потым з’явяцца ў выбарчую камісію і будуць даказваць, што ўсё напісана — праўда. Запозна.

* * *

Выбарчы ўчастак № 7 у Гродне вылучаецца тым, што тут аж тры кандыдаты.

Субота 1 сакавіка. Папраўдзе яшчэ дзень да выбараў, але галасаванне працягваецца ўжо пяты дзень. У памяшканне заходзяць паадзіночку выбаршчыкі.

— Узаўтра паедзем на вёску да бабулі памагаць у гаспадарцы, — кажа Алена Жданюк, — таму я прыйшла аддаць свой голас сёння. Хачу, каб новы гарадскі савет вырашыў нешта з дзецьмі, якія без нагляду сноўдаюцца па кварталах горада. Наш мікрараён патрабуе добраўпарадкавання, дзіцячых пляцовак.

Мужчына нападпітку просіць яго не фатаграфаваць. Кажа, што выкрасліў усіх трох кандыдатаў. Чаму тады прыйшоў на выбарчы ўчастак?

— На заводзе сказалі: хто не пойдзе галасаваць, можа больш не прыходзіць і на работу.

* * *

У Бераставіцкім раёне датэрмінова прагаласавала трэць выбаршчыкаў, а ў Воранаўскім — 40 працэнтаў. Аднак, калі чалавек не спяшаўся, лепш было пачакаць да нядзелі 2 сакавіка. На выбарчых участках была сапраўды святочная атмасфера.

— Мяне ўразіла тое, колькі людзей я там спаткаў, — гаворыць Пётр Дудзько, намеснік старшыні Раённага выканаўчага камітэта ў Вялікай Бераставіцы. — Усе ў радасным настроі. Іграе музыка, тыя, хто прагаласавалі ідуць у буфет. Адчуваецца свята.

Добра забяспечаны буфет — беларуская традыцыя. На выбарчым участку ў бераставіцкім Раённым доме культуры можна было купіць хлеб і каўбасы, шашлыкі і піражкі, цукеркі і шакаладкі, сокі і газіраваныя напоі, гарэлку і піва. У суседняй зале амаль увесь дзень праходзіў канцэрт мясцовых калектываў. Выбаршчыкі, выканаўшы грамадзянскі абавязак, расселіся ў мяккіх крэслах і падпявалі спевакам. Свята.

* * *

Апазіцыйныя партыі паставіліся да выбараў у мясцовыя рады па-рознаму. Адны казалі, што гэтыя органы нічога не значаць, а вынік выбараў загадзя вядомы. Іншыя даказвалі, што трэба скарыстоўваць кожную нагоду выхаду да грамадства і набірацца вопытам. Гэта перш-наперш маладыя. Як 23-гадовы Зміцер Раманоўскі з Бераставіцы, які балатуецца ад імя партыі БНФ. Ён пасля акадэміі вярнуўся ў роднае мястэчка і працуе мастаком-афарміцелем. Хоча змяніць застойную атмасферу, паказаць моладзі, што можна нешта зрабіць самім сабе.

— Не можна так катэгарычна заяўляць, што мясцовыя рады нічога не значаць, а ўсё залежыць ад пастаўленага прэзідэнцкага начальніка, — гаворыць муж даверу Раманоўскага Зміцер Дулько. — Рады ж прымаюць бюджэт. І даюць трыбуну, з якой можна гаварыць аб нашых балячках.

— Байкот выбараў быў бы памылкай, — кажа кандыдат БНФ у Гродне, неспаўна 30-гадовы Валеры Кісель. — Хай яны недэмакратычныя, хай паздымалі нашых кандыдатаў, але мы набываем досвед, мы вучымся палітычнай гульні.

Валеры Кісель ужо многаму навучыўся. На ўсялякі выпадак сваю кандыдатуру паставіў двойчы, раз ад імя партыі, а другі — ад групы выбаршчыкаў. Камісія адмовіла яму ў рэгістрацыі як кандыдату БНФ, але прыняла на спісак у выніку падтрымкі грамадства. У акрузе змагаецца з палкоўнікам міліцыі.

* * *

Ні Зміцер Раманоўскі ў Бераставіцы, ні Валеры Кісель у Гродне не перамаглі, але даволі моцна намуцілі ў сваіх акругах. Раманоўскі ўвайшоў у другі тур, а ў акрузе Кіселя выбары будуць паўтораны.

Ведалі выбарчыя камісіі, што робяць, дапускаючы на спіскі па адным чалавеку.