Ніва № 10 (2443), 9 сакавіка 2003 г.

Савецкія кадры на Беласточчыне

Яўген МІРАНОВІЧ

У польскай навуковай і публіцыстычнай літаратуры сітуацыя, якая cклалася ва ўсходніх ваяводствах пасля 17 верасня 1939 г., называецца савецкай акупацыяй. У беларускай літаратуры наадварот — падзеі 1939 г. бачацца як вызваленне Заходняй Беларусі. У польскай гістарыяграфіі пішацца пра мільёны дэпартаваных палякаў у Сібір і Казахстан, змаганне патрыётаў супраць акупантаў і супрацоўніцтва беларусаў і яўрэяў з савецкай уладай.

Калі бліжэй прыгледзецца фактам, гэты просты вобраз моцна ўскладняецца. Асабліва на Беласточчыне відаць, што савецкая ўлада не будавала тут беларускасці, ані не дыскрымінавала палякаў. Разам з Чырвонай Арміяй з усходу прыехала некалькі тысяч камуністаў, камсамольцаў, чэкістаў, юрыстаў, пракурораў і спецыялістаў усялякіх служб, якія абслугоўвалі дзяржаўную інфраструктуру — чыгуначнікаў, тэлеграфістаў, медыкаў, тэхнікаў і інжынераў. Было іх, аднак, надта мала, каб запоўніць усе структуры дзяржаўнага апарату. Неабходным было тады прымаць на працу мясцовых. У савецкіх дакументах, якія захоўваюцца таксама ў архівах Беларусі, можна знайсці дакладныя інфармацыі пра кожнага супрацоўніка савецкага апарату ўлады на Беласточчыне.

У лістападзе 1939 г. у Беластоцкай вобласці ў радах савецкай адміністрацыі працавала 10 537 мясцовых жыхароў, у тым ліку 10 080 палякаў, 315 беларусаў і 142 яўрэі. Не абазначае гэта дыскрымінацыі беларусаў, ці яўрэяў, а толькі тое, што палякі, якія да 1939 г. мелі сваю дзяржаву, былі лепш падрыхтаваны да працы ў адміністрацыі. Дакументы паказваюць, што нікога не трэба было заахвочваць да працы ў савецкіх органах улады. Бальшавікі менш звярталі ўвагу на якасць працы сваіх чыноўнікаў і таму ў наступных месяцах адкрываліся магчымасці павышэння таксама мясцовым беларускім сялянам.

1 лістапада 1940 г. у дзяржаўных установах Беластоцкай вобласці працавалі 8 283 палякі, 6 460 беларусаў, 1 168 рускіх, 3 392 яўрэі. У гэтай колькасці мясцовага паходжання было 5 195 палякаў, 3 214 беларусаў і 2 431 яўрэй. Абазначае гэта, што саветы пазбыліся амаль паловы былых польскіх чыноўнікаў і прынялі на іх месца беларусаў і яўрэяў. У сапраўднасці беларускія сяляне ўпершыню сталі выконваць прафесіі, якія зусім не былі ім даступныя ва ўмовах ІІ Рэчы Паспалітай.

У палове 1940 года сталінскае кіраўніцтва стала ажыццяўляць планы стварэння савецкай польскай дзяржаўнасці. Дзеля гэтага патрэбны былі польскамоўныя кадры. Невядома дакладна, якая тэрыторыя мела скласці савецкую Польшчу, але шмат паказвае, што Беласточчына і Гродзеншчына апынуліся б у яе межах. Ад паловы 1940 да чэрвеня 1941 г. прынялі на працу каля 10 тысяч палякаў.

У 1940 г. у рады Ленінскага камуністычнага саюза моладзі Беларусі прынялі 2 751 маладога чалавека, у тым ліку 1 214 беларусаў, 459 палякаў, 821 яўрэя, 208 рускіх і 49 асоб іншых нацыянальнасцей. Аднак на шматлікіх курсах і ў вышэйшых установах, дзе рыхтаваліся кадры савецкай дзяржаўнасці, вучылася 9 518 палякаў, 7 036 беларусаў, 5 950 яўрэяў і 2 255 рускіх. Паказвае гэта, што ўсе нацыянальнасці, пражываючыя на тэрыторыі Беластоцкай вобласці, шукалі сабе месца ва ўмовах савецкай дзяржаўнасці.

Выбары ў мясцовыя саветы, якія адбыліся 15 чэрвеня 1941 г. паказваюць таксама, што палякі не пагарджалі працай у савецкіх органах улады. Прышэльцы з усходу, якія пасяліліся на Беласточчыне пасля 17 верасня 1939 г., атрымалі 2 954 месцы ў лакальных саветах, 7 554 дэпутаты былі мясцовага паходжання, у тым ліку 4 892 палякі, 2 384 беларусы, 287 яўрэяў і 64 прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей.

Дакументы паказваюць адназначна, што не толькі беларусы і яўрэі супрацоўнічалі з саветамі, але рэвалюцыйны дух і энтузіязм у аднолькавай ступені праяўлялі мясцовыя палякі. Ні беларусаў, ні палякаў не было сярод начальнікаў НКУС, але толькі таму, што саветы ім не давяралі і не прапанавалі гэтай працы. Звыш 90 працэнтаў кіраўнічых кадраў органаў бяспекі было рускімі. Сярод раённых сакратароў партыі дамінавалі беларусы, але ў большасці прышэльцы з усходу. Рэальная ўлада поўнасцю апынулася ў руках людзей, якія з’явіліся на Беласточчыне пасля 17 верасня 1939 г., але дзесяткі тысяч людзей мясцовага паходжання гатовых было ўдзельнічаць у структурах улады, нягледзячы на крыніцы, з якіх яна выплывае. Не толькі ва ўмовах дэмакратыі тутэйшы люд імкнуўся быць у радах улады.