Ніва № 10 (2443), 9 сакавіка 2003 г.

Візіт з прапановай канкрэтнай дапамогі

Аляксей МАРОЗ

„Я хацеў бы адысці ад дэкларацый і перайсці да канкрэтных спраў. Буду намагацца, каб мая дзейнасць перакладалася на вырашэнне канкрэтных праблем, старацца пераканаць урад Беларусі аб неабходнасці дафінансаваня мерапрыемстваў беларусаў Беласточчыны. Беларуская дзяржава будзе і надалей намагацца, каб дапамагаць беларускай меншасці ў Польшчы”, — заявіў нованазначаны пасол Беларусі ў Польшчы Павел ЛАТУШКА, які 19 лютага разам з жонкай Наталляй і консулам РБ у Беластоку Аляксандрам КАРАЧУНОМ наведаў Бельшчыну і Гайнаўшчыну.

Спачатку пасол Рэспублікі Беларусь спаткаўся з бурмістрам Бельска-Падляшскага Яўгенам Беразоўцам. Затым у Агульнаадукацыйным ліцэі з беларускай мовай навучання сустрэўся з моладдзю Беларускага клуба. Пасол Павел Латушка звярнуў увагу на гандлёвыя кантакты Польшчы з Беларуссю, якія могуць абмежавацца пасля ўвядзення візавага рэжыму. Абяцаў намагацца, каб візы жыхарам Польшчы выдаваліся без чэргаў і каб адкрыліся дадатковыя пагранічныя пераходы.

Вучань Міхась Сцепанюк пытаў пра нарушэнне правоў чалавека ў Беларусі. Пасол заявіў, што Беларусь, як незалежная дзяржава, ідзе шляхам дэмакратычных пераўтварэнняў. Выходзяць у ёй незалежныя сродкі масавай інфармацыі, праводзяцца выбары ў органы самакіравання (адбудуцца ў сакавіку). Беларусь — спакойная еўрапейская краіна, у якой няма бядоты, беспрацоўя. Дыпламат заахвочваў ліцэістаў вучыцца ў беларускіх ВНУ. Дырэктар Зінаіда Навіцкая і белліцэісты пыталі пра лёс выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў Беларусі, паколькі прыйдзецца ім здаваць экзамены дзеля прызнання дыпломаў. Пасол Павел Латушка паінфармаваў, што будзе пераконваць Міністэрства адукацыі і спорту Польшчы захаваць ранейшыя пагадненні аб сапраўднасці дыпломаў беларускіх устаноў у Польшчы і польскіх у Беларусі. Адна з вучаніц звярнула ўвагу, што нядаўна ўвялі для студэнтаў з Польшчы плату за пражыванне ў інтэрнаце размерам 12 долараў. Пасол адзначыў, што не павінна яна адрознівацца ад аплат беларускіх студэнтаў і абяцаў высветліць справу. На заканчэнне спаткання госць уручыў дырэктару Зінаідзе Навіцкай падарункі — сканэр і трохмоўнае выданне паэмы Якуба Коласа „Новая зямля”.

У Гайнаўцы пасол Павел Латушка спаткаўся са старастам Уладзімірам Пятрочукам і бурмістрам, старшынёю Саюза гмін Белавежскай пушчы Анатолем Ахрыцюком. У час сустрэчы закраналіся пытанні турыстычнага пагранперахода ў Белавежы, магчымасцей разбудовы перахода Полаўцы — Пяшчатка, прыгранічнага таварнага абмену і дапамогі беларусам Гайнаўскага павета. У Комплексе школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы беларускія госці спаткаліся з настаўнікамі, вучнямі і бацькамі. Дырэктар Яўген Сачко расказаў аб гісторыі школы і яе дасягненнях. Настаўнікі беларускай мовы Іаланта Грыгарук і Вольга Сянкевіч прадставілі праблемы з навучаннем беларускай мовы ў белгімназіі і белліцэі (бракуе беларускай літаратуры, слоўнікаў і дапаможнікаў), апякунка музычных калектываў Бажэна Ляўчук наракала на адсутнасць нацыянальнай вопраткі для выступленняў на сцэне, а апякун Клуба беларускіх спраў „Граблі” Яўген Янчук распавёў пра дзейнасць клуба і складанасці з паездкамі вучняў у Беларусь. Пасол прасіў спісаць усе патрэбы і абяцаў дапамагчы белліцэям, па меры фінансавых магчымасцей. Вырашыў устанавіць штогадовую ўзнагароду найлепшым вучням па беларускай мове гайнаўскага і бельскага ліцэяў. Адносна вучобы ў Беларусі дыпламат патлумачыў, што беларуская дзяржава не ў змозе даваць высокія стыпендыі студэнтам з Польшчы. Раіў страхавацца на выпадак хваробы, бо замежныя студэнты могуць бясплатна лячыцца ў беларускіх бальніцах толькі на працягу першых трох дзён. Гайнаўскі белліцэй атрымаў такія ж падарункі, што і бельскі. Спатканне завяршылася выступленнем музычных калектываў. Пасол Павел Латушка абяцаў узнагародзіць камп’ютэрам калектыў з Гайнаўскага або Бельскага ліцэяў, які пераможа ў Фестывалі „Беларуская песня 2003” у Беластоку.

Пабыўка пасла РБ на Гайнаўшчыне закончылася візітам у Беларускім музеі. Спачатку госці наведалі музейныя выстаўкі, а потым старшыня Грамадскага камітэта пабудовы музея і асяродка беларускай культуры Ян Хіліманюк прасіў пасла дапамагчы арганізаваць выстаўкі з Беларусі і беларускую экспазіцыю ў Музеі. Пасол Павел Латушка абяцаў дапамагчы ў навуковых матэрыялах, якія можна будзе здабыць у Беларусі. Будзе таксама хадайнічаць перад польскімі ўладамі аб фінансаванні дзейнасці музея. Госць прапанаваў арганізаваць у будынку музея Тыдзень беларускага кіно. Пасол падараваў музею „Новую зямлю” Якуба Коласа.