Ніва № 10 (2443), 9 сакавіка 2003 г.

Усе ведаем, як ёсць

Нядоўга цешыліся самаўрадавыя чыноўнікі сваёй беластоцкай сядзібай па вуліцы Легіяновай, у „блакітным хмарачосе”. Падляшская маршалкоўская ўправа пераселіцца на вул. Вышынскага, найпазней ад кастрычніка будучага года.

Такую заяву склаў у час прэс-канферэнцыі маршалак Януш Кшыжэўскі. Па вуліцы Вышынскага ПМУ мае будынак па былым Цэнтры чыгуначнага лячэбніцтва, у якім цяпер наймаюць памяшканні розныя фірмы, у асноўным медычныя. На думку маршалка (СЛД), узровень задавальнення будынкам па вул. Легіяновай — „сярэдні”. Належыць ён адной з беластоцкіх будаўнічых фірм і чыноўніцкія паверхі наняла папярэдняя самаўрадавая ўлада ваяводства (правая). Самі чыноўнікі наракаюць м.інш. на недахоп кандыцыянераў у пакоях, вечна нядзейныя ліфты. З ваяводскага бюджэту на часовае карыстанне памяшканнямі да сёння прызначана больш за 1 млн. зл. На дастасаванне будынка па вул. Вышынскага трэба будзе выкласці, паводле Януша Кшыжэўскага, каля 5-6 мільёнаў злотых.

Аднак канферэнцыя маршалка і віцэ-маршалка Кшыштафа Талвінскага ды члена ўправы Караля Тыленды была прысвечана ў асноўным праблемам службы аховы здароўя і планаваным зменам у ваяводскім кантракце, падпісаным з урадам правай управай папярэдняй кадэнцыі. На здзіўленне журналістаў, віцэ-маршалак Талвінскі (ПСЛ) напачатку не меў зашмат што сказаць, пэўна, таму, што не дайшло да пратэсту медсёстраў, які меў адбыцца пару дзесяткаў хвілін да сустрэчы. А тое ў сваю чаргу — за справай адклікання амаль у апошнюю хвіліну дырэктара ваяводскага шпіталя ў Беластоку Багдана Дзяткевіча, якому закідалася няўмеласць у гаспадаранні фінансамі, што давяло да шматмільённай запазычанасці бальніцы.

— Ведаем, як ёсць. Прашу пытанні, — сказаў віцэ-маршалак Талвінскі, пасля чаго ўсталявалася цішыня.

Пасля ён дадаў, што ўзрост задоўжанасці падляшскіх бальніц памаленьку тармозіцца, і што ваяводскі самаўрад шмат чакае ад узнікнення Нацыянальнага фонду аховы здароўя замест кас хворых.

— Хочам давесці да прынамсі прыстойнай задоўжанасці, якая набліжалася б да прыказкавага „нуля”.

З дапамогай прыйшоў яму маршалак Кшыжэўскі. Тут той кінуў фразу, якая прымушае задумацца над логікай:

— Ад мяшання гарбата не становіцца салодкай.

Дзіўнавата гэта, бо і ад самога насыпання цукру — таксама не.

Аднак ад гарбаты маршалак перайшоў да рэальнасці і сцвердзіў, што ў раддомах у нас зашмат шпітальных коек, а замалыя — аддзелы працяглага лекавання пажылых асоб, і што абавязкова трэба стварыць клініку, якая будзе займацца хворымі анарэксіяй. А ў агульным, аб развіцці асяродкаў аховы здароўя ў рэгіёне, на думку маршалка, трэба думаць наперад на 10-15 гадоў.

Члены ўправы заняліся таксама тэмай змены ваяводскага кантракта з урадам. Была выключана з рэалізацыі Праграма гаспадарчага развіцця агламерацыі Беласток, а затым з падрыхтоўкі яе канцэпцыі, у асноўным: падляшскага аэрадрома, Падляшскага цэнтра прамоцыі пры Беластоцкай політэхніцы (справа ў пабудове глядзельна-спартыўнай залы). На думку ўправы, зарана на апрацоўванне планаў пабудовы аэрадрома (бракуе іншых рэгуліровак і дамоваў, якія ў распараджэнні горада), у сваю чаргу Політэхніка не мае пакуль адпаведных уласных сродкаў на працягванне і завяршэнне праекта звязанага з пабудовай залы. Грошы, забяспечаныя ў кантракце на гэтую мэту, маюць быць накіраваны сёлета м.інш. на заканчэнне пачатых ужо і марудна рэалізаваных інвестыцый. Прапанова змен у гэтых пунктах кантракта выклікала ўжо пратэсты правых улад Беластока. Маршалак Кшыжэўскі адказаў на іх:

— Я б заахвочваў улады горада, каб канцэнтраваліся на стварэнні структурных перадакцэсійных праграм.

Пры нагодзе канферэнцыі, запытаны „Нівай”, выразна ашарашаны маршалак Кшыжэўскі прызнаўся, што засядае ў наглядальных радах дзвюх суполак: Гарадскога прадпрыемства цеплавой энергетыкі ў Сувалках і Мяснога прадпрыемства ў Беластоку. Згодна закону аб ваяводскім самаўрадзе, у трохмесячны тэрмін пасля абняцця пасады, павінен ён зрачыся членства ў наглядальных радах, паколькі нельга спалучаць членства ў іх з членствам у выканаўчых уладах самаўрада.

— Я б хацеў пачакаць да канца года, да таго, каб гэтыя суполкі склалі баланс, — тлумачыўся маршалак.

— А ці вы ведаеце, што праз тыдзень вы, згодна з законам, павінны зрачыся тых функцый? — не адставалі мы.

— Ну, розныя ёсць праўныя інтэрпрэтацыі ў гэтай справе, — бараніўся з палаючымі шчокамі маршалак Януш Кшыжэўскі.

Агулам, за членства ў наглядальных радах абедзвюх фірм маршалак браў 2,5 тыс. зл. у месяц. Пад уплывам нашага пытання 3 дні пасля прэс-канферэнцыі маршалак Кшыжэўскі зрокся сваіх функцый у наглядальных радах абедзвюх фірм.

(холм)