Ніва № 10 (2443), 9 сакавіка 2003 г.

Усё дарэмна?

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Апошняе пасяджэнне Парламенцкай асамблеі АБСЕ стала без перабольшання лёсавызначальным для Беларусі і асабліва для тых, хто лічыў сябе беларускім дэмакратам. 20 лютага адбылося палітычнае прызнанне Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь у гэтай структуры.

З пункту гледжання старонняга назіральніка нічога асабліва важнага нібыта не адбылося. ПА АБСЕ паступіла выключна згодна з палажэннямі свайго статута і механізмаў вырашэння працэдурных пытанняў. І ў той жа час, па словах Зянона Пазьняка, даўняга лідэра нацыянальнай апазіцыі, „увагнаны іржавы нож у плечы незалежнай Беларусі”.

Што ж такога ў прынятым рашэнні? На працягу апошніх шасці гадоў, калі пасля рэферэндуму 1996 года ў Беларусі быў пазбаўлены ўлады Вярхоўны Савет, апазіцыя адной з асноўных сваіх мэт паставіла недапушчальнасць прызнання штучна створанага на той час парламента — Палаты Прадстаўнікоў, якая ўявіла сабой ніжнюю палату двухпалатнага парламента — Нацыянальнага Сходу. Калі на працягу першых чатырох гадоў гэта рабіць было не так ужо складана, бо міжнародныя структуры прызнавалі за адзіны легітымны заканадаўчы орган Беларусі Вярхоўны Савет, то потым абставіны змяніліся. У 1999 годзе паўнамоцтвы гэтага самага Савета аказаліся вычарпанымі па часе. Выбары ў яго, вядома, ніхто не праводзіў, бо цяпер ролю парламента выконвала не абраная, але прызначаная Палата Прадстаўнікоў. У рэшце рэшт, АБСЕ і іншыя еўрапейскія структуры аказаліся перад дылемай — каго лічыць за сапраўдных прадстаўнікоў заканадаўчай улады Беларусі. Аж дагэтуль дылема заставалася невырашанай. У выніку месца Беларусі ў ПА АБСЕ было пустым, дзе красавалася шыльда „Беларусь — часовы статус”.

Аднак час ішоў і паўнамоцтвы прызначанай Палаты Прадстаўнікоў таксама аказаліся вычарпанымі па часе. У 2000 годзе згодна з прынятай новай рэдакцыяй Канстытуцыі прайшлі выбары ў новы склад парламента. Аб тым, што выбары былі недэмакратычнымі і мелі шэраг парушэнняў, якія сведчылі аб фальсіфікацыі, гаварылася шмат і, у тым ліку, вуснамі прадстаўнікоў АБСЕ.

Беларуская дэмакратычная апазіцыя падчас выбарчай кампаніі 2000 года ўсе свае намаганні прыклала менавіта для выяўлення і перадачы публічнасці фактаў парушэння выбарчага заканадаўства з адной толькі мэтай — каб з-за іх недэмакратычна абраны парламент, які яшчэ называюць „кішэнным” у сваёй краіне, не быў прадстаўлены ў міжнародных палітычных структурах. З гэтага выцякала і логіка байкоту самой апазіцыяй гэтых выбараў. У выніку сярод дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў няма апантаных апанентаў прэзідэнцкай уладзе. Для ўсіх іх цяпер недасяжныя метады парламенцкай барацьбы.

У той жа час для АБСЕ паступова пачала знікаць неабходнасць ідэйнай падтрымкі беларускай апазіцыі, а дакладней яе дэмакратычных намаганняў — апошняя захварэла на палітычнае сектанцтва і раздробленасць. За прызнанне ці непрызнанне Палаты з вуснаў апазіцыянераў гучалі супрацьлеглыя высновы.

Больш за два гады пасля абрання свайго новага складу Палата Прадстаўнікоў заставалася за межамі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ. Нават вынікі апошняга візіту яе сябраў не дадавалі надзеі на прызнанне, за тыя хібы ў палітычнай сітуацыі, што былі выяўленыя візіцёрамі. Аб гэтым пісалася ў мінулым нумары „Нівы”.

Аднак менавіта гэтыя людзі, а дакладней кіраўнік групы Ута Цапф, на пасяджэнні выказалася рашуча за прыняццё Палаты ў склад Парламенцкай Асамблеі. Матывацыяй сталася меркаванне аб неабходнасці існавання як мага большай колькасці кантактаў з Беларуссю дзеля яе дэмакратызацыі. Тым больш, што фармальнай забароны на сяброўства па статуце не існуе — беларускі ўрад прадстаўлены ў АБСЕ, краіна падпісала Хельсінскія пагадненні і Парыжскую хартыю.

Супраць прыняцця Палаты выказаліся ЗША і краіны былога сацыялістычнага лагера, але яны аказаліся ў меншай колькасці. Як падаюць прысутныя на пасяджэнні апазіцыянеры, погляды на беларускую праблему падзяліліся амаль як на іракскую, дзе яскрава вырысаваліся супрацьлеглыя пазіцыі ЗША і Францыі ды Германіі.

Але для беларускай апазіцыі, дакладней шэраговых яе прадстаўнікоў, такое вырашэнне працэдурнага пытання стала выбіваннем ідэйнага стрыжня ўсіх дзеянняў апошніх гадоў. Арганізацыі і людзі, што ставілі для сябе хоць за аддаленую, але стратэгічную мэту аднаўленне дзейнасці Канстытуцыі прынятай у 1994 годзе, без усялякіх наступных змен, пастаўлены перад фактам бясплённасці сваіх намаганняў. І зрабілі гэта тыя, да якіх беларускія дэмакраты пастаянна апелявалі — еўрапейскія арганізацыі.

Наўрад ці ў Беларусі знікне апазіцыя ўвогуле, бо гэта немагчыма з пункту гледжання дыялектыкі, але тое, што яна не будзе прамым ідэйным нашчадкам існаваўшай да 20 лютага 2003 года — гэта відавочна.